Пашковіч, Л. У вачах ― свет, а ў душы ― аптымізм / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. — 2017. — 17 чэрвеня. — С. 4.

Жыхарка в. Хідры, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі З. У. Дубінка адзначыла 80-гадовы юбілей.

У ВАЧАХ – СВЕТ, A Ў ДУШЫ АПТЫМІЗМ

Гледзячы на гэтую жвавую жанчыну, не магу паверыць, што яна на днях справіла сваё васьмідзесяцігоддзе. Бляск у вачах, доброе пачуццё гумару і невычэрпны аптымізм робяць нядоўгую размову з Зояй Дубінка лёгкой і прыемнай. А давялося нам пагутарыць у час яе віншавання старшынёй Кобрынскай раённай арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімірам Кузічам, галоўным спецыялістам арганізацыі Маргарытай Газук, а таксама старшынёй СВК «Узыходзячая зара» Таццянай Дземідзюк і старшынёй профкома гаспадаркі Віктарам Дубінка.

Юбіляршу ведаюць многія ў раёне і ўсе ў Хідрах, куды яна дзяўчынай прыехала па размеркаванні пасля сельгастэхнікума. А пасля завочна атрымала і вышэйшую адукацыю. Усё сваё жыццё Зоя Уладзіміраўна звязала з працай у гаспадарцы — адпрацавала 17 гадоў галоўным заатэхнікам і дваццаць — намеснікам старшыні.

За свой доўгі лёс Зоя Уладзіміраўна працавала з вялікай колькасцю людзей, і да кожнага патрэбна было знайсці падыход, гаму і зараз сцвярджае, што ў першую чаргу неабходна чалавека разумець. На рабоце жанчына была і добрым псіхолагам, і дыпламатам.

Пра працу Зоя Дубінка кажа, што было і тады цяжка, і зараз нялёгка. Былі гады, калі ў гаспадарцы людзі працавалі фактычна без заробку, за працадні. Але і ў такой сітуацыі вынікі былі добрыя.

За сваю актыўную працу жанчына мае высокія ўзнагароды, у тым ліку ордэн «Знак пашаны», ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, носіць званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, неаднаразова выбіралася дэпутатам на месным узроўні, была дэпутам Вярхоўнага Савета БССР дзявятага склікання.

Будучы на пенсіі, жанчына заўсёды побач з гаспадаркай — узначальвае ветэранскую арганізацыю, у якой амаль трыста чалавек. Кожнага Зоя Уладзіміраўна ведае. Актыўна перадае вопыт і веды, дапамагае вырашаць праблемы.

Пры такой актыўнасці да нядаўняга часу яшчэ паспявала пець ў хоры.

У Зоі Дубінка не вельмі вялікая сям’я. Але ці можна так сказаць, калі для многіх, з кім працавала, яна стала дарагім і родным чалавекам.

Людміла ПАШКОВІЧ.