Мельнік, Р. Яркая падзея мінулай эпохі / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2011. – 5 лістапада. – С. 1, 3.

Уладальнік ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга за добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы, былы механізатар Павел Гук адзначыў семдзесят шосты дзень нараджэння.

Яркая падзея мінулай эпохі

Уладальнік ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікіх Ганаровых грамат і падзяк за добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы, былы механізатар Павел Гук нядаўна адзначыў семдзесят шосты дзень нараджэння. Жыве ў сваёй сціплай сялянскай хаце ў в. Батчы, вядзе гаспадарку, завіхаецца на прысядзібным участку. На заслужаным адпачынку ёсць час азірнуцца назад, узгадаць мінулае.

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя і яе спадчына істотна паўплывалі на яго лёс. Як сцвярджае Павел Гаўрыілавіч, прыход да ўлады бальшавікоў, стварэнне Камуністычнай партыі кардынальным чынам змянілі да лепшага жыццё , сталі якасна новым этапам у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства. Вось што расказаў наш сённяшні субяседнік:

— Яшчэ мой бацька Гаўрыіл Лявонцьевіч расказваў, як разам з сям’ёй паехаў з роднай вёскі Батчы шукаць лепшай долі ў Самару (Расія). Як вядома, да 1939 года Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, і многія людзі ўжо страчвалі веру ў годную будучыню. Савецкая ўлада прадаставіла народу іншую альтэрнатыву — забяспечыла дарослых працай, а дзяцей і моладзь — бясплатнай адукацыяй. Пайшоў працэс стварэння калгасаў, развіцця прамысловасці. Паднімаўся ўзровень жыцця простых людзей.

Добра памятаю, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Савецкі народ выстаяў і перамог захопнікаў. Вызваленай зямлі патрабаваліся рабочыя рукі і адукаваныя кадры.

Пасля вайны я паспяхова закончыў Батчынскую школу, курсы трактарыстаў у Маларыце. Па размеркаванні працаваў у калгасе імя Сталіна механізатарам, потым — у Кобрынскай сельгастэхніцы. Большасць свайго жыцця прысвяціў працы ў калгасе «Запаветы Ільіча» (цяпер СВК «Батчы»). Сорак тры гады верай i праўдай служыў механізацыі. Здолеў працаваць на любым трактары гаспадаркі. І з задавальненнем перадаваў вопыт і веды маладым, за што неаднаразова ўзнагароджваўся.

Камуністычная партыя ў мяне асабіста асацыіруецца перш за ўсё з дысцыплінай, справядлівай аплатай працы. Чалавек заўсёды ведаў, што яго намаганні абавязкова будуць за ўважаны і заахвочаны. П’янкі ці прагулы ў нашым калгасе былі вельмі рэдкай з’явай. А мая прафесія заўсёды была ў пашане. За кошт гаспадаркі пабываў у экскурсійных турах па Каўказу, Прыбалтыцы, найпрыгажэйшых гарадах Расіі.

Хочацца, каб маладое пакаленне беларусаў узяло самае лепшае ад традыцый мінулага, прымнажала атрыманую спадчыну.

Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.