Дубіна, Л. Жыла жыццём завода / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. — 2015. — 15 жніўня. — С. 4.

Пра Ганну Мікалаеўну Шутро, былога дырэктара ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Жыла жыццём завода

У энцыклапедычнае выданне «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь», прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі, унесена імя жыхаркі нашага горада Ганны Шутро. Такое прызнанне жанчына атрымала за значныя дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Біяграфія Ганны Шутро на Кобрыншчыне пачалася ў 1978 годзе, калі яе — галоўнага інжынера Лёзненскага кансервава-агароднінасушыльнага камбіната — перавялі на пасаду дырэктара Кобрынскага кансервавага завода. На той час яна закончыла Маскоўскі ўсесаюзны інстытут харчовай прамысловасці i мела добрую практыку ў кансервавай галіне.

«Калі я прыйшла, заводу споўнілася 30 гадоў. За гэты тэрмін на прадпрыемстве неаднаразова змянялася кіраўніцтва, я была яго чатырнадцатым дырэктарам», — паглыбілася ва ўспаміны Ганна Мікалаеўна. Частыя змены на дырэктарскай пасадзе адбіліся на паказчыках завода, які на той час не выконваў планавых аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі.

Ужо праз год кіраўніцтва Ганны Шутро Кобрынскі кансервавы завод быў занесены на гарадскую Дошку гонару. Прадукцыю прадпрыемства ведалі не толькі ў рэспубліцы, але i ва ўсім Савецкім Саюзе. Завод стаў пастаянным уладальнікам пераходнага Чырвонага Сцяга, а пасля распаду Саюза — яго захавальнікам. У скарбонцы прадпрыемства — 36 грамат і дыпломаў, атрыманых у разнастайных спаборніцтвах.

Усе рэліквіі Кобрынскага кансервавага завода цяпер захоўваюцца ў ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава. Іх перадалі ў гарадскую скарбніцу, як толькі прадпрыемства прыпыніла сваю дзейнасць. Прызнанне завода банкрутам для Ганны Мікалаеўны было балючым. Ідучы на заслужаны адпачынак, яна і падумаць не магла аб такім зыходзе падзей.

Любімаму заводу Ганна Шутро прысвяціла 22 гады. Нават у невялікі тэрмін, калі была ўпаўнаважанай Брэсцкага абласнога філіяла Беларускага рэспубліканскага аддзялення пенсіённага фонду СССР па Кобрынскім раёне

і дырэктарам малога прадпрыемства «Аніта», працягвала жыць яго жыццём.

Адданасць і шчырасць у працы Ганны Шутро былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх — сярэбраны медаль ВДНГ СССР і ордэн Дружбы народаў, ёй было прысвоена званне «Заслужаны работнік прамысловасці». Нялёгкую працу кіраўніка жанчына ўвесь час спалучала з грамадскай дзейнасцю. Нават зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Ганна Мікалаеўна з’яўляецца членам прэзідыума Кобрынскага раённага савета ветэранаў і старшынёй савета ветэранаў ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Тэмп жыцця Ганны Шутро па-ранейшаму актыўны. На пенсіі яна знайшла сабе новае захапленне — стала дасведчаным кветкаводам. Разам з мужам Іванам з задавальненнем праводзіць час з унукамі і праўнукамі. У нашай размове субяседніца заўважыла, што любіць людзей-энтузіястаў. Гэта і не дзіўна, усё сваё жыццё яна «гарэла» сама і «запальвала» іншых.

Людміла ДУБІНА.