Букраба Аляксандр Кірылавіч

Біяграфічны нарыс

БУКРАБА Аляксандр Кірылавіч (1914-1977). Нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Кобрынскага павета (цяпер Навасёлкі Кобрынскага раёна) у сялянскай сям’і.

Удзельнік Навасёлкаўскага ўзброеннага выступлення сялян 1933 года. Асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. У верасні 1939 года вярнуўся ў родную вёску.

Сакратар Навасёлкаўскага валаснога выканкама, дырэктар школы ў 1940-1941 гадах.

У Вялікую Айчынную вайну — партызан атрада імя Суворава, у жніўні 1943 — сакавіку 1944 года — камісар атрада імя Арджанікідзе брыгады імя Молатава Пінскага партызанскага злучэння. Служыў у польскім штабе партызанскага руху (з 1944 года).

Пасля вайны працаваў намеснікам старшыні Дзівінскага, старшынёй Дзівінскага, Пружанскага i Антопальскага райвыканкамаў, першым сакратаром Шарашоўскага i Пружанскага райкамаў КПБ(б). Са студзеня 1963 года — старшыня Брэсцкага аблсавпрафа. З верасня 1965 года да выхаду на пенсію — старшыня парткамісіі пры Брэсцкім абкаме КПБ.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам ПНР «Віртуці Мілітары» («Залаты Крыж») i інш.