Мельнік, Р. Вернасць роднаму калектыву / Раман Мельнiк // Кобрынскі веснік. — 2011. — 1 кастрычніка. — С. 4.

Аб ветэране працы Кобрынскага кансервавага завода Ганне Мікалаеўне Шутро.

ВЕРНАСЦЬ РОДНАМУ КАЛЕКТЫВУ

Больш за дваццаць гадоў працы ў ААТ «Кобрынскі кансервавы завод» для яго былога дырэктара Ганны Шутро праляцелі, як адно імгненне. У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя завод славіўся сваёй прадукцыяй не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэспубліках СССР. Цяпер Ганна Мікалаеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і да гэтай пары не губляе цеснага кантакту з родным прадпрыемствам. Вось ужо дзевяць гадоў запар яна ўзначальвае пярвічную ветеранскую арганізацыю завода. У «пярвічцы» 155 членаў, частка з якіх працуе на вытворчасці.

Рэгулярна ў тандэме з кіраўніком завода Рыгорам Тарасюком, спецыялістам па кадрах, адказным за ідэалагічную работу Нінай Мацкевіч

і старшынёй прафсаюзнага камітэта Любоўю Тарасюк Ганна Мікалаеўна вырашае шырокі спектр пытанняў у грамадскай рабоце. Ніводны ветэран працы не застаецца без увагі. Рэгулярна праводзяцца святочныя сустрэчы для пажылых людзей. Як сведчыць Ганна Шутро, нярэдка аказваецца дапамога пенсіянерам і ў сацыяльна-бытавых пытаннях — у нарыхтоўцы агародніны і паліва на зіму. Адметна, што адміністрацыя прадпрыемства яшчэ нікому і ніколі ў гэтым не адмовіла.

У сваю чаргу актывісты ветэранскага руху вельмі ўдзячныя адміністрацыі кансервавага завода за такі клопат. Яны да гэтай пары жыва цікавяцца станам спраў на прадпрыемстве, удзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах, шчыра жадаюць, каб вытворчасць дынамічна развівалася.

Раман МЕЛЬНІК.