Бялоў, Д. На пярэднім краі / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. — 2009. – 29 ліпеня.

Пра Васіля Міхайлавіча Грыцука з в. Асаўцы, ветэрана Вялікай Айчыннай і першага старшыні калгаса «30 гадоў Кастрычніка».

На пярэднім краі

Калі мы запыталіся ў старшыні Астроміцкага сельвыканкама Сяргея Пушко пра ветэрана вайны і першага старшыню калгаса «30 гадоў Кастрычніка» Васіля Грыцука, ён усміхнуўся і прамовіў — о, гэта вельмі бадзёры дзед. Між тым не так даўно Васілю Міхайлавічу споўнілася 90 гадоў…

Сустрэча пераўзышла ўсе чаканні — мы засталі Васіля Грыцука за рамонтам мотаблока. На якім, да таго ж, ён пастаянна ездзіць па гаспадарчых патрэбах. А яшчэ разводзіць пчол, самастойна ўстанаўлівае пчаліныя пасткі і нават у сваім больш чым паважаным узросце часам лазіць па гэтых патрэбах на дрэвы. У чым жа сакрэт?

— Сакрэту тут няма ніякага, — добразычліва ўсміхнуўся Васіль Міхайлавіч. — Вось глядзіце — калі машына кожны дзень працуе, то яна і знаходзіцца ў рабочым стане. А калі пару гадоў прастаіць у гаражы, дык не тое што не паедзе, нават і не завядзецца. І так — усё жыццё ў працы.

Жыццё ў Васіля Грыцука, сапраўды, лёгкім не назавеш. У 20 гадоў яго прызвалі ў армію, трапіў у Ленінград — дзе служыў у 2-м пражэктарным палку, там і сустрэў вайну. І сёння ён памятае страшныя дні Ленінградскай блакады, бясконцыя паветраныя налёты, бамбёжкі… Здавалася б, аднаго гэтага хапіла б на ўсё жыццё.

Там, у Ленінградзе, упершыню атрымаў кантузію — зенітныя і пражэктарныя часці стваралі адзінае супрацьдзеянне нямецкай авіяцыі, і бамбілі іх страшна. Але на гэтым вайна для яго не скончылася — насупраць, усё толькі пачыналася…

— З Ленінграда нас вывезлі па «дарозе жыцця» —  праз Ладажскае возера, — успамінае Васіль Грыцук. — І адправілі на Калінінскі напрамак — адцягваць сілы гітлераўцаў ад Сталінграда. Так я апынуўся ў 72-м гвардзейскім стралковым палку…

Мабыць, цяжка знайсці такую ваенную спецыяльнасць, якую б не зведаў на вайне Васіль Грыцук. Пражэктарыст, сувязіст, аўтаматчык, кулямётчык, стралок супрацьтанкавага ружжа… Давялося служыць і ў танкавым дэсанце — біць ворага з брані «трыццаць чацвёрак» і самаходных артылерыйскіх установак.

У адным са шматлікіх баёў ён быў паранены — куля прашыла руку. І сёння левая рука працуе значна горш за правую.

Гэта — толькі адзін з мноства эпізодаў, калі салдат быў на валасок ад смерці. Яна хадзіла побач — але, на шчасце, так і не здолела зачапіць яго сваім халодным подыхам. У другі раз, калі ланцуг савецкіх аўтаматчыкаў, у ліку якіх быў і наш субяседнік, з-за недакладных даных разведкі літаральна «нос у нос» сутыкнуўся з нямецкім падраздзяленнем, Васіль Грыцук быў у ліку першых, хто не разгубіўся і адкрыў агонь. Тады яго група выйшла з бою пераможцай — а сам Васіль Міхайлавіч у хуткім часе атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

Потым быў Другі Беларускі фронт, Польшча, Германія… Наступленні і перамогі, вызваленні гарадоў і вёсак, і адчуванне такой блізкай і жаданай Перамогі. Памятае Васіль Грыцук і славутую сустрэчу на Эльбе з амерыканскімі і англійскімі салдатамі. Там, на далёкай нямецкай зямлі, ён і сустрэў Перамогу. За гады вайны да Чырвонай Зоркі дабавіліся ордэны Леніна, Айчыннай вайны першай і другой ступеней, шматлікія медалі… Літаральна ўсю вайну ён быў на перадавой.

А пасля вайны франтавіка ўпрыгожылі яшчэ два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга — Васіль Міхайлавіч удзельнічаў у стварэнні першага аб’яднанага калгаса імя Леніна. Так, волею лёсу ён і ў мірны час зноў апынуўся на пярэднім краі.

-Нялёгка было, што тут гаварыць, — успамінае Васіль Грыцук. — Уявіце сабе — калі я вярнуўся ў родную вёску, калгасаў тут яшчэ не было ўвогуле. Першы, «30 гадоў Кастрычніка», арганізоўвалі ў 1948 годзе, праз год яго далучылі да калгаса імя Леніна. А час, самі ведаеце, які быў — не за грошы, за працадні рабілі. Але рабілі ад душы. Галоўнае ў нашай справе што? Чалавека ў кожным бачыць  ды зямлю сваю любіць…

І зараз Васіль Міхайлавіч не можа глядзець спакойна, калі бачыць нядбайныя адносіны да зямлі. Вось яна – сапраўдная, прыроджаная гаспадарлівасць.

-Душа баліць часам, — дзеліцца ён сваімі думкамі, — асабліва калі да зямлі нядбайна ставяцца. Ці вось яшчэ на жыллёвае пытанне ў вёсках паглядзіце колькі новых дамоў будуецца… А літаральна праз сто метраў пустыя хаты стаяць! Дык што, не прасцей было б іх у добрыя рукі аддаць, адрамантаваць, да ладу давесці? І эканомія, і парадак, і людзям добра.

У гэтым ён увесь – нешматслоўны, працавіты, гаспадарлівы. А яшчэ добры сем’янін, са сваёй жонкай, Марыяй Аляксееўнай, жыве ўжо амаль 60 гадоў у вёсцы Асаўцы — там, дзе прайшло ўсё яго жыццё. Мае траіх дзяцей, чацвёра ўнукаў і тры праўнукі. І нават сёння, у свае 90 гадоў, кожны дзень з задавальненнем аддае працы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.