Кірык, В. З днём нараджэння, парк! / [Валерый Кірык ; гутарыў] Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. – 2003. – 27 верасня.

Шмат удалося зрабіць у справе арганізацыі культурна-масавай работы Надзеі Дземянчук, якая працавала дырэктарам парку з 1977 да 1993 года.

З днём нараджэння, парк!

Кобрынскі парк — з’ява унікальная. Напрыканцы верасня ён адзнзчае 55-годдзе з дня існавання ў якасці парку культуры і адпачынку і 235 гадоў — з часу закладкі. Напярэдадні знамянальных дат аб мінулым і сённяшнім парку разважае яго дырэктар Валерый Кірык.

— Валерый Яўгенавіч, напэўна, варта зрабіць невялікі экскурс у мінулае…

— Парк адносіцца да ліку старэйшых на Беларусі. Закладзены ён у 1768 годзе на тэрыторыі сядзібы «Губерня». У 1795 годзе імператрыца Кацярына II падаравала фельдмаршалу А. В. Сувораву за ягоныя ратныя подзвігі маёнтак Кобрынскі ключ. У гэтай сядзібе вялікі палкаводзец жыў у 1797-1800 гадах. У сярэдзіне XIX стагоддзя сядзіба належала брату Адама Міцкевіча прафесару Аляксандру Міцкевічу.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ўрадам Беларусі прынята рашэнне наладзіць у парку адпачынак гараджан у вольны ад работы час, таму з 1948 года ён стаў паркам культуры і адпачынку імя А. В. Суворава. У 1963 годзе рашэннем Дзяржкамітэта БССР па ахове прыроды Кобрынскі парк зацверджаны як помнік прыроды і садова-паркавага мастацтва рэспубліканскага значэння, а ў 1983 годзе ўзнагароджаны Дыпломам другой ступені ВДНГ СССР. Зараз парк асвойвае новыя тэрыторыі — адна каля вуліцы Гастэлы, а другая абмежавана вуліцамі Інтэрнацыянальнай і 700-годдзя Кобрына.

Новы ўчастак не з’яўляецца гістарычным, і, на мой погляд, тут можна размясціць аб’екты сацыяльнай сферы. Думаю, гэта выгадна патэнцыяльным інвестарам і прадпрыемствам розных форм уласнасці. Пры актыўнай, зацікаўленай рабоце абуладкаванне цудоўных куточкаў Кобрына пайшло б хутчэй і, што важна, комплексна.

— Валерый Яўгенавіч, як развіваўся парк з пункта гледжання арганізацыі адпачынку гараджан?

— Ужо ў пасляваенныя гады было зроблена шмат па добраўпарадкаванню яго тэрыторыі, з’явіліся прасцейшыя атракцыёны, більярдная, танцавальная пляцоўка. Доўгі час дырэктарам парку працаваў Мікалай Вымаркаў, дзякуючы актыўнасці якога быў пабудаваны Летні тэатр — адзін з лепшых на Брэстчыне, а таксама выкапана вялікая сажалка.

Шмат удалося зрабіць у справе арганізацыі культурна-масавай работы Надзеі Дземянчук, якая працавала дырэктарам парку з 1977 да 1993 года. За поспехі Надзея Рыгораўна была ўдастоена звання «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь».

I зараз шмат намаганняў прыкладаецца дпя таго, каб парк быў дагледжаным, прыгожым і ўгульным. Сёлета, напрыклад, капітальна адрамантаваны фантан, на тэрыторыі парку вырашчана і пасаджана 19000 кветак, разбіта 27 клумбаў, абсталявана альпійская горка, на якасна новы ўзровень узнята правядзенне дыскатэк. Намаганнямі Веры Жуковіч арганізаваны і дзейнічае клуб тых, каму за 30.

— Напэўна, неабходна назваць тых, хто кожны дзень шчыруе ў парку?

— Бясспрэчна. Гэта майстар-азеляніцель Наталля Міхалюк, культарганізатар Галіна Заяц. Сярод рупліўцаў нашага невялікага калектыву і Алена Трубчык, Зінаіда Леановіч, Ніна Яшчук і Алена Кандрацюк.

— Што сёння хвалюе дырэктара?

— Наш парк — вялікая каштоўнасць, ён служыць людзям. I ў далейшым будзе рабіцца ўсё магчымае па яго добраўпарадкаванню. Зацікаўлена да вырашэння ўсіх праблем ставяцца ў райвыканкоме, раённым Савеце дэпутатаў, нашы прафсаюзы. Калі б гаспадарскія адносіны дэманстравалі ўсе гараджане, то не трэба было б па 3-4 разы за сезон перафарбоўваць лаўкі, ачышчаць кветнікі і сажалкі ад смецця. Затрачаныя на гэта сродкі пайшлі б на іншыя патрэбы.

— Валерый Яўгенавіч, раскрыйце, калі ласка, сакрэт: чым парадуе кабрынчан свята парку, якое адбудзецца 28 верасня?

— Цікавай праграмай. Будуць працаваць атракцыёны, гандлёвыя кропкі, іграць духавы аркестр. У 16 гадзін пачнецца вялікі канцэрт з удзелам знакамітых мастацкіх калектываў, а таксама трупы комік-шоу з Брэста. Уваход на канцэрт бясплатны, а цана білетаў на атракцыёны і дыскатэку зніжана на 30%. У суботу і нядзелю сваё майстэрства пакажуць артысты прафесійнага цырка «Уладар кольцаў». Адным словам, запрашаем усіх на свята.

Гутарыў Аляксей ПЯНКО.