Жыхарка аг. Гарадзец Г. Р. Шаўчук мае званне заслужанага работніка аховы здароўя.
З чуласцю да людзей
Справядлівасці жыцця здзіўлялася не адзін раз, неаднойчы ўражвалася і яго выкрутасамі, якія яно часам выкідвала, каб расставіць усё на свае месцы. Уражвала гэта самае жыццё арыенцірамі, якія шчодра расстаўляла яно ў лёсах людзей, каб тыя правільна знайшлі сваю дарогу.
Лёсавызначальныя знакі былі і ў жыцці жыхаркі аграгарадка Гарадзец Ганны Шаўчук.

Яе прафесіянальны шлях вырашыла цяжкая хвароба на фурункулёз, якую яна перанесла ў дзяцінстве. Сляды ад страшнай немачы і зараз прыкметны на целе жанчыны, хоць з тае пары прайшло амаль семдзесят гадоў.
— Мама вылечыла мяне народнымі сродкамі, а яшчэ любоўю і клопатам, — заўважыла пры нашай размове жанчына, успамінаючы падзеі таго часу.
У бацькоўскай сям’і Ганна Рыгораўна навучылася любіць людзей. Напэўна, яе прафесійны поспех, які ўвасобіўся ў шматлікіх граматах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў і званні заслужанага работніка аховы здароўя, і быў абумоўлены той чуласцю, з якой яна ставілася да іх.
«Медыцынскі» хлеб не бывае лёгкім. Вось і наша гераіня, набыўшы спецыяльнасць фельчара-акушэра ў Брэсцкай фельчарска-акушэрскай школе, спаўна яго пакаштавала, прысвяціўшы медыцыне 42 гады.
Пачалося ўсё з фельчарскай працы на Камянеччыне, куды яе накіравалі як маладога спецыяліста. Жыццёвыя абставіны ў выглядзе замужжа ў вёску Акцябр прывялі дваццацідвухгадовую Ганну бліжэй да малой радзімы — вёскі Нятрэба. Працаваць уладкавалася ў Гарадзецкую амбулаторыю, якой на той час кіраваў Васілій Тачоны, інвалід вайны, які запомніўся нашай гераіні доктарам з вялікай літары. Па яго прыкладзе яна ніколі не лічылася з часам, калі гаворка вялася пра здароўе людзей. Па дапамогу звярталіся да яе вяскоўцы ў любы час сутак, і яна, нягледзячы на хатні клопат і двух дзяцей, згодай адгукалася на гэтыя выклікі.
— Памятаю, як у адной парадзіхі ўскладніліся роды. Абільны крывацёк мог прывесці яе да смерці. Ацаніўшы сітуацыю, зразумела, у чым прычына — разрыў шыйкі маткі. Патрэбна было неадкладна шыць, і я ўзялася за іголку, — заўважыла жанчына. — Пазней, у думках вяртаючыся да таго выпадку, не раз здзіўлялася сваёй смеласці. Маладая была, адчайная.
Экстрэмальных выпадкаў у жыцці Ганны Шаўчук было шмат, і ў кожным з іх яна рабіла ўсё ад яе залежнае. Напэўна, і зараз у вёсках Мяфёдавічы, Рудзец, Ліпава, Камень, якія знаходзіліся «пад патранажам» Ганны Рыгораўны, успамінаюць яе цёплымі словамі.
Не закончылася доктарства і па выхадзе яе на пенсію. Аднавяскоўцы па-ранейшаму шукалі дапамогі ў свайго колішняга доктара, і жанчына не адмаўляла. 7 лістапада Ганна Шаўчук адсвяткавала свой 83 дзень нараджэння. Зараз у сілу ўзросту яна дапамагае людзям добрымі словамі і парадамі. Яны ж, удзячныя, памятаюць сваю выратавальніцу, і пра важную падзею паведамілі ў нашу газету, мы ж у сваю чаргу палічылі за доўг расказаць нашым чытачам пра заслужанага чалавека.
Людміла Дубіна