Кветкі для героя // Кобрынскі веснік. – 2005. – 12 сакавіка. – С. 2.

Старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў віншавалі Героя Сацыялістычнай Працы Т. А. Сакалюк са святам.

Кветкі для героя

Нечаканыя, але жаданыя госці завіталі напярэдадні Дня жанчын у двор жыхаркі в. Хідры Таццяны Антонаўны Сакалюк. Тры старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Кожух, райкома прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук і прафсаюзнай арганізацыі СВК «Узыходзячая зара» Віталь Дубінка — прыйшлі з вельмі прыемнай нагоды: павіншаваць Героя Сацыялістычнай Працы са святам, уручыць кветкі і падарункі. I пажадаць добрага здароўя, выказаць словы ўдзячнасці за вялікі працоўны подзвіг, надзею, што жыццё гэтай сціплай жанчыны будзе яшчэ доўга служыць прыкладам адданасці Радзіме, абранай справе, людзям.