Біяграфічны нарыс

Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў нарадзіўся 20 верасня 1954 года ў вёсцы Рай Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці (Расія).
Закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1978).
Працоўную дзейнасць пачынаў на Кобрыншчыне, дзе ў райсельгастэхніцы быў загадчыкам гаража, затым галоўным інжынерам. З 1979 па 1990 год — намеснік старшыні па аўтатранспарце Кобрынскай райсельгастэхнікі, інструктар, загадчык сельскагаспадарчага аддзела Кобрынскага гаркама КПБ.
У 1990-1995 гадах С. Д. Ашмянцаў — старшыня калгаса імя Суворава Кобрынскага раёна. Ужо тады 30-гадовы дырэктар даў сабе зарок: зрабіць усё, каб апраўдаць давер людзей і развеяць іх сумненні наконт нявопытнасці маладога кіраўніка. Атрымалася.
Наступная кар’ерная ступень — старшыня Кобрынскага райвыканкама (1995-2002). Новая прыступка была выпрабаваннем на трываласць: пасада старшыні райвыканкама была ў не самыя эканамічна лепшыя гады.
З 2002 года па 2007 год — намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, які курыруе сельскагаспадарчую галіну. Па ініцыятыве Сяргея Дзмітрыевіча ў Прыбужжы, а менавіта ў СВК «Чарнаўчыцы», пабудавалі новую малочнатаварную ферму, у аснову якой быў пакладзены перадавы замежны вопыт. З моманту адкрыцця фермы, на якім, дарэчы, прысутнічаў Прэзідэнт, пачаўся прарыў у малочнай галіне вобласці. Менавіта С. Д. Ашмянцаў стаяў ля яго вытокаў.
З лютага 2007 года да лютага 2018 года – старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Два скліканні Сяргей Дзмітрыевіч адслужыў на гэтай пасадзе.
З красавіка 2018 года С. Д. Ашмянцаў з’яўляецца выканаўчым дырэктарам Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза — аўтарытэтнай арганізацыі аграрыяў. Ён даўно стаіць у шэрагу самых аўтарытэтных аграрыяў вобласці. Вопыт Сяргея Дзмітрыевіча неацэнны як для маладых аграрыяў, так і для прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Ён дзеліцца ім, выкарыстоўваючы патэнцыял абласнога аграпрамысловага саюза.
Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». У 2006 годзе за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі ў 2001-2005 гадах Сяргею Дзмітрыевічу Ашмянцаву прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».