Семянюк Кацярына Дзям’янаўна

Біяграфічны нарыс

Кацярына Дзям’янаўна Рабчынская (па мужу – Семянюк) нарадзілася 29 кастрычніка 1922 года ў в. Кочышчы Ельскага раёна Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Сваёй маці Кацярына амаль не памятала – яна памерла ў маладым узросце. Усе клопаты па гаспадарцы дзеці дзялілі з бацькам.

Прозвішча Рабчынскіх добра вядома ў Кочышчах, галоўным чынам дзякуючы бацьку — Дзям’яну Андрэевічу Рабчынскаму, удзельніку грамадзянскай вайны, арганізатару першых калгасаў на Ельшчыне. Быў старшынёй калгаса, за атрыманы высокі ўраджай бульбы быў накіраваны на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Дзед Кацярыны Андрэй у свой час быў адзіным адукаваным чалавекам на ўсю вёску, пісаў па просьбе аднавяскоўцаў лісты, прашэнні, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сялян.

Нялёгкі час выпаў на іх долю, але жаданне вучыцца было вельмі моцным. У 1940 годзе пасля заканчэння школы і трохмесячных курсаў Кацярына Рабчынская пачала працаваць настаўнікам пачатковай школы ў в. Вязок Брагінскага раёна (1940-1941).

Вялікая Айчынная вайна прынесла Рабчынскім новыя беды і няшчасці. Кацярына разам з дзвюма сваімі сёстрамі (Ганнай і Марыяй) пайшла ў партызанскі атрад «Бальшавік». «З 22 жніўня 1941 г. па 18 студзеня 1944 г. – радавая брыгады № 37», – запісана ў яе пасведчанні партызана. Кацярыне даводзілася хадзіць у разведку і ў засады, быць сувязной, удзельнічаць у рэйкавай вайне.

Бацька Кацярыны быў арганізатарам падполля, партызанскім сувязным, расстраляны 30 мая 1942 года. Тры яго сыны – Міхаіл, Васілий і Пётр – ваявалі на франтах. Старэйшая дачка Алена расстраляна ў 1942 годзе. Дачка Ганна была партызанкай, у лютым 1943 года абрана першым сакратаром Ельскага падпольнага райкама ЛКСМБ. Самая малодшая дачка Марыя, якая вайну сустрэла ў 15 гадоў, таксама партызаніла, узнагароджана двума ордэнамі, медалямі. «Гераічная сям’я» – так называецца прысвечаны сям’і Рабчынскіх артыкул у кнізе «Памяць. Ельскі раён» (2001).

За баявыя заслугі, мужнасць і адвагу Кацярына Семянюк узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» II ступені, «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіей», 11 юбілейнымі медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Кацярына Рабчынская – сакратар Ельскага райкама камсамола. Паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут, які скончыла на выдатна ў 1946 годзе. Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні была накіравана ў Заходнюю Беларусь.

Кобрыншчына стала для яе другой радзімай. Тут яна выйшла замуж, узяўшы прозвішча мужа Семянюк, тут нарадзіліся яе дзеці — двайняты Ларыса і Анатоль. Яна вучыла пасляваенных школьнікаў, аддавала ім свае веды і цяпло сэрца. З 1946 па 1962 год працавала настаўнікам, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Залескай сярэдняй школы Кобрынскага раёна. У 1962-1985 гады працавала настаўнікам матэматыкі ў СШ № 1 (1962-1963), СШ № 5 (1963-1967), СШ № 2 (1967-1990) г. Кобрына.

За шматгадовую добрасумленную працу, дасягнутыя поспехі ў педагагічнай дзейнасці Кацярына Дзям’янаўна Семянюк узнагароджана шматлікімі граматамі, ордэнамі і медалямі. У 1948 годзе яе праца была адзначана першай узнагародай — знакам «Выдатнік народнай адукацыі». Пазней узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы СССР і ЦК прафсаюзаў (1968), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём ««За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». 2 кастрычніка 1970 года К. Д. Семянюк было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». Імя К. Д. Семянюк занесена ў даведнік «Кто есть кто в Республике Беларусь» (2005).

Жанчына была добра вядома многім кабрынчанам сваёй педагагічнай працай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, успамінамі пра гады ваеннага ліхалецця. Строгая і патрабавальная, сумленная і прынцыповая, валявая і энергічная, яна больш за 40 гадоў вучыла дзяцей матэматыцы. Працяглы час Кацярына Дзям’янаўна актыўна ўдзельнічала ў хоры ветэранаў вайны і працы пры Доме культуры.

22 сакавіка 2013 года Кацярына Дзям’янаўна Семянюк памерла. Светлая памяць аб настаўніцы, патрыёце назаўжды застанецца ў гісторыі сістэмы адукацыі Кобрынскага раёна.