Біяграфічны нарыс

Надзея Рыгораўна Дземянчукнарадзілася 25 ліпеня 1940 года ў вёсцы Песценькі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства дзяўчынку вабіла літаратура: прыгоды, падарожжы, гісторычныя кнігі.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 г. Кобрына Надзея ўладкавалася на работу ў Хадыніцкую сельскую бібліятэку Кобрынскага раёна (1957-1958) З 1959 года па 1963 год працавала піянерважатай Бярозаўскай школы Кобрынскага раёна.
Атрымала адукацыю ў сферы культуры: закончыла Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча (1960), бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1968). У 1963–1968 гадах – культарганізатар Кобрынскага парку культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. Потым назначана на пасаду загадчыцы чытальнай залы Кобрынскай раённай бібліятэкі (1968–1972), узначальвала раённую дзіцячую бібліятэку (1972–1977).
Энергічную, мэтанакіраваную і творчую жанчыну запрасілі на адказную пасаду дырэктара Кобрынскага парку культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. Яна стала дастойным пераемнікам традыцый былога дырэктара Мікалая Нікіціча Вымаркава, пры якім пашыраліся межы парку, паляпшалася яго добраўпарадкаванне і які імкнуўся, каб кобрынскі парк прызналі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Новаму дырэктару ўдалося ажыццявіць гэтую мэту. Пад кіраўніцтвам Н. Р. Дземянчук значнасць і вядомасць парку паднялася на новую вышыню.
На пасадзе дырэктара парку культуры і адпачынку Надзея Рыгораўна працавала з 1977 года да 1993 года і прыўнесла ў работу шмат новага. Дзякуючы настойлівасці кіраўніка на радасць маленькіх кабрынчан былі набыты і абсталяваны новыя атракцыёны, некаторыя з якіх даводзілася везці за тысячы кіламетраў. Было пабудавана памяшканне для гульнявых аўтаматаў. Узвядзенне будынка цяперашняга дзіцячага забаўляльнага комплекса «Кеша» распачыналася таксама пры Надзеі Дземянчук.
Шмат удалося зрабіць у справе арганізацыі культурна-масавай работы. Асаблівае месца ў праграмах мерапрыемстваў адводзілася дням працоўных рапартаў, ушаноўванні перадавікоў вытворчасці, пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва. Добра зарэкамендавалі сябе і палюбіліся жыхарам горада новыя святы і абрады: пасвячэнне ў рабочыя, урачыстыя провады ў Савецкую армію, уручэнне пашпартаў, тэатралізаваныя святы «Руская зіма», «Сустрэча вясны». Цікава праходзілі і народныя гулянні, якія прысвячаліся савецкім святам, важнейшым падзеям у жыцці краіны, прафесіянальным святам рабочых калектываў. У святочныя дні праводзіліся бяспройгрышныя латарэі, ініцыятарам стварэння якіх з’яўлялася таксама Надзея Дземянчук.
Вялікай папулярнасцю карысталіся дыскатэкі пад адкрытым небам, на якіх выступалі вакальна-інструментальныя ансамблі з цудоўным рэпертуарам і жывым гукам. Старэйшае пакаленне добра памятае ў парку пакой з «крывымі люстрамі», у якім заўсёды гучаў смех. Штотыднёва па нядзелях працаваў лекторый, дзе можна было паслухаць лекцыю аб міжнародным становішчы, сустрэцца з урачамі, юрыстамі, педагогамі. Для дзяцей праводзіліся разнастайныя ранішнікі, святы сустрэчы птушак, піянерскія кастры, конкурсы, былі створаны клубы «Гульні і святы» і «Зялёны патруль». Дырэктар і супрацоўнікі парку імкнуліся, каб людзі розных узростаў і прафесій знайшлі тут занятак па густу, як след адпачылі.
Н. Р. Дземянчук стварыла «жывы куток» у парку. Паўліны, фазаны, чорныя і белыя лебедзі, вавёркі — усе гэтыя птушкі і жывёлы завозіліся з падмаскоўнага г.Хімкі Маскоўскай вобласці. Менавіта па ініцыятыве Надзеі Рыгораўны ў парку з’явіліся экзатычныя жывёлы. Старажытныя дрэвы, рэдкія расліны таксама патрабавалі асаблівай руплівасці і ўважлівых адносін да сябе.
У 1983 годзе Кобрынскі парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава прымаў удзел у чацвёртым туры конкурсу-агляду паркаў СССР і па яго выніках быў удастоены Дыплома II ступені ВДНГ, парку прысуджаны сярэбраны і два бронзавыя медалі. Асабіста Надзея Рыгораўна была ўзнагароджана сярэбраным медалём ВДНГ СССР і іншымі адзнакамі. Так высока ацэнена і прыгажосць, і гістарычнае значэнне парку, і тая работа, якая праводзілася па арганізацыі цікавага і карыснага адпачынку насельніцтва.
Н. Р. Дземянчук прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР» (1991). Узнагароджана юбілейным медалём «За доблестный труд», значком Міністэрства культуры СССР «За отличную работу».
Надзея Рыгораўна Дземянчук памерла 23 сакавіка 2001 года.
Сёння Кобрынскі парк імя А. В. Суворава заслужана займае адно з вядучых месцаў сярод сваіх рэспубліканскіх субратаў. Даўнія мары Надзеі Рыгораўны здзейсніліся. Справа, якой яна прысвяціла амаль што ўсё сваё сумленнае жыццё, прымножана на радасць новых пакаленняў кабрынчан.