Букач Антон Васільевіч

Біяграфічны нарыс

Антон Васільевіч Букач нарадзіўся 7 красавіка 1937 года ў вёсцы Гайкоўка Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і.

У 1949 годзе быў залічаны ў першы клас Гайкоўскай пачатковай школы, дзе скончыў чатыры класы. У 1953 годзе паступіў у 5 клас Бараноўскай сямігадовай школы рабочай моладзі Жабінкаўскага раёна.

Час быў цяжкі, пасляваенны, сям’я шматдзетная, і таму дзеці рана далучыліся да фізічнай працы на сялянскім падворку і ў калгасе, каб дапамагчы бацькам, Васілію Іосіфавічу і Ганне Андрэеўне, інваліду 2-й групы. Ужо ў тыя гады ў Антона выявілася цікавасць да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – пляцення кошыкаў. Кожны выраблены хлопчыкам кошык быў варты захаплення.

З 1953 па 1971 год Антон Букач прайшоў працоўны шлях ад памочніка каваля калгаса да інструктара Кобрынскага райкама партыі. Працоўную біяграфію пачаў у 15 гадоў памочнікам каваля ў калгасе «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара») і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе.

У 1956-1959 гадах служыў у пагранічных войсках. Пасля звальнення ў запас і да 1961 года быў супрацоўнікам аддзела міліцыі. Узнагароджаны медалём «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» (1967).

З 1961 па 1968 год працаваў акумулятаршчыкам, машыністам па рамонту электраабсталявання, аператарам Кобрынскага раённага ўпраўлення магістральных газаправодаў. З 1968 па 1971 год — работа інструктарам Кобрынскага гаркама КПБ.

У 1964 годзе Антон Букач скончыў Кобрынскую завочную сярэднюю школу рабочай моладзі. У 1965 годзе паступіў на завочны факультэт Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, які скончыў у 1971 годзе па спецыяльнасці «электрыфікацыя сельскай гаспадаркі».

У сістэме прафтэхадукацыі А. В. Букач пачаў працаваць з кастрычніка 1971 года на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Кобрынскага прафэсійна-тэхнічнага вучылішча № 102 будаўнікоў, з ліпеня 1976 года — дырэктара вучылішча.

У 1982 годзе Антон Васільевіч узначаліў створанае з нуля Кобрынскае тэхнічнае вучылішча № 156 народных мастацкіх промыслаў, у развіццё якога ўкладваў свой талент і энергію ў якасці дырэктара да 2003 года. За гэтыя гады ўстанова прайшла шлях ад вучылішча да прафесійна-тэхнічнага каледжа. Навучэнцы пачалі атрымліваць не толькі прэстыжную рабочую спецыяльнасць, але і сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 1984 г. вучылішча было рэарганізавана ў СПТВ № 105 народных мастацкіх промыслаў, у 1989 г. – у ПТВ № 105 народных мастацкіх промыслаў. 

Антон Васільевіч здолеў падняць статус навучальнай установы на прэстыжную вышыню. Па ўсёй Беларусі загаварылі аб мастацкім вучылішчы, паступіць у якое можна было толькі па конкурсе. Выдатныя карціны, мэбля, вырабы з саломкі, макрамэ стваралі навучэнцы, і слава аб іх майстэрстве грымела не толькі на Брэстчыне. Дэлегацыі з Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Галандыі, ЗША, Аргенціны, Афганістана, Швейцарыі сталі наведвацца ў Кобрын. Па ініцыятыве і пры асабістым удзеле Антона Васільевіча ў навучальнай установе створаны музей народнай творчасці, у якім сабрана больш за 5 тысяч экспанатаў.

Пад кіраўніцтвам А. В. Букача ў вучылішчы праводзілася вялікая праца па стварэнні матэрыяльнай базы, падбору і падрыхтоўцы таленавітых і ініцыятыўных кадраў, арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, стварэнні ўмоў для плённай, творчай працы, жыцця і побыту навучэнцаў, адраджэнню і развіццю традыцый народнай творчасці. У выніку гэтай працы ў 1996 годзе вучылішчу прысвоены статус вышэйшай установы. У 1985 годзе ўстанове прысвоена званне «Вучылішча высокай культуры». У 1996 годзе ПТВ № 105 пераўтворана ў вышэйшае прафесійнае вучылішча выяў-ленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. З 2001 года – прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. З 2003 года – дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж.

З 2003 па 2007 год, працуючы на пасадзе намесніка дырэктара па вытворчаму навучанню, Антон Васільевіч працягваў перадаваць свой педагагічны вопыт маладым калегам, а талент народнага майстра – навучэнцам. Ініцыятар і натхняльнік стварэння ў Брэсцкай вобласці прафесійнай установы для падрыхтоўкі маладых рабочых, якія валодаюць асновамі народных мастацкіх промыслаў.

Прафесійную дзейнасць А. В. Букач спалучаў з актыўным грамадскім жыццём: чатыры разы выбіраўся дэпутатам Кобрынскага Савета народных дэпутатаў, быў членам райвыканкама, прымаў удзел у працы XVI з’езда прафсаюзаў, быў дэлегатам I з’езда настаўнікаў Беларусі.

За высокія дасягненні ў педагагічнай дзейнасці А. В. Букач удастоены ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» (2000). Узнагароджаны медалямі «Ветэран працы» (1987), Францыска Скарыны (2000), юбілейным медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» (1970); значком «Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў» (1976); ганаровымі граматамі Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў СССР па прафтэхадукацыі (1976), Міністэрства народнай адукацыі БССР (1990); нагруднымі значкамі «Выдатнік прафтэхадукацыі СССР» (1987), «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР» (1990). Імя А. В. Букача занесена ў даведнік «Кто есть Кто в Республике Беларусь» (2005), які выдадзены да 60-годдзя Перамогі, і «Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ» (2006).

Антон Васільевіч Букач памёр 9 сакавіка 2016 года. Пакінуў яркую старонку ў развіцці і станаўленні сістэмы прафесійнай адукацыі, адраджэнні нацыянальнай беларускай культуры і народнага мастацтва ў Брэсцкай вобласці і ў рэспубліцы. Жыццёвы шлях А. В. Букача, яго асаблівая адданасць справе выклікаюць бясконцую павагу і падзяку землякоў.