Бензярук, Р. Зорка за працу. Валасюк Фёдар Канстанцінавіч / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук // Сорак дарог / Р. Бензярук. – Брэст, 2007. – С. 138-140.

ВАЛАСЮК Фёдар Канстанцінавіч

Нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Багуславічы (Залуззе)

Старшыня калгаса імя XXI з’езда КПСС, Герой Сацыялістычнай Працы

Увесну 1999 года, калі вось-вось павінна была пайсці ў друк жабінкаўская «Памяць» і яшчэ магчыма было ўнесці ў кнігу нейкія дапаўненні, я ўпершыню даведаўся пра тое, што з нашай Жабінкаўшчынай звязаны сямейнымі каранямі цікавы і заслужаны чалавек — Фёдар Канстанцінавіч Валасюк.

Адшукаўшы ягоны нумар, неадкладна патэлефанаваў у Пескі, што пад Кобрынам. Памятаю, што тэлефонны провад злучыў нас надзвычай хутка, але голас на другім канцы падаўся вельмі стомленым, хваравітым. Мабыць, таму і размова нашая доўжылася нейкія хвіліны.

— Шаноўньі Фёдар Канстанцінавіч, дык вы, аказваецца, наш зямляк. Нарадзіліся ў Залуззі…

— Я не з Залуззя,— запярзчыў суразмоўца.— Я — з Багуславічаў.

— Аднак у мяне тут у паперцы напісана…

— Не ведаю, што там у вас напісана, — яшчз больш катэгарычна адказаў Валасюк, напіраючы на слова «налісана»,— але я —з Багуславічаў і іншага імя не ведаю. Сваёй вёсачцы не здраджу.— Потым палагаднеў і спытаўся: — А з якой прычыны звоніце?.. Ці чуў пра кнігу «Памяць»? Чуў, вядома. Калі ў Жабінцы лічаць, шгго ў ёй нешта павінна быць і пра мяне — хай будзе. А сустрэцца не атрымаецца. Хварэю. Можа, калі пазней…

Было яшчэ некалькі пытанняў. Быццам папярэдне дамовіліся пры нагодзе сустрэцца, на чым і развіталіся. Аднак спаткацца не надарылася: праз год яго не стала.

А адзінае, што ў самы апошні момант я паспеў упісаць на старонкі «Памяці», быў радок: «У Багуславічах нарадзіўся (18.01.1921 г.) Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса імя XXI з’езда КПСС Ф. К. Валасюк».

Сёння, калі вядома трохі больш фактаў з ягонай біяграфіі, паспрабуем перадаць асноўныя моманты жыцця нашага вельмі паважанага і заслужанага земляка.

Пачынаў ён сваю працоўную дарогу восенню трыццаць дзевятага.

I была тая дарога чыгуначнаю: у васемнаццаць гадоў Фёдар Валасюк уладкаваўся на прыпынку Кантынава, недалёка ад роднага дома.

Аднак хутка пачалася вайна, і малады чыгуначнік стаў спачатку сувязным, а потым і партызанам атрада імя Фрунзе, які паспяхова дзейнічаў з лета 1943 года супраць акупантаў на памежжы Жабінкаўшчыны і Кобрыншчыны. Увесну 1944 года фрунзенцы перайшлі праз лінію фронту і злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. Імклівае наступленне савецкіх войскаў паспяхова вырашыла зыход аперацыі «Баграціён», у выніку якой была вызвалена ўся Беларусь.

Патрэбна было вяртацца да мірнага жыцця, але гэта было нялёгка ў краі, які столькі пакутаў вынес за гады ліхалецця. Мір яшчз трэба было ўтрымаць, а таму са снежня сорак чацвёртага Фёдар Канстанцінавіч стаў міліцыянерам у Кобрыне. Гэтай адказнай і вельмі небяспечнай працы ён аддаў амаль чатырнаццаць гадоў жыцця. Пакуль не знайшоў сябе ў хлебнай працы, стаўшы ў лістападзе 1958 года калгасным старшынёю.

Відаць, стаміўся ад чакання-сустрэчы з зямлёю Валасюк, таму на капітанскім мосціку калгаснага «карабля» пачаў працаваць апантана. Хутка ягоная гаспадарка стала лепшай не толькі ў раёне, не толькі ка Брзстчыне, а грудзі старшыні ўпрыгожылі першыя ўзнагароды.

Канечне, у той нашай колішняй бяседзе, неспадзявана кароткай, немагчыма было не запытацца:

— А за што вы атрымалі «Героя», Фёдар Канстанцінавіч?

I тут ён адказаў проста:

— За працу… Ды ўсё ў афіцыйных паперах напісана, пачытайце… Тады многім давалі. За працу…

У паперах, сапраўды, усё напісана. Але за сухімі радкамі пастаноў і рашэнняў амаль не чытаюцца тыя бяссоныя ночы і працавітыя цяжкія будні, якія падрыхтоўвалі тыя перамогі. Вынікам стаў Указ Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года, якім Фёдару Канстанцінавічу Валасюку «за дасягнутыя поспехі ў вобласці жывёлагадоўлі» было нададзена званне Героя Сацыялістычкай Працы з уручэннем ордзна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Былі таксама ў жыцці і іншыя адзнакі поспеху, аднак гэты дзень стаў вяршыняй, сапраўдным трыумфам. Але ці зрабіўся ганарлівым старшыня, атрымаўшы Залатую Зорку? А ён ужо сам адказаў:

— Тады многім давалі. За працу…

Тыя, хто ведаў і памятае гэтага чалавека, падкрэслівэлі ягоныя добразычлівасць да людзей і шчырую любоў да зямлі. А без гэтых якасцяў дабіцца нечага ў сельскай гаспадарцы бывае немагчыма…

Неўзабаве, пасля таго, як у студзені 2006 года амаль непрыкметна мінулі 85-ыя ўгодкі з дня нараджэння нашага паважанага земляка, я даведаўся ў Кобрыне, што родныя Валасюка жывуць і працуюць у Мінску. Хутка патэлефанаваў у сталіцу — ягонай дачцэ Галіне Фёдараўне. Гаварылі пра рознае, жанчына расхвалявалася, але абяцала неяк адшукаць час, каб узяцца за пяро і пакінуць на паперы невялічкія ўспаміны, прысвечаныя бацьку. Яна разумее, што ніхто лепш за родных не зможа выканаць гэты абавязак. На развітанне, запісваючы адрас, я запытаўся:

— А якое вашае прозвішча?

І атрымаўу адказ:

  • Вядома, Валасюк… Я бацькавай фаміліі не здраджу!

I гэтыя словы падаліся вельмі блізкімі на тыя, што некалі сам Фёдар Канстанцінавіч гаварыў пра паўзабытую назву свайго роднага сяла. Сёлета ўдзячныя нашчадкі, якія ніколі не забывалі пра жыццё і справы зорнага старшыні, у Песках, дзе ён столькі гадоў працаваў на зямлі і дзеля зямлі, уганаравалі ягонае імя, усталяваўшы мемарыяльную пліту. Людзі памятаюць, колькі сіл паклаў іх былы старшыня, каб багатым быў колас, каб духмяным стаў дажыначны каравай.