Дубінка Зоя Уладзіміраўна

Біяграфічны нарыс

Зоя Уладзіміраўна Дубінка нарадзілася 6 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Дзядзічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Калі была яшчэ зусім маленькай, бацька пайшоў на фронт. Не памятае, як пачалася вайна, затое добра памятае, як адступалі немцы, як у 1945-м прыйшла пахаванка на бацьку. Выхаванне двух сыноў і маленькай Зоі лягло на плечы маці.

І пасля вайны сям’я жыла вельмі бедна, але гэта не перашкаджала Зоі добра вучыцца, шмат чытаць. Марыла стаць урачом, аднак паступіць у медыцынскі інстытут не атрымалася, вярнулася дамоў. Працавала ў школе лабарантам. На наступны год зноў збіралася паступаць у медыцынскі, але па парадзе брата паступіла ў Гальшанскі заатэхнічны тэхнікум.

Жаданне быць карыснай свайму народу, быць прафесіяналам сваёй справы, заставіла яе, вясковую дзяўчыну, што вучылася чытаць і пісаць пры газавай лямпе, атрымаць добрую адукацыю – закончыць тэхнікум (1958), затым Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1967).

У калгас «Зара» Кобрынскага раёна (цяпер СВК «Узыходзячая зара») дваццацігадовая дзяўчына трапіла па размеркаванні пасля сельгастэхнікума ў 1958 годзе ў разгар калгаснага і сацыялістычнага будаўніцтва. Незадоўга да яе прыезду тры суседнія дробныя гаспадаркі аб’ядналіся і рабілі першыя крокі на шляху станаўлення. Гаспадарка была шматпрофільнай, разводзілі птушку, коней, кароў, свіней. На малочна-таварнай ферме працавалі дзяўчаты, якім было толькі за шаснаццаць, даілі і кармілі кароў уручную. З 1958 года па 1975 год Зоя Дубінка працавала галоўным заатэхнікам калгаса. Штодня наведвала фермы ў вёсках Хідры, Гайкоўка, Каташы, Ізабелін. У канцы 1960-х гаспадарку ўзначаліў Анатолій Емельянавіч Гуцэў, які правёў рэарганізацыю зямель і вёсак.

Энергічную і ініцыятыўную маладую жанчыну заўважылі – абралі сакратаром партарганізацыі гаспадаркі. З 1975 года па 1995 год з’яўлялася намеснікам старшыні калгаса. З. У. Дубінка працавала з вялікай колькасцю людзей, была і псіхолагам, і дыпламатам, да кожнага знаходзіла падыход. Была упэўнена, што ў першую чаргу неабходна чалавека паважаць і разумець.

У гаспадарцы было шмат зроблена па яе тэхнічным забяспячэнні. Менавіта ў калгасе «Зара» аднымі з першых пачалі сур’ёзна займацца пытаннямі навуковай арганізацыі працы, паявіліся першыя калгасныя эканамісты, даяркі перайшлі на двухзменную работу i пяцідзённы тыдзень. З 1975 года гаспадарку ўзначальваў выпускнік Ленінградскага інстытута сельскай гаспадаркі Іван Іванавіч Тарасюк (1941–2009), заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1998). Старшыня дабіўся ўстойлівай дынамічнай працы, стварыў усе ўмовы для нармальнай работы і дабрабыту вяскоўцаў. У калгасе «Зара» працавалі два Героі Сацыялістычнай Працы: Таццяна Антонаўна Сакалюк і Міхаіл Калістратавіч Дубінка.

І сёння СВК – адна з перадавых гаспадарак раёна. Працягваецца далейшая рэканструкцыя свінакомплексаў, будуюцца новыя памяшканні. На балансе гаспадаркі дзіцячы садок, басейн, баня, масажны і зубапратэзны кабінеты, пральня.

За дасягнутыя поспехі ў выкананні планаў вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі З. У. Дубінка мае высокія ўзнагароды: ордэны «Знак пашаны» (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), шэраг ганаровых грамат. У 1986 годзе прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР».

Неаднаразова выбіралася дэпутатам Саветаў працоўных на мясцовым узроўні, была дэпутам Вярхоўнага Савета БССР IX склікання (1975–1980), уваходзіла ў склад Камісіі па сацыяльным абслугоўванні і ахове здароўя.

Любоў да кніг засталася з Зояй Уладзіміраўнай на ўсё жыццё, яна сабрала вялікую дамашнюю бібліятэку. Чытала ўсё, што толькі ўдавалася дастаць у вёсцы: Ж. Верна, Л. Талстога, У. Караткевіча, І. Шамякіна. Вясковая інтэлігенцыя – настаўнікі – адразу ветліва прынялі да сябе ў кампанію начытаную і эрудыраваную дзяўчыну. Практычна з першага дня, як апынулася ў Хідрах, Зоя Уладзіміраўна спявала ў харавым калектыве, выступала з народным хорам «Спадчына».

У 1995 годзе Зоя Уладзіміраўна пайшла на заслужаны адпачынак, але ад спраў не адышла. З’яўлялася членам праўлення СВК «Узыходзячая зара», прымала актыўны ўдзел у жыцці вёскі. Да 2020 года ўзначальвала ветэранскую арганізацыю, у якой амаль 300 чалавек. Кожнага Зоя Уладзіміраўна ведала, перадавала вопыт, дапамагала вырашаць праблемы. І ў гэтай справе актыўная, поўная аптымізму жанчына дасягнула поспехаў. За сваю грамадскую дзейнасць была ўзнагароджана Граматай Кобрынскага райвыканкама, удастоена звання «Почётный ветеран» Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

«“Зара” – мая Радзіма, маё жыццё, – гаворыць Зоя Уладзіміраўна Дубінка. – Нягледзячы на ўсе жыццёвыя складанасці я лічу, што прыехала сюды недарэмна».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Заслужаныя работнікі Беларусі. Дубінка Зоя Уладзіміраўна // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск, 2002. — С. 429. – (Вызначыліся працай).

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Дубінка Зоя Уладзіміраўна // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2020. – С. 129 — 130 : фат. – (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).

Заслуженные работники Беларуси. Дубинка Зоя Владимировна // Хидры — первый агрогородок на Кобрин-щине : информационно-аналитический очерк / Кобринская центральная районная библиотека, отдел обслуживания и информации ; сост. Светлана Курачук, гл. библиограф. – Кобрин, 2007. – С. 40. – (Наша гордость, наша слава).

Дубінка, З. Кобрыншчына ў маім жыцці / Зоя Дубінка // Кобрынскі веснік. – 2020. – 15 студзеня. – С. 4.

Да 80-годдзя Кобрынскага раёна.

Елизарова, Ж. Эра открытий, достижений, развития / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. — 2018. — 12 снежня. — С. 5.

О трудовой деятельности З. Дубинки в колхозе «Заря» (ныне СПК «Восходящая заря»).

Пашковіч, Л. У вачах ― свет, а ў душы ― аптымізм / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. — 2017. — 17 чэрвеня. — С. 4.

Жыхарка в. Хідры, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі З. У. Дубінка, адзначыла 80-гадовы юбілей.

Лесік, І. Узыходзячая зорка Кобрыншчыны / Ірына Лесік // Кобрынскi веснiк. — 2014. — 3 снежня. — С. 1.

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі З. У. Дубінка працуе ў СВК «Узыходзячая зара».  

Мельнік, Р. Зоя Дубинка: «Ушаноўваць традыцыі – справа гонару» / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2010. – 6 лістапада. – С. 2.

Владимиров, Д. Главная награда – уважение людей / Дмитрий Владимиров // Кобрынскі веснік. – 2008. – 7 сакавіка. – С. 2.

Зоя Дубинка прошла долгий трудовой путь — от рядового до главного зоотехника, заместителя председателя колхоза и секретаря парторганизации.

О награждении орденами и медалями СССР передовиков сельского хозяйства Белорусской ССР : Указ Президиума Верховного Совета СССР, 26 марта 1982 г. // Заря. — 1982. – 7 апреля.

Заместитель председателя колхоза «Заря» Кобринского района З. В. Дубинка награждена орденом Трудового Красного Знамени.

Дабрагост, І. Узнагароды – перадавікам / І. Дабрагост // Камуністычная праца. – 1982. – 17 красавіка. Сакратар парткома калгаса «Зара» З. У. Дубінка ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.