Ардэнаносцы. Гуцаў Анатолій Емяльянавіч // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2020. – С. 45 : фат. – (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).

ГУЦАЎ Анатолій Емяльянавіч (1935-1996). Нарадзіўся 31 студзеня 1935 года ў вёсцы Мільча Гомельскага раёна. З адзнакай закончыў школу, затым — Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Малады навуковец-аграном працаваў на Шэрашаўскай МТС, затым ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Пружанскага райвыканкама. Вучыўся ў аспірантуры, пісаў кандыдацкую дысертацыю. З 1958 па 1975 год працаваў старшынёй калгаса «Зара» Кобрынскага раёна (цяпер СВК «Узыходзячая зара»). За гады сваёй працы адсталую гаспадарку зрабіў перадавым сельгаспрадпрыемствам не толькі ў маштабах Кобрынскага раёна, але і Брэсцкай вобласці. Пісьменны, энергічны, мэтанакіраваны, адважны кіраўнік, ён не баяўся брацца за маштабныя задачы і даводзіў пачатую справу да канца, укараняў у практыку перадавыя ідэі і тэхналогіі, клапаціўся пра побыт і адпачынак калгаснікаў. А. Е. Гуцаў шмат зрабіў для сваёй гаспадаркі і яе работнікаў. Дзякуючы яго намаганням і ініцыятыве першай у Кобрынскім раёне была газіфікавана веска Хідры, пабудаваны свінагадоўчы комплекс, каўбасны цэх, наладжана вытворчасць будаўнічых матэрыялаў i г. д. У 1971 годзе ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.