Сіманава, І. Э. Школьная адукацыя Кобрыншчыны ў даваенныя і першыя пасляваенныя гады / Ірына Сіманава // Карані і кроны : гісторыя Кобрыншчыны: першая палова XX стагоддзя / [укладальнікі : Ю. А. Барысюк, А. А. Мезенцэва]. — Брэст, 2017. — С. 108-134. Гл. на с. 131-133 — К. А. Сідзюк.

Сярод 21 заслужанага настаўніка Кобрыншчыны і тыя, чые маладыя гады прыпалі на першыя пасляваенныя часы, тыя, хто вучыў пасляваенных школьнікаў, потым доўга яшчэ аддаваў свае веды і здароўе вучням горада і раёна. Сярод іх Н. I. Дудко, М. I. Кірылаў, К. I Мельнікава, К. Д. Семянюк, К. А. Сідзюк.

Хочацца прывесці ўспаміны заслужанай настаўніцы БССР Клаўдзіі Афанасьеўны Сідзюк, якая нарадзілася ў 1921 годзе ў вёсцы Казялец Тамбоўскай вобласці, скончыла Тамбоўскае педвучылішча ў 1944 і з 1948 года працавала ў Кобрыне. Вось што яна расказвае: «Паколькі я прыехала ў Беларусь з РСФСР, то прыйшлося ўзяць накіраванне на працу ў Міністэрстве адукацыі ў Мінску. Спачатку працавала настаўніцай пачатковых класаў рускай школы № 1. У мяне быў 3 клас, 46 вучняў. Клас такі вялікі, што прыйшлося спіс вучняў падклейваць у класным журнале. Палова іх былі дзеці ваеннаслужачых. За парту прыходзілася садзіць па 3 вучні. Дырэктарам школы быў В. П. Кандраценя, завучам — Н. Д. Сакалова. У гэтай школе я працавала 3 гады. 3 1951 года, пасля нараджэння сына і змены месца жыхарства, працавала ў СШ № 3.

Дырэктарам быў у той час У. I. Панасюк. Школа знаходзілася ў жылым доме, а праз дарогу быў другі будынак, які здавала пад школу па дамове гаспадыня-бабуля. Так і вучыліся ў двух будынках.

Вучняў 2 «А» класа вучыла пісаць і чытаць у жылым доме па вуліцы Пралетарскай, 124. Прозвішча гаспадыні — Скакун. Бацькоўскія сходы праводзіліся ў будынку інструментальнага завода. У той час дзеці хацелі вучыцца, праблем з дысцыплінай увогуле не было. Аўтарытэт настаўніка быў вялікім. У маі 1957 года мне было прысвоена званне «Отличник народного образования БССР», а 22 сакавіка 1968 года — званне «Заслужаны настаўнік БССР».

Настаўнікі СШ № 3 г. Кобрына, 1950-я гады. У ніжнім радзе трэцяя злева — К. А. Сідзюк.

Настаўніца К. А. Сідзюк і дырэктар школы У. I. Панасюк з вучнямі, 1951 г.