На свята працы — гонар Герою // Кобрынскі веснік. – 2007. – 5 мая. — С. 1

Аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Ф. К. Валасюка на будынку СВК «Вербнае».

На свята працы — гонар Герою

…Першы Герой Сацыялістычнай Працы на Кобрыншчыне. Кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Былы старшыня калгаса «XXI з’езд КПСС» Фёдар Канстанцінавіч Валасюк, які дваццаць сем гадоў узначальваў гаспадарку.

Нарадзіўся ў вёсцы Багуславічы Жабінкаўскага раёна. Змалку зведаў цяжкую сялянскую працу. Калі на родную зямлю прыйшла фашысцкая нечысць, узяў у рукі зброю — стаў партызанам. Потым служыў у Савецкай Арміі. У пасляваенныя гады абараняў Радзіму ад злачынцаў і бандытаў — працаваў у органах унутраных спраў Кобрынскага раёна.

Яго ўменне працаваць з людзьмі, арганізатарскія здольнасці былі заўважаны. У 1958 годзе Фёдару Канстанцінавічу прапанавалі ўзначаліць калгас «XXI з’езд КПСС» і не памыліліся. Ужо ў першыя гады работы Фёдара Валасюка значна павялічылася прадукцыя жывёлагадоўлі, вырасла ўраджайнасць палеткаў. У гаспадарцы з’явіліся грошы, а з імі магчымасць будаваць жыллё для капгаснікаў і сацыяльна-культурныя аб’екты.

Год 1966-ы стаўдля калгаса ўвогуле і асабіста для старшыні знамянальным. Праца Фёдара Канстанцінавіча адзначаецца вышэйшай узнагародай: яму прысвойваецца званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна. Калгас жа атрымлівае два пераходныя Чырвоныя сцягі.

…Пачэснае права адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Фёдара Канстанцінавіча Валасюка на адміністрацыйным будынку СВК «Вербнае» у вёсцы Пескі-2 у святочны дзень 1-га Мая было прадастаўлена першаму намесніку старшыні Кобрынскага райвыканкома Аляксандру Вайтовічу. Ён адзначыў высокі прафесіяналізм былога старшыні, які ў той час змог арганізаваць і настроіць людзей на добрую і сумленную працу. У выступленнях дырэктара ААТ «Стрыгава» Уладзіміра Кузіча, старшыні Хідрынскага сельскага Савета Міхаіла Максімовіча і старшыні СВК «Вербнае» Уладзіміра Байтэнкі — тых, хто добра ведаў Фёдара Канстанцінавіча, каму ён даў пуцёўку ў жыццё — гучалі словы падзякі, успаміны аб яго чалавечнасці ў шырокім сэнсе гэтага слова.

На мітынгу, які сабраў сяброў, былых паплечнікаў, вучняў Пескаўскай школы, былі і родныя Фёдара Канстанцінавіча, сярод іх дзве дачкі — Галіна Фёдараўна і Надзея Фёдараўна. Яны шчыра дзякавалі за тое, што людзі не забываюць пра іх бацьку, што засталася памяць аб яго справах. Дарэчы, мяняліся назвы гаспадаркі, але не мяняліся адносіны да памяці аб яе знакамітых людзях. У СВК «Вербнае» ёсць палі першага старшыні Антона Ратайкі і Героя Сацыялістычнай Працы Фёдара Валасюка. Не забываюць аб іх і ў мясцовай школе.