17 жніўня 2014 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Іванаўны Федасюк [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Режым доступу: Дата доступу: 12.04.2019.

17 жніўня 2014 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Іванаўны Федасюк (1904–1995), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніцы партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Аляксандра Іванаўна Федасюк нарадзілася 17 жніўня 1904 года ў бедн ай сялянскай сям’і ў вёсцы Андронава Кобрынскага павета (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці).

Аляксандра Федасюк у 1925 годзе ўступіла ў КПЗБ, у хуткім часе стала прафесійнай рэвалюцыянеркай, падпольшчыцай, выконвала адказныя партыйныя даручэнні. Агенты польскай дэфензівы праследавалі актыўнага работніка, тройчы арыштоўвалі і заключалі ў турму (1927, 1930–1931, 1937–1939), разлучалі з маленькай дачкой. З вялікай цяжкасцю таварышам па барацьбе ўдалося пераправіць дзяўчынку праз мяжу, у Мінск, да бацькі Мікалая Маслоўскага, віднага камсамольскага работніка, які таксама працаваў у Заходняй Беларусі.

З 1926 года А. І. Федасюк – член Кобрынскага падпольнага райкама, з 1928 года – член Брэсцкага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ. Закончыла школу партыйных кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве (1934).

Займала розныя партыйныя і дзяржаўныя пасады: сакратар Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ (1931–1932), сакратар ЦК КСМЗБ (1929–1930, 1932, 1935–1937), навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б (1934).

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года А. І. Федасюк – дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, член яго паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Актыўна ўдзельнічала ў падзеле панскай зямлі, арганізоўвала палітычную і культурную работу ў вёсках. Працавала старшынёй Кобрынскага гарвыканкама, была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1941 годзе яе зацвердзілі намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Іванаўна выбралася з пылаючага Брэста на ўсход, дабралася да Масквы, затым ў Пензу, а стуль яе адазвалі ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У хуткім часе яна была ў Беларусі, у глыбокім варожым тыле, у партызанах.

З’яўлялася членам бюро Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б. 23 лістапада 1943 года стала сакратарам Кобрынскага райкама, які толькі што быў створаны нанова. Райкам базіраваўся ў партызанскай брыгадзе імя В. І. Чапаева. А 4 снежня 1943 года Аляксандра Федасюк была назначана сакратаром Дзівінскага падпольнага райкама, які базіраваўся ў партызанскім атрадзе імя М. А. Шчорса.

Пасля вызвалення Беларусі працуе ў 1944–1957 гадах сакратаром Брэсцкага, Маладзечанскага гаркамаў КПБ, загадчыкам аддзела ЦК КПБ.

А. І. Федасюк – дэлегат I (1928), II (1935) з’ездаў КПЗБ, кангрэса КІМа (1933); член ЦК КП(б)Б у 1949–1952 гадах; дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946–1954 гадах; дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940–1947 гадах.

Узнагароджана ордэнамі Леніна і Чырвонай Зоркі, медалямі.

Аляксандра Іванаўна Федасюк памерла 29 мая 1995 года.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

1. Федосюк Александра Ивановна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 433.

2. Федасюк Аляксандра Іванаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 344.

3. Федасюк Аляксандра Іванаўна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 443–444.

4. Федасюк Аляксандра Іванаўна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 553–554.

5. Федасюк Аляксандра Іванаўна. Удзельнікі рэвалюцыйных выступленняў на Кобрыншчыне (1921–1939) // Туристический Кобрин : [Электронный ресурс]. – Рэжым доступа: http://ikobrin.ru/kobrin-74.php. – Дата доступа: 16.07.2014.

6. Яковенко, В. К. Партизанки / В. К. Яковенко. Москва : Воениздат, 1980. 304 с., 6 л. ил. (Военные мемуары).