Мельнiк, Р. З паркам назаўжды / Раман Мельнік // Кобрынскi веснiк. — 2011. — 7 мая. — C. 4.

Важны ўклад у росквіт кобрынскага парку зрабіла былы яго дырэктар заслужаны работнік культуры БССР Н. Р. Дземянчук.

З паркам назаўжды

Парк імя Суворава — жамчужына Кобрына, культурна-гістарычная спадчына не толькі Брэстчыны, але і ўсёй краіны. Свежае паветра, разнастайная флора і фаўна, шырокі спектр атракцыёнаў, сажалка з катамаранамі, антычная ратонда… Гэтыя і многія іншыя элементы вабяць кабрынчан і гасцей горада, даюць магчымасць забыць пра турботы, весела і з карысцю правесці вольны час.

Важкі уклад у росквіт парку зрабіла былы яго дырэктар заслужены работнік культуры БССР Надзея Рыгораўна Дземянчук. Дзесяць гадоў таму гэтай жанчыны не стала. Але памяць аб яе справах жыве ў сэрцах родных, блізкіх, калег, былых кіраўнікоў.

Нарадзілася яна ў звычайнай сялянскай сям’і ў в. Песценькі. З ранняга дзяцінства дзяўчынку вабіла літаратура. Прыгоды, падарожжы, захапляючыя баталіі, гісторыя… Магчыма, менавіта такія творы і паўплывалі на яе кругагляд, нарадзілі ў сэрцы веру ў дабро, справядлівасць, адкрылі адзін з самых галоўных чалавечых талентаў — плённа і творча працаваць. Адразу пасля заканчэння школы Надзея ўладкавалася на работу ў Хадыніцкую сельскую бібліятэку. Потым была назначана на пасаду загадчыцы чытальнай залы раённай бібліятэкі, затым узначальвала дзіцячую бібліятэку, дзе і працавала да 1977 года. Закончыла Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча і бібліяграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (цяпер гэты факультэт існуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры — Р.М.).

З успамінаў Святланы Аблог – дачкі Надзеі Дземянчук:

— Работа з людзьмі ёй вельмі падабалася. Маці заўсёды імкнулася максімальна поўна і дакладна задаволіць патрэбы чытачоў. Калі я вучылася ў школе, пасля ўрокаў спяшалася ў бібліятэку, узяць любімыя кнігі, паглыбіцца ў чытанне. Часта з матуляй мы абмяркоўвалі тое ці іншае апавяданне. Шматлікія аматары чытання ва ўсім горадзе добра ведалі маці. Памятаю, як я яшчэ зусім дзяўчынкай сабрала ўсіх сваіх суседскіх рабят з вул. Матросава, запрасіла ў Кобрынскую бібліятэку. Мама нічога не ведала пра маю ініцыятыву. І калі яна ўбачыла ў прамым сэнсе натоўп хлопчыкаў і дзяўчынак, спачатку здзівілася, але потым са шчырай усмешкай арганізавала цікавую экскурсію, якая запомнілася надоўга.

У канцы сямідзесятых гадоў энергічную, мэтанакіраваную і творчую жанчыну запрашаюць на адказную пасаду дырэктара парку культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. Яна стала дастойным пераемнікам традыцый Мікалая Вымаркава, які па маленькіх часцінках, нібыта мазаіку, ствараў непаўторны імідж цудоўнага зялёнага аазіса. Старажытныя дрэвы, рэдкія расліны патрабавалі асаблівай руплівасці і ўважлівых адносін да сябе. Вымаркаў імкнуўся, каб кобрынскі парк прызналі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Новаму дырэктару ўдалося ажыццявіць гэтую мэту. На сваёй пасадзе яна працавала амаль 20 гадоў.

Былы начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама і ў мінулым непасрэдны куратар парку Сцяпан Рагачук асабліва падкрэслівае тое, што аўтарытэт Надзеі Дземянчук у грамадстве быў вельмі высокім.

— Яе настойлівы характер, прынцыповасць, як гаворыцца, «прабівалі» любыя «сцены», — сведчыць Сцяпан Іванавіч. – Шмат новага кіраўнік прыўнесла ў работу парку. Напэўна, і да гэтай пары тут у святочныя дні праводзяцца бяспройгрышныя латарэі, ініцыятарам стварэння якіх з’яўлялася Надзея Дземянчук. Адзначу, што нярэдка яна самастойна ўручала кабрынчанам прызы. І нягледзячы на тое, што яны былі сімвалічнымі, дырэктар парку ўмела іх падарыць так, што ў чалавека яшчэ доўга заставаўся потым выдатны настрой. Парк у тыя часы з’яўляўся гаспадарча-разліковай установай. І таму многія мерапрыемствы ажыццяўляліся за кошт заробленых калектывам сродкаў. Узвядзенне будынка цяперашняга дзіцячага забаўляльнага комплекса «Кеша» распачынала намаганнямі свайго калектыву Надзея Дземянчук. Дзякуючы яе настойлівасці на радасць маленькіх кабрынчан былі набыты і абсталяваны новыя атракцыёны. Прынамсі, некаторыя з іх даводзілася везці за тысячы кіламетраў, нават з Урала! Пабудавана памяшканне для гульнявых аўтаматаў. Старэйшае пакаленне добра памятае ў парку пакой з «крывымі люстрамі», у якім заўсёды гучаў смех. А колькі юных кабрынчан наведалі дыскатэкі пад адкрытым небам! На дыскатэках заўсёды выступалі вакальна-інструментальныя ансамблі з цудоўным рэпертуарам і жывым гукам.

А яшчэ яна стварыла «жывы куток» у парку. Паўліны, фазаны, чорныя і белыя лебедзі, вавёркі… Усе гэтыя птушкі і жывёлы завозіліся з падмаскоўных Хімак. І добрыя справы не засталіся незаўважанымі. У 1983 годзе кобрынскі парк прымаў удзел у чацвёртым туры конкурсу-агляду паркаў СССР і па яго выніках быў удастоены Дыплома другой ступені ВДНГ, асабіста Надзея Рыгораўна была ўзнагароджана сярэбраным медалём ВДНГ СССР і іншымі адзнакамі.

Вядомая кобрынская самадзейная спявачка Вера Жуковіч у сямідзесятыя — васьмідзесятыя гады працавала разам з Надзеяй Дземянчук:

— Я ў нашым парку працавала загадчыкам культмасавага аддзела. Да гэтага аналагічныя абавязкі выконвала ў Баранавічах. Maгу з упэўненасцю сказаць, што такому шырокаму спектру масавых мерапрыемстваў, якія праводзіліся тут у час кіравання Надзеі Рыгораўны, магла пазайздросціць нават беларуская сталіца! Выстаўкі мясцовых мастакоў і фатографаў збіралі шмат аматараў мастацтва. Рэгулярна праводзіліся святы вуліцы Суворава, дзе ладзіліся канцэрты, забаўляльныя праграмы. У Днях працоўных рапартаў прымалі ўдзел супрацоўнікі амаль што ўсіх арганізацый горада, урачыста ўшаноўвалі лепшых людзей Кобрыншчыны. Провады ў армію, партызанскія вогнішчы з тэатралізаванымі пастаноўкамі і жывымі сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама іншыя буйныя раённыя святы раней праводзіліся ў парку. А чаго каштуе грандыёзнае святкаванне з нагоды 700-годдзя Кобрына, якое адбылося ў 1987 годзе! Касцюміраваныя прадстаўленні, спартыўныя мерапрыемствы, выступленні артыстаў… Гэтае і многае іншае рыхтавалі рэжысёры і сцэнарысты інстытута культуры разам з дырэктарам парку. Дарэчы, у адной з тэатралізаваных пастановак садоўнік парку Фёдар Люльковіч бліскуча выканаў ролю самога палкаводца Суворава на кані! Вядома ж, з падачы Надзеі Рыгораўны, якая доўга не магла знайсці прэтэндэнта на такую адказную ролю. Адным словам, сумаваць у тыя часы не прыходзілася!

Родныя Надзеі Дземянчук успамінаюць, што яна ў напружаныя часы падрыхтовак да падобных адказных падзей рэдка бывала дома. Абвостранае пачуццё адказнасці за даручаны ўчастак работы вымушала ўсё трымаць на асабістым кантролі. Святлана Аблог сведчыць, што нягледзячы на такую занятасць матуля дастойна выхавала дзвюх дачок. Яна любіла сваю працу і літаральна жыла ёю. Надзеі Дземянчук заўсёды хацелася, каб паркаўскія дарожкі былі заасфальтаваныя, а тэрыторыя агароджана. Ішоў час. За апошнія два гады парк імя А. В. Суворава стаў сапраўдным прыгажуном. Даўнія мары Надзеі Рыгораўны здзейсніліся! Справа, якой яна прысвяціла амаль што ўсё сваё сумленнае жыццё, прымножана на радасць новых пакаленняў кабрынчан

Раман МЕЛЬНІК.