Пянко, А. Крэда дырэктара / А. Пянко // Кобрынскі веснік. – 1998. – 23 верасня. – С. 2.

Пад кіраўніцтвам Г. Шутро на Кобрынскім кансервавым заводзе ўкаранілі новыя тэхналогіі, асвоілі шматлікія віды прадукцыі.

КРЭДА ДЫРЭКТАРА

Першую прадукцыю Кобрынскі кансервавы завод пачаў вырабляць у верасні 1948 года. У асноўнымфруктовыя кансервы некалькіх відаў. На прадпрыемстве было занята крыху больш за 50 чалавек, вытворчасць яго не вызначалася тэхнічнай дасканаласцю, механізацыя практычна адсутнічала.

— Доўгі час, — расказвае галоўны эканаміст завода Я. Лук’янава, — справы ішлі не надта удала, часта змяняліся кіраўнікі калектыву. Дакладней кажучы, з 1948 па 1978 год на дырэктарскай пасадзе пабывала 13 чалавек. Вядома, не было належнага парадку ні ў цэхах, ні на тэрыторыі прадпрыемства.

Падчас прызначэння на пасаду дырэктара Кобрынскага кансервавага завода, якое адбылося ў 1978 годзе, Ганна Мікалаеўна Шутро ўжо была вопытнай знаўцай сваей справы. У Навагрудку на агароднінасушыльным заводзе яна працавала на ўсіх тэхналагічных аперацыях, была вылучана на пасаду майстра, паглыблялася ў веданне тонкасцей прафесіі ў час вучобы ў Маладзечненскім політэхнікуме, Маскоўскім інстытуце харчовай прамысловасці, затым шэсць гадоў узначальвала інжынерную службу на кансервавым заводзе ў г. Лёзна Віцебскай вобласці.

У Кобрыне прадаставілася магчымасць не толькі прымяніць набыты вопыт, але і праявіць кіраўніцкія здольнасці. Ганна Мікалаеўна спаўна скарыстала падораны лёсам шанц.

Перш-наперш сканцэнтравала ўвагу на пытаннях павелічэння вырабу кансерваў, паляпшэння іх якасці, расшырэння асартыменту. Пад кіраўніцтвам энергічнага дырэктара калектыў заняўся мадэрнізацыяй вытворчасці, укараненнем дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, добраўпарадкаваннем тэрыторыі і цэхаў завода.

Строга патрабавальная да сябе і падначаленых, сваімі дакладнымі і ўзважанымі рашэннямі Ганна Мікалаеўна згуртавала вакол сябе аднадумцаў. Урэшце рэшт увесь калектыў пераканаўся, што сваё слова кіраўнік трымае моцна, а прадпрымальнасць і ініцыятыва акупляюцца высокімі дывідэндамі. Дасканала ведаць, чым жывуць людзі, праблемы сем’яў завадчан, дапамагаць у іх вырашэнні, быць майстрам сваёй справы, адказным за яе — жыццёвае правіла, крэда дырэктара.

У бытнасць дырэктарства Ганны Мікалаеўны Шутро адбудаваны склады шклатары, гатовай прадукцыі, аўтагараж, механічная майстэрня, адміністрацыйна-лабараторны корпус і шмат іншых аб’ектаў. Узровень механізацыі работ на асноўнай і дапаможнай вытворчасці дасягнуў 70 працэнтаў.

Веданне тонкасцей вытворчасці, шматлікіх нюансаў тэхналогіі спрыяюць пошуку новага. Адметна, што для сваёй сям’і Ганна Мікалаеўна робіць запасы агародніннай прадукцыі сама. I тут нараджаюцца будучыя навінкі, якія ўпаследку асвойваюцца ў цэхах. Да прыкладу, шчаслівым аказаўся лёс салаты «Кобрынская» распрацоўкі дырэктара завода. Навінка была ахвотна ўспрынята спажыўцамі, а на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР удастоілася сярэбранага медаля. Салата і цяпер карыстаецца попытам пакупнікоў. I гэта не адзіная задумка дырэктара, рэалізаваная на вытворчасці.

Пад кіраўніцтвам Г. Шутро завадчане ўкаранілі новыя тэхналогіі, асвоілі шматлікія віды прадукцыі. Значна павялічылі асартымент, палепшылі знешні выгляд кансерваў за кошт прымянення этыкетак еўрапейскага стылю. Уся прадукцыя сертыфіцыравана і адпавядае самым патрабавальным густам пакупнікоў.

Пасля пэўнага перапынку Ганне Мікалаеўне ў другі раз давялося прымаць завод. Адбылося гэта ў верасні 1995 года. Становішча прадпрыемства было вельмі незайздросным. Вытворчасць знізілася да мінімальнага ўзроўню, а на рахунках значыліся ўнушальныя даўгі. Прыйшлося выходзіць з прарыву. Пачалі з навядзення парадку на палях падсобнай гаспадаркі. Зімой выкарчавалі частку састарэлага сада, а вясной пасеялі агароднінныя культуры. Працавалі вельмі напружана. Але атрымалі прадукцыю, павялічылі яе рэалізацыю, паступова пазбаўляючыся ад даўгоў. За паўтара года ліквідавалі іх, а ў далейшым стабілізавалі фінансавае становішча. Закупляючы для перапрацоўкі сельскагаспадарчую сыравіну, тут максімальна выкарыстоўваюць магчымасці сваёй падсобнай гаспадаркі. Гэта дазваляе значна раней пачаць сезон перапрацоўкі агародніны, знізіць затраты, павысіць канкурэнтаздольнасць кансерваў.

Прадпрыемства паспяхова адаптавалася ў сучасных рыначных умовах, арыентуецца толькі на запатрабаванні спажыўцоў, пашыраючы асартымент фруктова-ягадных і агароднінных кансерваў, нарошчваючы іх вытворчасць. Уся прадукцыя завода натуральная, без прымянення спецыяльных кансервантаў, чым грашаць замежныя вытворцы.

У параўнанні з мінулым годам сёлета вытворчасць кансерваў павялічылася на 25 працэнтаў. Прадпрыемства працуе прыбыткова, мае грошы на рахунку, своечасова разлічваецца па падатках. Адпаведна росту і развіццю вытворчасці павялічваецца i заработная плата. Яна прыкметна ўзрасла супраць мінулагодняга, а, напрыклад, за жнівень склала ў сярэднім 6 мільёнаў 695 тысяч рублёў. Няма цякучасці кадраў, а ўладкавацца на работу сюды цяпер цяжка. Дарэчы, штомесячныя адлічэнні ў гарадскі бюджэт складаюць ад 800 мільёнаў да 1 мільярда рублёў.

У газетным артыкуле немагчыма паведаміць аб усіх набытках калектыву. Яны неаспрэчна трывалыя. Аднак Ганна Мікалаеўна далёкая ад думкі, што ўжо дасягнута нейкая непераадольваемая мяжа. Больш таго, яна незадаволена зробленым, тым, што недапушчальна высока падняліся цэны на абсталяванне. Набываць трэба больш сучасныя машыны, каб поўнасцю перайсці на еўраўпакоўку прадукцыі. Цяпер жа ў адпаведнасці з еўрапейскай тэхналогіяй расфасоўваюцца 40 працэнтаў кансерваў. Запланавана купіць лінію па разліву сокаў. Усе планы залежаць ад фінансавых магчымасцей прадпрыемства. Каб вырашаць сённяшнія задачы, падтрымліваць узровень заработнай платы, трэба павялічыць вытворчасць прадукцыі ў параўнанні з дасягнутым не менш чым на 50 працэнтаў. Дырэктар упэўнена, што такія магчымасці ёсць, і верыць у свой калектыў, яго здольнасць дамагацца пастаўленай мэты.

А. ПЯНКО.