Дземянчук, Н. Для лепшага адпачынку / Н. Дземянчук // Камуністычная праца. – 1986. – 11 сакавіка.

Для лепшага адпачынку

ПАРК культуры і адпачынку імя А. В. Суворава з’яўляецца адным са старэйшых зялёных масіваў горада. Ён заснаваны ў 1948 годзе і стаў выдатным месцам адпачынку кабрынчан. Так, толькі летась платнымі мерапрыемствамі было абслужана каля паўмільёна чалавек, а гэта значыць, што кожны жыхар горада пабываў тут больш як 10 разоў.

Папаўняюцца зялёныя насаджэнні парку. У мінулым годзе пасаджана 400 дрэў, закладзена алея ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі, а сёлета плануем закласці такую ж алею ў гонар 700-годдзя г. Кобрына.

Значнае месца ў сваёй дзейнасці калектыў парку адводзіць правядзенню новых свят і абрадаў. Імкнемся, каб людзі розных узростаў і прафесій знайшлі тут занятак па густу, як след адпачылі. Пагэтаму шукаем самыя дзейсныя метады і разнастайныя формы культурна масавай работы. Традыцыйнымі сталі ў нас масавыя мерапрыемствы, такія, як тэатралізаваныя святы «Рускай зімы», «Сустрэчы вясны», «Провады ў рады Савецкай Арміі». Вось і сёлета намячаем правесці свята вуліцы і плошчы У. I. Леніна, свята савецкай сям’і, народнае свята «Купалле» і іншыя.

Набірае сілу створаны ў канцы мінулага года клуб «Здароўе». Яго задача — уцягненне ўдзельнікаў у рэгулярныя заняткі фізічнай культурай. Тут ёсць і секцыя «маржоў». Заняткі ў клубе праводзяцца тры разы ў тыдзень. Шмат увагі ўдзяляем таксама і «жывому кутку» парку, які адыгрывае вялікую выхаваўчую ролю, далучае людзей да цуднага свету жывёлін і птушак.

Па нашай ініцыятыве ў канцы мінулага года закладзены парк у вёсцы Магдалін калгаса «Новы шлях», якому прысвоена імя XXVII з’езда КПСС. Зараз мы шэфствуем над ім і правялі ўжо тут свята рускай зімы.

Вядома, зроблена шмат для арганізацыі карыснага адпачынку людзей, аднак супакойвацца на гэтым пакуль што рана. Яшчэ больш як дзесяць гадоў назад быў складзены генеральны план развіцця парку. але да гэтае пары ён не ажыццёўлены. Матэрыяльная база далёка не адпавядае сучасным патрабаванням. Пакуль няма дабротных чытальнага і танцавальнага залаў, базы пракату, памяшканняў для работы гурткоў, клубаў па інтарэсах. Наспела неабходнасць рэканструкцыі парку. Тэрыторыю яго абавязкова патрэбна агарадзіць. Парк з’яўляецца працягам экспазіцыі музея А. В. Суворава і яго наведвае вялікая колькасць экскурсантаў. Таму належыць стварыць тут мемарыяльную зону. Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў будзе садзейнічаць яшчэ лепшай арганізацыі адпачынку, развіццю культурна спартыўнага комплексу.

Праўда, некаторыя арганізацыі горада пайшлі нам насустрач і ўзялі шэфства над паркам, унеслі свой уклад у яго добраўпарадкаванне. Так, БУ- 182 адрамантавала фантан «Ёлачка», ПМК-12 і МУААС ачысцілі сажалкі і злучылі іх з каналам, школы горада і вучылішча тэкстыльшчыкаў дапамагаюць убіраць тэрыторыю.

Усё гэта, вядома, добра. Аднак хацелася б, каб была праведзена генеральная рэканструкцыя парку. Самім нам не пад сілу выканаць такі аб’ём работ. Пажадана, каб буйныя прадпрыемствы горада дапамаглі нам матэрыяльнымі і працоўнымі рэсурсамі. Дапамагчы парку — значыць спрыяць і сваім рабочым, іх сем’ям у арганізацыі вольнага часу змястоўнага і здаровага адпачынку. Такія ўкладанні акупяцца ў сто разоў. На XXVII з’ездзе КГІСС падкрэслівалася, што галоўным рухавіком прагрэсу, яго душой быў, ёсць і застанецца чалавек. I самай моцнай гарантыяй нашых поспехаў з’яўляецца пастаянны клопат аб умовах яго працы, быту і адпачынку.

Н. ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар парку культуры і адпачынку

 імя А. В. Суворава.