Мельнік, Р. Ісці насустрач былым калегам / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2006. – 22 лістапада.

З 2000 года Г. Шутро выконвае абавязкі старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Кансервавы завод».

Ісці насустрач былым калегам

Яны ўваходзілі ў дзверы кабінета аддзела кадраў ААТ «Кансервавы завод» быццам бы ўпершыню — нетаропка і нерашуча. А віталіся, як родныя людзі, — з усмешкамі, з сапраўднай радасцю, у вачах блішчэлі агеньчыкі энергіі і бадзёрасці. Зусім як у часы сваёй маладосці… Іх статус вельмі ганаровы — ветераны працы. Нядаўна адбылася чарговая сяброўская сустрэча сумленных, шаноўных і старанных людзей, якія лепшыя гады свайго жыцця аддалі заводу.

За паказчыкі па выніках пяцігодак прадпрыемства было вядомым у маштабах савецкай дзяржавы. I менавіта за гэтыя дасягненні былы дырэктар Ганна Шутро ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў, а пазней стала заслужаным работнікам прамысловасці Беларусі. Актыўная і ўважлівая жанчына з 2000 года выконвае абавязкі старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Кансервавы завод». Яна аб’яднала ўсіх ветэранаў працы на прадпрыемстве, з якіх 170-пенсіянеры, а 30 яшчэ працуюць. І мэта ў Ганны Мікалаеўны вельмі высакародная — збірацца, каб было лягчэй разам вырашаць сацыяльныя пытанні, святкаваць сяброўскім калектывам юбілеі, арганізоўваць «агеньчыкі».

У цесным кантакце Ганна Шутро супрацоўнічае ca старшынёй прафкома завода Любоўю Тарасюк, у якой агульны працоўны стаж на прадпрыемстве 28 гадоў. Яна прыйшла ў той жа год маладым спецыялістам, калі Ганна Мікалаеўна была назначена на пасаду дырэктара. Таксама дапамагае ветэранам і інжынер па кадрах Ніна Мацкевіч, якая ведае і памятае кожнага супрацоўніка не толькі ў твар, але і па імёнах.

Шмат гадоў з задавальненнем рабіла смачныя і карысныя кансервы Марыя Селех. Яе ўзнагароды гавораць самі за сябе — медаль «За працоўную доблесць» і бронзавы медаль ВДНГ, «Хочацца, каб наша прадпрыемства працавала з прыбыткам, функцыяніравала рытмічна», — гаворыць Марыя Іванаўна.

Рэгулярна цікавіцца падзеямі на заводзе і адна з самых вопытных работнікаў — пенсіянерка Любоў Іванаўна Сцепанюк, працоўны стаж якой складае 34 гады. У яе актыве — ордэны Працоўнай Славы другой і трэцяй ступеней, ордэн Дружбы народаў. Уладзімір Максімавіч Сяргута аддаў свайму прадпрыемству 42 гады. Ён узнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі, у тым ліку і ад Вярхоўнага Савета БССР.

У час сустрэчы ветэраны каштавалі прадукцыю свайго завода і ўспаміналі шмат цікавых момантаў з мінулага. Яны вельмі ўдзячны Ганне Шутро за яе стараннасць і дабрыню, за жаданне ісці насустрач былым калегам.

Раман МЕЛЬНІК