Дубінка, М. К. Шчодрая ніва брыгады / Міхаіл Калістратавіч Дубінка ; гутарыла М. Хільчук // Камуністычная праца. – 1981. – 10 кастрычніка.

Інтэрв’ю з Героем Сацыялістычнай Працы Міхаілам Калістратавічам Дубінкай.

ШЧОДРАЯ НІВА БРЫГАДЫ

— Дзе сёння можна знайсці брыгадзіра першай комплекснай брыгады Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Калістратавіча Дубінку?

— У полі. Ba ўрочышчы «Ялкасосна»,— коратка адказалі ў праўленні калгаса «Зара».

I вось мы ва ўрочышчы. Дакладней, на тым месцы, дзе было яно калісьці. Цяпер на месцы балота акуратныя клеткі палёў, абрамленыя роўнымі стужкамі асушальных каналаў. На адной з клетак, засаджанай цукровымі буракамі, дзе снавалі буракаўборачныя камбайны, машыны, трактары, а ля вялікіх кагатаў буракоў калгасніцы чысцілі карэнне, загружалі машыны, прычэпы, быў i М. К. ДУБІНКА.

— Міхaіл Калістратавіч, з чым сустракае свята калектыў брыгады? — такім пытаннем пачалося інтэрв’ю ў полі.

— З добрымі працоўнымі справамі, а значыць і з добрым настроем, Сёлета ў брыгадзе на ўсіх 50 гектарах вырасцілі ў сярэднім па 303 цэнтнеры бульбы на кожным. 800 тон брыгада предала дзяржаве. Сабралі па 570-600 цэнтнераў кармавых буракоў, якіх садзілі 10 гектараў. Цяпер вось прыступілі да ўборкі цукровых буракоў. Іx пасеялі 30 гектараў, у тым ліку тут, у «Ялкасосне», — 12. 3 кожнага збіраем па 300 цэнтнераў. Нам трэба прадаць дзяржаве 700 тон салодкіх карэнняў. 3 заданнем справімся. Людзі працуюць старанна i на ўборцы, i на адвозцы. Вадзіцелі аўтамашын робяць па тры рэйсы на Жабінкаўскі цукровы завод, трактарысты — па два. Толькі за два дні, 8 i 9 кастрычніка, адвезлі звыш 60 тон буракоў. Перааралі бульбянішчы, узаралі зябліва. У аптымальныя тэрміны пасеялі 200 гектараў азімых: 140 — на зерне i 60 — на зялёны корм. Пасевы добрыя.

— У народзе кажуць: «Ураджай убірай i пра будучы дбай». Што эроблена для будучага ўраджаю?

— У брыгадзе ідзе ачыстка насення для веснавой сяўбы, дыскаванне глебы, нарыхтоўка і ўнясенне ўгнаенняў. Нам на будучы год пад бульбу i цукровыя буракі трэба ўнесці 2000 тон арганікі. Выкарыстоўваем цяпер для закладкі кампостаў любую магчымасць.

Сёлета ў брыгадзе сабралі збожжавых 25,6 цэнтнера з гектара. Малавата. У многім надвор’е падвяло. Цяпер клопат усіх хлебаробаў і механізатараў аб тым, каб у другім годзе адзінаццатай пяцігодкі зноў выйсці на нашы ранейшыя рубяжы, калі мы атрымлівалі па 40—43 цэнтнеры з гектара.

— Miхaіл Калістратавіч, у брыгадзе ёсць i жывёла. Трэба ж i аб ёй паклапаціцца.

— Маем 380 галоў буйной рагатай жывёлы. Паклапаціліся i аб ёй. На зіму нарыхтавалі 150 тон сена, 1160 тон сіласу, 960 тон сенажу. А калі дадаць сюды кармавыя буракі, бульбу, то можна ўпэўнена сказаць, што зімоўка для грамадскай жывёлы будзе сытнай.

— Усе гэтыя тоны, цэнтнеры вырашчаны і сабраны членамі брыгады. Каго Вы можаце назваць у ліку самых старанных. працавітых, дбайных?

— Такіх людзей у нашай брыгадзе шмат, усіх не пералічыш. Назаву тых, хто сёння працуе на гэтым полі. Напрыклад, палявод пенсіянерка Вольга Аляксандраўна Вашчук. Яна здала ўжо 20 тон кармавых буракоў i 15 тон цукровых. 42 тоны кармавых i 16 тон цукровых здала Настасся Фёдараўна Бондар. Не шкадуючы сіл, працуюць на буракаўборачным камбайне трактарыст Аляксандр Сцяпанавіч Кірыеўскі, яго калега па рабоце Міхаіл Паўлавіч Юшчук, які адвозіць карэнні ад камбайна, і многія іншыя члены брыгады. Менавіта дзякуючы старанню і сумленню нашых людзей кожны год такая шчодрая на ўраджаі ніва брыгады.

Інтэрв’ю ўзяла М. ХІЛЬЧУК.