Бялоў, Д. Адным жыццём — з зямлёю роднай і з народам / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскi веснiк. — 2011. — 19 студзеня. — C. 4.

Пра Героя Сацыялістычнай Працы, кавалера ордэна Леніна, залатога медаля «Серп і Молат» і інш. узнагарод, былога старшыню СВК «Вербнае» Ф. К. Валасюка.

Да 90-годдзя з дня нараджэння

Адным жыццём – з зямлёю роднай і з народам

Калі мы праходзім па вуліцах нашага горада, то чытаем у іх назвах прозвішчы вядомых паэтаў, герояў вайны, знакамітых асоб… Далёка не ўсе з іх жылі ў Беларусі, тым больш — на Кобрыншчыне. Між тым і сярод нашых землякоў ёсць людзі, якія ў поўнай меры заслугоўваюць гэтай пашаны — тыя, хто аддаў усё сваё жыццё, каб краіна квітнела і развівалася, хто заслужыў славу сапраўднага грамадзяніна і чалавека, пра каго ўспамінаюць з удзячнасцю і з павагай.

«Менавіта ў гады праўлення Фёдара Канстанцінавіча была выплачана запазычанасць за працу, якая існавала ў многіх калгасах, былі падабраны надзейныя кадры, зроблена верная стаўка на жывёлагадоўлю, створана племянная ферма. Актыўна праводзіліся меліярацыйныя работы — дарэчы, упершыню ў раёне па дрэнажнай схеме, у выніку чаго калгас вырас на сотні гектараў зямлі. Менавіта тут дарэчы, таксама ўпершыню ў раёне — першымі пачалі будаваць жыллё для калгаснікаў. Невыпадкова, што ў хуткім часе старшыня адноўленай гаспадаркі атрымаў зорку Героя Сацыялістычнай Працы…»

Усё гэта ў поўнай меры можна сказаць пра Героя Сацыялістычнай Працы, кавалера ордэна Леніна, залатога медаля «Серп і Молат» і многіх іншых узнагарод, былога старшыню калгаса «XXI з’езд КПСС» (зараз СВК «Вербнае») Фёдара Канстанцінавіча Валасюка. З самага ранняга дзяцінства ён прывык да зямлі — і палюбіў яе ўсёй сваёй душою. Ён абараняў Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны — яшчэ да таго, як у 1944 годзе пайшоў у армію, дапамагаў партызанам, з рызыкай для жыцця хаваў у сваёй хаце параненых, прымаў удзел у дзеяннях партызанскага атрада імя Фрунзе. Менавіта тады, дарэчы, і апынуўся літаральна паміж жыццём і смерцю…

Расказвае Галіна Крусь, у мінулым — галоўны бухгалтер калгаса «XXI з’езд КПСС»:

— З сям’ей Валасюк у нас заусёды былі добрыя адносіны. Памятаю. калі Фёдар Канстанцінавіч упершыню прыйшоў да нас у калгас, многія нават уздыхнулі з захапленнем — такі ён быў увесь малады, прыгожы, рашучы. Выбралі аднагалосна. Ён любіў людзей – і нягледзячы на тое. што быў строгім і патрабавальным кіраўніком, заставаўся вельмі добрым чалавекам. Любіў і адпачыць у кампаніі. Аднойчы расказаў нам пра выпадак, які здарыўся падчас яго партызанскай дзейнасці, калі Фёдар Канстанцінавіч разам ca сваім братам былі ў атрадзе імя Фрунзе. Па ўсяму выходзіла, што пра іх чарговы візіт дадому даведаўся здраднік – і калі аднойчы яны з братам зайшлі ў хату, мясцовасць акружылі гітлераўцы. Пасля нядоўгага разважання брат першым выскачыў у акно, адцягваючы ўвагу немцаў, і пабег ровам да лесу. Гітлераўцы — за ім. Але не ўсе — адзін застаўся на варце каля хаты. Карыстаючыся момантам нечаканасці, Фёдар Канстанцінавіч голымі рукамі збіў немца на зямлю і кінуўся да лесу. Відаць, братам дапамагаў сам Бог — нягледзячы на пагоню. абодва засталіся жывымі…

Гэта — толькі адзін прыклад таго, якім на самой справе быў гэты незвычайны чалавек. Цяжкасці ваеннага часу не зламалі яго душу, не зрабілі чэрствым і жорсткім. Яны толькі выхавалі характер — як загартоўваюць удары молата добрую сталь.

З успамінаў Лідзіі Мазур, сястры жонкі Фёдара Валасюка:

— У 1943-м годзе немцы спалілі веску Чаравацічы і расстралялі маю сям’ю. У 8 гадоў засталася круглай сіратой — без хаты, без родных, без надзеі. Кaлi Фёдар Канстанцінавіч вярнуўся з фронта, забраў сваю сям’ю ў Кобрын, у 1946-м годзе яны забралі мяне да сябе. Нягледзячы на тое, што роднай дачкой я для яго не была, ніколі ў жыцці не пачула аніводнага папроку за кусок хлеба. Ён на самой справе замяніў мне бацьку — з ім дзялілася ўсімі сваімі думкамi.

Разам з Савецкай Арміяй Фёдар Валасюк у свой час дайшоў да Варшавы, дзе i быў паранены. Пасля вайны працаваў у органах унутраных спраў, але свае сапраўднае прызванне знайшоў у 1958-м годзе на пасадзе старшыні калгаса імя Сталіна. Нельга сказаць, што пачатак прафесійнага станаўлення быў лёгкім. Гаспадарка на той час не была моцнай, існавала шмат разнастайных праблем. Менавіта ў гады праўлення Фёдара Канстанцінавіча была выплачена запазычанасць за працу, якая існавала ў многіх калгасах, былі падабраны надзейныя кадры, зроблена верная стаўка на жывёлагадоўлю, створана племянная ферма. Актыўна праводзіліся меліярацыйныя работы — дарэчы, упершыню ў раёне па дрэнажнай схеме, у выніку чаго калгас вырас на сотні гектараў зямлі. Менавіта тут — дарэчы, таксама ўпершыню ў раёне — першымі пачалі будаваць жыллё для калгаснікаў. Невыпадкова, што ў хуткім часе старшыня адноўленай гаспадаркі атрымаў зорку Героя Сацыялістычнай Працы…

Расказвае Валянцін Позняк, намеснік старшыні ААТ «Астромічы», у мінулым інжынер калгаса «XXI з’езд КПСС»:

— Шчыра прызнаюся – з Фёдарам Канстанцінавічам мне давялося працаваць толькі тры гады. Але думаецца. што калі б не прайшоў гэтую школу, то наўрад цi здолеў бы працаваць у сельскай гаспадарцы.

Патрабаванні да маладых у Фёдара Валасюка былі вельмі сур’ёзныя, ды і сам ён як кіраўнік аказваў вельмі моцнае ўражанне. Была ў ім нейкая ўнутраная сіла. Калі бачыў, што чалавек можа і ўмее працаваць — заўсёды аказваў падтрымку. А вось лайдакоў не пераносіў на дух – як і ўсялякай нядбайнасці, асабліва ў адносінах да зямлі і ўласнасці. Раскажу адну гісторыю. У той год вясна была ранняй. Не паспелі што называецца. Азірнуцца, як ужо час касіць травы. А ў мяне касілка не працуе — недагледзеў па маладосці. Выклікае Фёдар Канстанцінавіч i пытаецца – што з касілкаю? Я адказваю — маўляў, праз тры дні будзе гатова. «Праз тры дні яна табе ўжо не спатрэбіцца. — адказвае Фёдар Валасюк. — Сёння каб выйшла на поле!»

Я, зразумела, падхапіўся, знайшоў запчасткі, гляджу — выходзіць Фёдар Канстанцінавіч «Ну што, як справы?» Адказваю — усё, маўляў, добра, усё знайшоў. А сам думаю — вось і пахваліць за аператыўнасць зараз. А ён, нібыта думкі прачытаў: «Што, чакаеш, пакуль пахвалю? Вось калі б усё гэта яшчэ зімой зрабіў — то пахваліў бы».

У гэтым быў ён увесь — строгі, але справядлівы, з дбайным гаспадарскім падыходам. Дарэчы, цікавая дэталь — усё сваё жыццё на пасадзе старшыні Фёдар Валасюк быў заўзятым праціўнікам крэдытаў. Ён быў упэўнены — прадпрыемства павінна само зарабляць сабе грошы, — а не лазіць у кішэню дзяржавы. «Які ж ты гаспадар, калі свайго рубля не маеш?»- часта адказваў ён, калі заходзіла гаворка пра крэдытаванне. І ў сваёй гаспадарцы лічыў кожную капейку, знаходзіў усе магчымыя шляхі да таго, каб зрабіць калгас моцным і прыбытковым.

Як адзначае Валянцін Позняк, у Фёдара Валасюка ён навучыўся самай галоўнай рысе, без якой практычна немагчыма працаваць на кіруючай пасадзе, — не быць злапамятным. Фёдар Канстанцінавіч заўсёды даваў чалавеку другі шанц.

— Мог, што называецца, i кулаком па сталу стукнуць, — расказвае Валянцін Позняк. — А потым падыдзе, ляпне па плячы — ну што, маўляў, галаву павесіў? ідзі ўжо, небарака, выпраўляй гpaxi… Не дзіўна, што такога старшыню мы ўсе паважалі, цанілі і любілі.

Расказвае дачка Галіна Валасюк:

— Колькі памятаю свайго тату — да яго заўсёды. дзе б ён ні знаходзіўся. ішлі і ішлі людзі з самымі рознымі праблемамі. Нікому не адказваў у дапамозе. Бывала, як ні прыдзеш у прыёмную — сядзяць бабуля, дзядуля. чакаюць. пакуль прыедзе старшыня. Таму што ведалі – ён абавязкова дапаможа, зразумее. Для яго практычна не існавала паняцця працоўнага дня — у рабоце быў пастаянна, нягледзячы на дзень і ноч. Для нашай сям’і ён заўсёды быў сапраўднай апорай і надзеяй…

Выдатны бацька, цудоўны муж, добры кіраўнік, чулы чалавек… Задумайцеся — ці так ужо часта мы можам бачыць спалучэнне ўсіх гэтых якасцей у адной асобе? Мабыць, для таго, каб апісаць увесь жыццёвы шлях Фёдара Валасюка, не хапіла б і цэлай кнігі. Сёння яго імя носіць піянерская дружына ў Пескаўскай школе, ключы ад новага будынка якой ён калісьці ўручаў дырэктару. На праўленні СВК «Вербнае», як вечны сведак працоўнай славы, засталася прысвечаная яму мемарыяльная дошка.

А яшчэ засталася памяць… Тая самая памяць, якая, нягледзячы на няўмольны час, заўсёды захоўвае сляды нашых добрых спраў. Светлыя ўспаміны жывуць у сэрцы кожнага, хто хоць калі-небудзь сутыкаўся з Фёдарам Канстанцінавічам Валасюком. Гартаючы старонкі яго біяграфіі, можна сказаць з упэўненасцю — усё жыццё ён служыў людзям. І людзі
пра гэта памятаюць…

Дзмітрый БЯЛОЎ.