Мельнік, Р. Добрыя справы не забываюцца / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2013. – 6 сакавіка. – С. 2.

У гарадскім Палацы культуры ўпершыню адбыўся ўрачысты прыём заслужаных людзей Кобрыншчыны, узнагароджаных працоўнымі ордэнамі і медалямі, у ліку якіх Г. М. Шутро.

Добрыя справы не забываюцца

У мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры ўпершыню адбыўся ўрачысты прыём заслужаных людзей Кобрыншчыны, узнагароджаных працоўнымі ордэнамі і медалямі, у старшыні райвыканкама. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў прэзідыум раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы.

Яшчэ да пачатку ўрачыстасцей у фае Палаца культуры разгарнулася тэматычная выстава «Этапы вялікага шляху», падрыхтаваная супрацоўнікамі ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава. Тут былі прадстаўлены ўнікальныя фотаматэрыялы і дакументы, якія красамоўна адлюстроўвалі пасляваенны час аднаўлення і ўздыму прамысловасці і сельскай гаспадаркі Кобрыншчыны.

Ветэраны з хваляваннем узгадвалі мінулае. Было аб чым пагутарыць і што ўспомніць у мінулым першаму сакратару гаркама КПБ Мікалаю Крывецкаму, старшыні райвыканкама Івану Венцэлю і старшыні гарвыканкама Аляксею Алехніку, іншым кіраўнікам, хто ў розныя часы працаваў у раёне. Радаснай была і сустрэча двух сяброў — кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга Дзмітрыя Дземідзюка і Уладзіміра Самасюка, які ўдастоены ордэна «Знак Пашаны». Яны працавалі разам у гаспадарцы «21-ы з’езд КПСС» (цяпер — СВК «Вербнае») трактарыстамі-машыністамі. Са сваім мужам, вернымі сябрамі і калегамі прысутнічала на сустрэчы былы дырэктар кансервавага завода, заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь Ганна Шутро, якая ўзнагароджана ордэнам Дружбы Народаў, працоўнымі медалямі. Усяго ў сустрэчы прынялі ўдзел 285 гасцей.

Прысутных вітаў старшыня райвыканкама Мікалай Кенда. Мікалай Аляксеевіч дэталёва праінфармаваў аб дасягненнях народнагаспадарчага комплексу: пазітыўных тэндэнцыях у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, бізнесе. Усе гэтыя поспехі, несумненна, мацаваліся працоўнымі намаганнямі, якія былі закладзены ў падмурак сучаснасці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Заслужаныя людзі Кобрыншчыны заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі выканаўчай улады і раённага аб’яднання ветэранаў. Многія з іх і да гэтай пары не губляюць сувязі з роднымі прадпрыемствамі і ўстановамі, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. іх вопыт, прафесіяналізм, высокая культура і вернасць традыцыям, адзначыў Мікалай Аляксеевіч, з’яўляюцца прыкладам для нашчадкаў. Каб з’яўляліся новыя слаўныя імёны, кшталту Герояў Сацыялістычнай Працы Фёдара Валасюка, Таццяны Сакалюк, Міхаіла Дубінкі і інш. Старшыня райвыканкама ад усяго сэрца падзякаваў самаадданым працаўнікам за іх працу, пажадаў моцнага здароўя і бадзёрасці духу.

Далучыліся да гэтых слоў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Якаўчук, намеснік галоўнага ўрача Кобрынскай ЦРБ па паліклінічным абслугоўванні Васілій Валасевіч.

Цудоўны канцэрт шаноўным гасцям падаравалі самадзёйныя артысты і калектывы Кобрыншчыны. Заслужаным людзям ад імя райвыканкама і раённага аб’яднання ветэранаў былі ўручаны памятныя падарункі і кветкі.

Раман МЕЛЬНІК.