Алехнік Аляксей Трафімавіч

Біяграфічны нарыс

Аляксей ТрафімавічАлехнік нарадзіўся 20 верасня 1938 года ў в. Перунова Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Адслужыў у радах Савецкай арміі, тры гады працаваў на засваенні цалінных земляў. Працаваў камбайнерам Лунінецкай МТС, механікам-кантралёрам у саўгасе «Іскра» Цалінаградскай вобласці. (Казахстан).

У 1965 годзе Аляксей Алехнік закончыў Беларускі інстытут сельскагаспадарчай вытворчасці, у 1978 годзе — Мінскую ВПШ.

З 1967 года інжынер, майстар, прараб, начальнік ПМК Лунінецкага райаб’яднання «Сельгастэхніка», з 1972 года -намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама па будаўніцтве.

У 1978—1991 гадах А. Т. Алехнік — старшыня Кобрынскага гарвыканкама. Са з’яўленнем у Кобрыне новага старшыні горад пачаў хутка развівацца. За кароткі перыяд у Кобрыне былі заменены інжынерныя сеткі, створана служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Па ініцыятыве Аляксея Алехніка метадам «народнай будоўлі» былі пабудаваны кінатэатр «Вясёлка», дзіцячая спартыўная школа і будынак СПТУ-105 мастацкіх народных промыслаў. У 70-я гады з падачы Аляксея Трафімавіча было вырашана пабудаваць у Кобрыне прадзільна-ткацкую фабрыку. Для Кобрына гэта быў грандыёзны праект, бо з’яўленне такога прадпрыемства стварала працоўныя месцы для жыхароў не толькі горада, але і раёна. У кароткія тэрміны ўзніклі ў горадзе новыя мікрараёны жылой забудовы па вуліцах Дзяржынскага, 700-годдзя Кобрына, Паркавай і інш. Уклад гэтага чалавека ў жыццё горада сапраўды неацэнны і адчувальны нават праз дзесяцігоддзі.

За гады працы ў Кобрынскім гарвыканкаме Аляксей Трафімавіч стварыў згуртаваны і працаздольны калектыў, дзе панаваў дух сяброўства, таварыства і ўзаемадапамогі. На базе гарвыканкама часта праводзіліся абласныя семінары па навучанні кадраў гаррайвыканкамаў.

У 1990 годзе Аляксея Трафімавіча Алехніка перавялі на працу ў Брэсцкі аблвыканкам, дзе ён працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення па працы і занятасці насельніцтва, першым намеснікам старшыні камітэта па працы, галоўным дзяржаўным экспертам па ўмовах працы Брэсцкай вобласці.

Выбіраўся дэпутатам Кобрынскага гарадскога і Брэсцкага абласнога Саветаў. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ЦК ЛКСМ Казахстана, Брэсцкага аблвыканкама і Кобрынскага гарвыканкама.

У 2014 годзе Аляксей Трафімавіч Алехнік пайшоў з жыцця.