Дубіна, Л. Жыццё прайшло ў празмернай хуткасці / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. — 2017. — 29 ліпеня.

Высокія ўзнагароды, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За доблесную працу», знак «Заслужаны калгаснік», — заканамерная ўдзячнасць грамадства Паўла Антонавіча Алексіевіча.

Жыццё прайшло ў празмернай хуткасці

Шчасце перапаўняла Паўла Антонавіча і ў час нашай размовы, яно адчувалася ў яго рухах, бляску ў вачах і той удзячнасці, якую ён, можа, непрыкметна і для самога сябе, выказвае лёсу, але якая заўважаецца ў яго пазітыўным стаўленні да жыцця.

Дзяцінства нашага героя прайшло ў вёсцы Альхоўка. Там, на ўлонні прыроды, песціў маленькі Павел сваю мару — стаць вадзіцелем. I хоць жывога прыкладу прадстаўніка гэтай цікавай прафесіі перад хлопчыкам не было, ён цвёрда верыў: яго мара здзейсніцца.

Мроіў Павел пра вадзіцельскую прафесію і тады, калі ў гады вайны хаваўся ад немцаў са сваімі блізкімі ў лесе. Хвіліны, калі дзіцячае сэрца, здавалася, разарвецца ад невядомасці і страху, запомніліся яму і вялікай прагай да жыцця.

Вайна для Паўла Алексіевіча адзначылася цяжкай стратай — яго старэйшы брат Фёдар загінуў на фронце, аб чым ёсць звесткі і ў КобрынскІм ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава, а Уладзімір вярнуўся дадому інвалідам.

Мара здзейснілася ў 1951 годзе ў Маскве, калі салдат тэрміновай службы Павел Алексіевіч атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Як высветлілася, імпэт хлопца ў яго жаданні стаць вадзіцелем, а яшчэ працавітасць, якую ён атрымаў у спадчыну ад сваіх руплівых бацькоў, не за- сталіся паза ўвагай кіраўніцтва ваеннай часці ў Новачаркаску, дзе Павел праходзіў службу, і яго накіравалі ў сталіцу.

“Маскоўскі” перыяд для нашага героя — асаблівая частка жыцця. Акрамя незабыўных уражанняў ездзіць за рулём самазвала, Павел адчуў сябё стваральнікам гісторыі, бо ўдзельнічаў у будаўніцтве ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

— 3 таго часу я руля не пакідаў, — з заўважным хваляваннем адзначае Павел Алексіевіч.

Яго вадзіцельскі стаж вызначаецца звыш 40 гадамі працы ў калгасе імя Чкалава. За гэты перыяд гаспадарка разжылася ад адной машыны з драўлянай кабінай, на якой і пачынаў свой працоўны шлях Павел Алексіевіч, стаўшы ў вёсцы першым вадзіцелем, да вялікай колькасці транспарту. У сваім жыцці яму даводзілася ездзіць на розных машынах, але да кожнай з іх ён ставіўся як да жывога арганізма, тонка адчуваючы тэхніку, а таму высокія ўзнагароды, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль “За доблесную працу”, знак “Заслужаны калгаснік”, — заканамерная ўдзячнасць грамадства свайму годнаму грамадзяніну.

Склалася ў Паўла Алексіевіча і асабістае шчасце. 3 жонкай Нінай Фёдараўнай яны ўжо разам амаль шэсцьдзясят пяць гадоў, выгадавалі дачок — Веру і Яўгенію, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў.

У сваім паважаным узросце ён ні на што не скардзіцца. Хіба толькі заўважае, што жыццё за рулём праляцела ў празмернай хуткасці.

Людміла ДУБІНА.