Піліпава, Г. Паляводы – жывёлагадоўлі / Г. Піліпава // Камуністычная праца. – 1978. – 13 ліпеня. – С. 1.

У калгасе «Запаветы Ільіча» паспяхова працуе звяно па корманарыхтоўцы, якое ўзначальвае механізатар Павел Гаўрылавіч Гук.

ПАЛЯВОДЫ — ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Усё тое, што працаўнікі ферм хочуць мець ад жывёлагадоўлі — больш малака, мяса — у канчатковым выніку залежыць ад багацця кармоў, прычым розных і высакаякасных.

У 1976 годзе ў калгасе «Запаветы Ільіча» іх было назапашана недастаткова. Гэта адмоўна адбілася на вытворчасці малака ў мінулым годзе. Яго было атрымана менш і ў сярэднім ад каровы, і на 100 гектараў сельгасугоддзяў. У выніку гаспадарка не выканала план па продажу гэтага прадукта дзяржаве. Пагэтаму сёлета пытанне кормавытворчасці асабліва хвалюе кіраўнікоў калгаса. Яны прынялі меры да таго, каб на будучую зімоўку мець неабходную колькасць кармоў. Па метаду іпатаўцаў у гаспадарцы па назапашванню кожнага віду корму створаны звенні. Перад імі пастаўлена задача нарыхтаваць 840 тон сена, 4 тысячы тон сенажу, 740 тон сіласу і 400 тон травяной мукі. Задача гэтая вырашаецца паспяхова. На сённяшні дзень ёсць 204 тоны сена, 3700 — сенажу, 160 — травяной мукі і закладзена 520 тон сіласу.

Асабліва паспяхова працуюць звенні, якія ўзначальваюць механізатары Аляксей Васільевіч Бусень і Павел Гаўрылавіч Гук. Аляксей Васільевіч косіць зялёную масу, а Павел Гаўрылавіч падбірае і здрабняе яе. Дзённыя заданні яны сістэматычна перавыконваюць. У іх гонар неаднаразова ўзнімаўся флаг працоўнай славы.

На нарыхтоўцы кармоў добрасумленна працуюць таксама Сямён Мікалаевіч Якімчук, Аляксей Канстанцінавіч Дудко і іншыя механізатары.

Г. ПІЛІПАВА.