Бялоў, Д. Перажываюць подзвігі герояў / Дзмітрый Бялоў // Героическая Брестчина. – Брест, 2015. — C. 55-58. – (Славим тех, кто Победу ковал).

Сярод мірных заслуг ветэрана Вялікай Айчынай вайны Грыцука В. М. — ордэн Леніна, ордэн Чырвонай Зоркі, два ордэны Працоўнаг Чырвонага Сцяга і многія іншыя ўзнагароды.

ПЕРАЖЫВАЮЦЬ ПОДЗВІГІ ГЕРОЯЎ

З кожным годам усё менш сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай — жывых сведкаў самай страшнай трагедыі мінулага стагоддзя, час, хваробы і старыя раны няўмольна збіраюць сваю сумную даніну. I, на жаль, вельмі часта разам з самімі ўдзельнікамі той вайны назаўсёды адыходзяць ад нас і жывыя ўспаміны аб тых падзеях, якія ў свой час вызначылі лёс усяго нашага народа. Але бывае і зусім інакш — калі памяць, нібыта моцнае дрэва, прабівае сабе шлях праз гады і пакаленні, калі ўспаміны бацькоў працягваюць жыць у іх дзецях, а потым перадаюцца ўнукам. Менавіта гэткі цудоўны прыклад знайшлі мы ў сям’і Васіля Грыцука — сына ветэрана вайны Васіля Міхайлавіча Грыцука, які пакінуў нас у мінулым месяцы.

— Вайсковая служба для майго бацькі пачалася яшчэ да вайны,- успамінае Васіль Васільевіч — Здарылася так, што апынуўся ён адразу ў Ленінградзе — там прыняў прысягу і служыў у 2-м пражэктарным палку, які ахоўваў горад ад паветраных налётаў. Стаялі за горадам недалёка ад ракі Іжоры.

Можна толькі ўяўляць сабе, якім вялікім і нязвыклым здаўся для маладога вясковага хлопца славуты горад. Запомнілася Васілю Грыцуку і адна са шматлікіх бацькавых гісторый пра тыя, яшчэ даваенныя часы — як яны, прызыўнікі з самых розных куткоў Савецкага Саюза, упершыню ў жыцці селі ў трамвай. А праз хвіліну, калі трамвай паехаў, усе разам пападалі — аб тым, што трэба трымацца за поручні, ніхто з іх проста не ведаў…

А потым аднойчы ў небе нечакана з’явіліся нямецкія самалёты. Хаця, як расказваў Васіль Міхайлавіч, супрацьпаветраная абарона Ленінграда была арганізавана вельмі шчыльна, і спачатку толькі рэдкія самалёты маглі яе пераадолець. Аднак махавік нямецкага «бліцкрыгу» набіраў абароты — масіраваныя атакі хутка пачаліся адначасова з усіх напрамкаў, а з 8 верасня вакол горада замкнулася блакаднае кола. Ветэран успамінаў, як страшна вылі сірэны падчас паветраных налётаў, як гарэлі Бадаеўскія склады, дзе захоўваўся галоўны прадуктовы запас ленінградцаў, як па вуліцы з месца пажару цяклі сапраўдныя рэкі палаючага цукру… Як у блакадным горадзе проста на вуліцах падалі людзі — каб ужо ніколі не падняцца на ногі. Як адна з бомб прабіла некалькі паверхаў шпіталя, дзе ляжаў з раненнем Васіль Міхайлавіч, і разарвалася недзе ўнізе, змяшаўшы ў адну страшную мешаніну і сцены будынка, і параненых, і дактароў…

Васілю Грыцуку пашчасціла — яго разам з іншымі параненымі вывезлі з блакіраванага горада па славутай «дарозе жыцця». якая праходзіла па лёдзе Ладажскага возера. Шпіталь у Комі — і зноў на фронт, у гэты раз — Калінінскі, куды Васіль Грыцук трапіў у складзе 79-га Гвардзейскага стралковага палка. Набліжаліся падзеі, па матывах якіх пазней быў зняты фільм «Корпус ге- нерала Шубнікава» — дарэчы, які вельмі любіў глядзець Васіль Грыцук. Падраздзяленням, у якіх ён служыў, было патрэбна звязаць боем нямецкія рэзервы, якія рухаліся на дапамогу войскам Паўлюса, што знаходзіліся ў сталінградскім катле. А ўвогуле за вайну Васілю Грыцуку давялося быць і сувязістам, і аўтаматчыкам, і бранябойшчыкам-стралком супрацьтанкавага ружжа, і паездзіць на брані славутых «трыццацьчацвёрак» у складзе танкавага дэсанта. Але на ўсё жыццё запомніўся той самы непаўторны смак звычайнага хлеба — які ён, нібыта ўпершыню ў жыцці, пакаштаваў пасля выхаду з блакаднага Ленінграда.

А 25 лістапада 1942 года Васіля Міхайлавіча напаткала другое раненне — яму ў некалькіх месцах перабіла левую руку. I ў мірны час яшчэ доўга Васіль Грыцук успамінаў прафесіяналізм і адказнасць ваенных хірургаў і тыя намаганні, якія яны нават у тых сціслых умовах прыкладалі да таго, каб паставіць чалавека ў строй. Паставілі і яго. Доўгае лячэнне, рэабілітацыя — і зноў на фронт.

Успамінаў Васіль Грыцук і дні, калі за адзін дзень выбівалі цэлыя стралковыя палкі і так званыя «жаночыя» батальёны, якія кідалі ў баі з-за недахопу асабістага саставу… Калі з некалькіх тысяч чалавек літаральна праз дзень-другі ў жывых заставалася адна няпоўная рота. Калі стаяў над палямі страшны смурод ад соцень трупаў — і нашых, і нямецкіх, якія не паспявалі прыбіраць.

Ну а потым пачалася ўжо зусім іншая вайна — Савецкая Армія рухалася на Захад, вызваляючы горад за горадам. Беларусь, Польшча, Германія… Там, у Германіі — дарэчы, у даволі цікавых абставінах,- Васіль Грыцук сустрэўся з саюзнікамі.

— Бацька ўспамінаў, што ў канцы вайны на сваёй тэрыторыі немцы часта рабілі на нашы калоны засады,- успамінае Васіль Васільевіч.- Напрыклад, укопвалі ў зямлю танк па самую башню, добра маскіравалі і чакалі. Таму наперадзе і крыху збоку ад калон звычайна ішла разведка. Бацька на той час недзе паспеў здабыць трафейны веласіпед, на якім у той дзень і перамяшчаўся наперадзе калоны… Бачыць — нейкі гарадок, а ў ім — людзі. Спачатку думаў — немцы. Потым уважліва паглядзеў — а форма іншая, ды і машыны не нямецкія. Глядзіць — а некаторыя ўвогуле чарнаскурыя! Ну, дакладна не гітлераўцы. Аказалася — амерыканцы. Сустрэліся, абмяняліся цыгарэтамі… Цыгарэты саюзнікаў, дарэчы, нашым салдатам зусім не спадабаліся — прывыклі да сваёй, звычнай махоркі.

Там, на нямецкай зямлі, і скончылася вайна для Васіля Грыцука. I сёння ў ваенным білеце ветэрана можна прачытаць: «Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне з чэрвеня 1941-га па 1945 год». Ад пачатку і да самага канца — на перадавой, пад агнём, сам-насам са смерцю. А ў 1946 годзе былы франтавік развітаўся з ваеннай службай. Настаў час мірнай працы — Васіль Міхайлавіч стаў першым старшынёй першага калгаса імя Леніна, вёў актыўную грамадскую дзейнасць — ды і ўвогуле, усё жыццё правёў у працы. Ён лічыў, што чалавек — як машына, якая без працы імгненна пакрываецца ржой і выходзіць са строю. Гэтая ўпэўненасць ды «старая загартоўка» чалавека, які прывык перамагаць цяжкасці, і дапамагалі яму не губляць энергіі на працягу ўсяго яго жыцця. Што ж да памяці пра ваенныя і мірныя заслугі, то сёння, пасля смерці ветэрана, іх доказы пяшчотна захоўвае сын. Ордэн Леніна, ордэн Вялікай Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, два ордэны Працоўнаг Чырвонага Сцяга і многія іншыя ўзнагароды, узнагародныя лісты, ордэнскія кніжкі — як памяць аб тым, што нельга забыць.

Слухаючы Васіля Васільевіча, можна толькі здзіўляцца дакладнасці і падрабязнасці, з якімі ён запомніў усе ўспаміны бацькі. Магчыма, менавіта ў гэтай вечнай сувязі паміж пакаленнямі і заключаецца наша галоўнае багацце. Таму што немагчыма пакарыць народ, пакуль у ім з вуснаў у вусны перадаюцца ад бацькоў дзецям успаміны аб мінулым, подзвігі перажываюць герояў, а памяць захоўвае ўрокі гісторыі — якія не павінны паўтарыцца ніколі.

Дзмітрый БЯЛОЎ, Кобрынскі раён