Дубінка, М. «Быць гаспадаром на зямлі» / Міхаіл Дубінка ; [гутарыў] І. Дабрагост // Камуністычная праца. – 1987. – 25 ліпеня.

Гутарка з Героем Сацыялістычнай Працы М. К. Дубінкай.

Міхаіл Дубінка: «БЫЦЬ ГАСПАДАРОМ НА ЗЯМЛІ»

Калектыў першага вытворчага ўчастка калгаса «Зара». якім вось ужо 27 гадоў кіруе Герой Сацыялістычнай Працы, член бюро гаркома КПБ М. К. Дубінка, у любы год атрымлівае высокія ўраджаі збожжавых, прапашных і кармавых культур. Летась, напрыклад, хлебаробы сабралі па 38,7 цэнтнера збожжа, у тым ліку 42 — жыта, 41 — ячменю, звыш 36 — аўса, накапалі 259 цэнтнераў бульбы, столькі ж цукровых буракоў і 727 цэнтнераў кармавых карняплодаў з кожнага гектара. У чым сакрэт высокіх ураджаяў? Аб гэтым наша гутарка з Міхаілам Калістратавічам.

— Скажу адразу: увесь сакрэт заключаецца ў адносінах людзей да зямлі, гаспадарскім яе выкарыстанні. За доўгі час работы брыгадзірам добра ведаю магчымасці кожнага поля, дзе якую культуру лепш пасеяць каб атрымаць больш высокі ўраджай. Гэта, так сказаць, першы аспект. Другі — мы стараемся павысіць натуральную ўрадлівасць глебы.

У гаспадарчым абароце маем 680 гектараў ворнай зямлі, якая ацэньваецца ўсяго 36 баламі. Пагэтаму, каб атрымаць з кожнага бала 100-120 кілаграмаў збожжа, нашы механізатары штогод ўносяць 35-40 тон высокаякаснай арганікі на спектар у спалучэнні з мінеральнымі тукамі, што дазваляе папоўніць дэфіцыт гумусу ў глебе.

I яшчэ. Лёс ураджаю знаходзіцца ў руках механізатараў, гэта агульнавядома. У нас шмат вопытных, працавітых трактарыстаў. Гэта кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Іван Мікіцюк; трактарыст і камбайнер Павел Вакуліч, Іван Рагачук, Міхаіл Грыцук, Іван Калядзінскі і многія іншыя. Даручыўшы ім тую ці іншую работу, можна быць упэўненым, што выканаюць яе ў тэрмін, якасна. I правяраць не трэба.

— Але ж, згадзіцеся, для таго, каб здольнасці, стараннасць людзей давалі добры плён, не прападалі дарэмна, іх работа павінна быць як належыць арганізавана…

1 студзеня бягучага года наш участак, як і іншыя вытворчыя падраздзяленні гаспадаркі, пераведзены на поўны гаспадарчы разлік з чэкавай сістэмай кантролю затрат. Прымяненне новай формы арганізацыі работ, брыгаднага падраду значна павысілі працоўную дысцыпліну, адказнасць кожнага працаўніка за даручаную справу. Цяпер і механізатар, i палявод думаюць, як хутчэй, лепш, пры меншых затратах выканаць даручаную работу. Гаспадарчы разлік даў больш самастойнасці кожнаму, прымушае не толькі кіраўніка, але і радавога працоўніка лічыць, лепш гаспадарыць на зямлі. Вось і сёлета запланаваны на першае паўгоддзе аб’ём работ нашы механізатары і паляводы выканалі паспяхова.

—Дакладная арганізацыя працы вопытных кваліфікаваных работнікаў, напэўна, дае магчымасць ставіць перад калектывам значныя заданы і паспяхова ажыццяўляць іх?

— Мы абавязаліся ўжо сёлета атрымаць 40 цэнтнераў збожжа з гектара. Цяпер пачалося жніво, намалочаны першыя дзесяткі тон зерня. 3 поўнай падставай магу сказаць, што вызначанага рубяжа дасягнем. Пачалі капаць раннюю бульбу. Усяго над ёю ў нас занята 50 гектараў, і таксама ўрадзіла нядрэнна.

— Вы пастаянна, мэтанакіравана працуеце над павышэннем урадлівасці гектара. Якія рэзервы, на ваш погляд, належыць прывесці ў дзеянне для таго, каб гэта работа ішла яшчэ больш паспяхова?

На мой погляд па ранейшаму адным з самых набалелых пытанняў з’яўляецца нізкі ўзровень планавання. Спецыялісты РАПА ўсё яшчэ настойліва раяць нам, што і дзе сеяць, калі ўбіраць, як выконваць тую ці іншую тэхналагічную аперацыю. А даўно настала пара вызначыць заданні на пастаўку той ці іншай прадукцыі, а вось як выканаць іх, атрымаць ад зямлі найбольшую аддачу наша справа. Інакш якія ж мы гаспадары на зямлі, калі будзем працаваць толькі па ўказцы.

Інтэрв’ю правёў І. Дабрагост.