Біяграфічны нарыс

Аляксандр Мікалаевіч Булавіцкінарадзіўся 28 кастрычніка 1929 года ў в. Чахец Пружанскага павета Палескага ваеводства (сёння Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька – Мікалай Усцінавіч Булавіцкі, маці – Марыя Іосіфаўна.
У 1936 годзе Аляксандр пайшоў у Чахецкую пачатковую школу, у якой выкладанне вялося на польскай мове. Калі ў 1944 годзе вёску вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, закончыў 7 класаў рускай школы. У 1950 годзе закончыў сярэднюю школу ў г. Пружаны. У 1950 годзе Аляксандр Булавіцкі працаваў настаўнікам Галенскай сямігадовай школы Шарашэўскага сельсавета. Потым была тэрміновая служба ў Савецкай арміі ў дэсантных войсках (Іркуцк, 1951–1953).
У 1954–1966 гадах А. М. Булавіцкі працаваў інструктарам Пружанскага райкама ЛКСМБ, Брэсцкага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Шарашэўскага і Кобрынскага райкамаў ЛКСМБ, быў старшынёй калгаса «Запаветы Ільіча» Кобрынскага раёна. У 1961 годзе закончыў вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ.
Два гады, з 1966 года па 1968 год, А. М. Булавіцкі з’яўляўся старшынёй Кобрынскага райвыканкама. За гэты час у раёне шмат будавалася: аптэка ў в. Гарадзец, новы будынак райвыканкама і іншыя аб’екты.
Большая частка жыцця Аляксандра Булавіцкага звязана з сельскай гаспадаркай, праблемамі і клопатамі сялянства. З 1968 года Аляксандр Мікалаевіч – старшыня калгаса «Сцяг Перамогі» Кобрынскага раёна. У гэты час прыйшлося займацца будаўніцтвам малочнага комплексу на 1200 галоў буйной рагатай жывёлы, былі заасфальтаваны дарогі, праведзены газ. Запомнілася правядзенне рэспубліканскай нарады з удзелам першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава.
З 1981 года Аляксандр Мікалаевіч прызначаны старшынёй Гарадзецкага міжгаспадарчага аб’яднання. У 1982–1994 гадах – старшыня калгаса-камбіната імя Ф. Э. Дзяржынскага, буйнейшай сельскагаспадарчай арганізацыі Кобрыншчыны (з 2004 года – ААТ «Гарадзец-Агра»). У 1982 годзе да калгаса імя Дзяржынскага былі далучаны калгасы «Шлях Леніна» і «Бальшавік», яшчэ праз два гады – калгас «Іскра». Нягледзячы на такую велізарную інфраструктуру, у старшыні калгаса атрымлівалася кіраваць ёй і дасягаць пры гэтым выдатных вынікаў. У в. Гарадзец у 1984 годзе быў пабудаваны комплекс на 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Раслі даходы калгаснікаў, амаль ва ўсіх вёсках гаспадаркі быў пракладзены асфальт, праведзены газ.
А. М. Булавіцкі шмат займаўся грамадскай працай. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХI склікання ў 1985–1990 гадах, выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета депутатаў. Быў выбраны першым старшынёй Брэсцкага абласнога савета калгасаў.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, іншымі ўзнагародамі. За высокія дасягненні калгаса-камбіната імя Дзяржынскага ўзнагароджаны бронзавым і сярэбраным медалямі ВДНГ, знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» ў 1973 годзе і 1974 годзе, «Ударнік пяцігодкі», граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Аляксандр Мікалаевіч Булавіцкі пайшоў з жыцця 21 лістапада 2012 года.