Хільчук, М. Старшынёва Зорка / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. — 1998. — 28 кастрычніка. — С. 2.

Старшынёва Зорка

Ён нарадзіўся ў вёсцы з прыгожай назвай Багуславічы, у сям’і, дзе бацькі і дзеці любілі зямлю і працу на ёй, паважалі тых. хто быў сапраўдным гаспадаром.

Жыццёвы ўклад дружнай сям’і Валасюкоў, як і тысяч іншых, парушыла Вялікая Айчынная вайна. Да пачатку яе браты Валасюкі засталіся без бацькі і самі выбіралі свае шляхі ў той суровы час. Фёдар выбраў барацьбу з акупантамі. Спачатку дапамагаў партызанам, рызыкуючы жыццём сваім і родных, хаваў у доме параненага партызана, а потым, калі цудам вырваўся разам з братам з рук фашыстаў, стаў партызанам атрада імя Фрунзе. Вясной 1944 года быў залічаны ў рэгулярнае войска, дайшоў да Варшавы, быў паранены, а пасля выздараўлення атрымаў накіраванне на службу ў органы ўнутраных спраў. Гэтай рабоце спачатку ў Брэсце, затым у Кобрыне аддаў 14 гадоў 7 месяцаў і 14 дзён.

Я называю гэтую дакладную лічбу не выпадкова. У час размовы з Фёдарам Канстанцінавічам Валасюком не раз здзіўлялася таму, як проста і свабодна называе ён лічбы, даты, прозвішчы, падзеі, што адбываліся дзесяткі гадоўтаму назад. Асабліва з таго часу, як работу старшага аператыўнага ўпаўнаважанага аддзела барацьбы з раскраданнямі сацыялістычнай уласнасці змяніў на старшынства ў калгасе імя Сталіна.

Адбылося гэта 11 лістапада 1958 года на сходзе, што праходзіў у Пескаўскай школе. Выбралі яго адразу, бо ведалі як работніка, чалавека. I, як паказала жыццё, вяскоўцы не памыліліся.

Гаспадарка была вельмі слабай. Амаль два гады калгаснікі не атрымлівалі ніякай платы за сваю працу. У шэрагу падобных гаспадарак запазычанасць такую спісалі, каб новыя старшыні пачыналі сваю працу, як кажуць, з нуля.

Валасюк выбраў іншы шлях. Да канца года пастараўся выплаціць запазычанасць за папярэдні год, пакрыху выплачваў за 1959 і ў сакавіку 1960-га цалкам разлічыўся з людзьмі. Напэўна, тады калгаснікі канчаткова паверылі ў яго.

Малады старшыня выдатна ўсведамляў, што пры ўсім яго старанні аднаму падняць гаспадарку немагчыма. I ён стараўся падабраць надзейныя кадры. А яшчэ не саромеўся вучыцца ў больш вопытных гаспадарнікаў. Аднойчы паехаў у Драгічынскі раён, у калгас, які ўзначальваў вопытны арганізатар Якімовіч. Фёдар Канстанцінавіч пазнаёміўся з жывёлагадоўляй, паездзіў па меліяраваных землях. I вырашыў зрабіць стаўку на жывёлагадоўлю. Яго памочнікам у гэтай справе стала заатэхнік Вера Іванаўна Семянюк.

Пачалі з таго, што завялі добрых кароў, стварылі племянную ферму. Неўзабаве аб надоях у калгасе «XXI з’езд КПСС», а іменна так пачала называцца гаспадарка пасля перайменавання, загаварылі далёка за межамі раёна. А надоі перавалілі за 3 тысячы кілаграмаў малака ў год ад кожнай каровы. Праз пэўны час Фёдару Канстанцінавічу Валасюку за поспехі ў жывёлагадоўлі была ўручана Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы…

Не забываў Фёдар Канстанцінавіч пра меліярацыю, якая магла даць дадатковыя сотні гектараў зямлі для вырошчвання збожжавых і кармавых культур. Ён першым у раёне даў згоду на дрэнажнае меліяраванне, прычым за кагасныя сродкі. Гэта потым ужо выйшла пастанова аб дзяржаўным фінансаванні меліярацыйных работ, пад якую кінуліся асушаць усё запар. Валасюк апярэдзіў час. I галоўнае, з карысцю для гаспадаркі, якая атрымала амаль тысячу гектараў дадатковай зямлі.

Улічваў старшыня і тую абставіну, што гаспадарка прыгарадная, з часам можа ўзнікнуць праблема з рабочай сілай. Першым у раёне ён пачаў будаваць жыллё для сваіх працаўнікоў. Прычым не стаў дзяліць вёскі на «перспектыўныя» і «неперспектыўныя». Жыллё будавалі ўсюды. Праўда, у цэнтры, у Песках, найбольш. Тут узводзілі і аб’екты сацкультбыту. У ліку першых у раёне правялі прыродны газ.

I ўсё за калгасныя, уласныя грошы. За 27 гадоў працы ў калгасе Фёдар Канстанцінавіч Валасюк ні разу не браў банкаўскія крэдыты. Была гэта чыста сялянская асцярожнасць ці дакладны разлік гаспадарніка? Напэўна і першае, і другое. Але гэта ніколі не падводзіла ні кіраўніка, ні гаспадарку. Тут умелі зарабляць і лічыць грошы. I заўжды мелі іх.

Калі ў 1980 годзе валявым парадкам да «XXI з’езда КПСС» далучылі калгас «Савецкая Беларусь», новы свінакомплекс перадалі ў калгас «Зара», а старыя гаспадарчыя пабудовы разам з даўгамі — 700 тысяч рублёў — «XXI з’езду». Калгас за год не толькі пагасіў запазычанасць, але і здолеў своечасова разлічвацца з калгаснікамі, будаваць і на канец года мець на рахунку 300 тысяч рублёў.

Прыкладаў дбайнага гаспадарання, умення працаваць з людзьмі можна прывесці яшчэ шмат, бо за 27 гадоў работы Фёдара Канстанцінавіча Валасюка на пасадзе старшыні адной з лепшых гаспадарак раёна было мноства. Але, мабыць, лепш аб гэтым гавораць удзячнасць і павага тых, з кім працаваў Фёдар Канстанцінавіч Валасюк, якія не згасаюць, нягледзячы на тое, што ён ужо больш як 10 гадоў знаходзіцца на пенсіі.

Ну, а што думае ён аб пражытым, зробленым? Якая работа прыносіла больш задавальнення?

— Кожная работа прыносіла задавальненне, бо я служыў народу. Я вельмі ўдзячны працаўнікам гаспадаркі за іх старанне, за тое, што разумелі і падтрымлівалі мяне. I вельмі прыемна, што і ў цяперашні няпросты час гаспадарка па многіх паказчыках застаецца адной з лепшых у раёне, што яе былы кіраўнік Я. А. Раўнейка і цяперашні — У. М. Байтэнка стараліся і стараюцца захаваць і развіць дасягнутае і зробленае ў тыя гады…

Нізкі паклон Вам за працу, разуменне людзей, паважаны Фёдар Канстанцінавіч Валасюк, першы Герой Сацыялістычнай Працы Кобрыншчыны.

М. ХІЛЬЧУК.