У в. Хідры прайшоў міжнародны турнір па міні-футболу, які прысвячаўся памяці былога старшыні калгаса «Зара» А. Гуцава.
Добрае імя не забываецца
У мінулую суботу на базе спарткомплексу в. Хідры па кругавой сістэме праводзіўся міжнародны турнір па міні-футболу сярод ветэранаў гэтага віду спорту, які прысвячаўся памяці былога старшыні калгаса «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара») Анатолія Гуцава.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў узялі слова сябры і таварышы Анатолія Емяльянавіча — былыя старшыні гаспадарак Іван Дземянчук, Павел Крусь, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, старшыня раённага грамадскага аб’яднання інвалідаў Мікалай Грыневіч.
Пачынаючы з 1959-га і на працягу наступных шаснаццаці гадоў Анатолій Гуцаў шмат зрабіў для сваей гаспадаркі і яе работнікаў. Дзякуючы яго намаганням і ініцыятыве першай у Кобрынскім раёне была газіфікавана веска Хідры. У гэты час тут былі пабудаваны свінагадоўчы комплекс, каўбасны цэх, наладжана вытворчасць будаўнічых матэрыялаў i г. д. Работу Анатолія Емяльянавіча, яго асабістыя маральныя якасці памятаюць і сёння.
Акрамя каманды Кобрынскага раёна, у турніры прынялі ўдзел футбалісты з Украіны (с. Самары i г. Турыйска). Кожны матч быў складаным, але захапляючым. Асабліва запомніўся фінал, у якім сустрэліся кабрынчане і каманда с. Самары. Спачатку мясцовыя спартсмены прайгравалі, але ў выніку сабраліся з сіламі і перамаглі. У нашай камандзе актыўную, эфектную гульню прадэманстравалі варатары Іван Магдысюк і Аляксандр Курлюк, абаронцы Аляксандр Куцэвіч і Віталій Гурыч, Яўген Ратайка. Большасць галоў у вароты сапернікаў забіў Аляксандр Кулічык.
Другое месца ў каманды с. Самары, трэцяе — г. Турыйска. Пераможцы атрымлі каштоўны падарунак і дыплом, а прызёры — граматы адпаведных ступеняў.
Футбалісты ўдзячны партнёрам і спонсарам турніру, якія падтрымалі арганізацыю сустрэчы, — райкому прафсаюза работнікаў АПК, прафкому СВК «Пакроўскі», дырэктару ПМК-52 Анатолію Ячніку, прадпрымальнікам Аляксандру Пацеюку, Аляксандру Булаху, Віктару Салаўю і іншым.
Плануецца аналагічны турнір правесці і ў наступным годзе, а потым, магчыма, ён стане традыцыйным.
Раман МЕЛЬНІК