Сланеўскі, А. Аляксандра Іванаўна Федасюк / А. Сланеўскі // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск, 2002. — С. 116–118. – (Удзельнікі рэвалюцыйных выступленняў на Кобрыншчыне).
Аляксандра Іванаўна Федасюк
1921 год. Арэнбуржа. Шэсць гадоў удалечыні ад радзімы. Сям’я апынулася тут, ратуючыся ад нямецкай навалы. Мінулі гады рэвалюцыйных узрушэнняў, скончылася грамадзянская вайна. Шура Федасюк — камсамолка, вучыцца ў школе. Але бацька прымае рашэнне вяртацца дамоў, на родную Кобрыншчыну, якая на той час, як і іншыя заходнія беларускія землі, апынулася ў складзе Польшчы. Шлях дадому быў цяжкі і трагічны. Адразу чатырох чалавек — бацьку, маці, брата і сястру — страціла Аляксандра ў «тыфозным» поездзе. Удваіх з малодшым братам дабраліся да роднай вёскі. Забітымі крыж-накрыж вокнамі і дзвярамі сустрэла бацькоўская хата. Але жыць неяк трэба было. Суседзі часам дапамагалі, цётка, але найбольш даводзілася ўсё рабіць самім — сеяць, палоць, жаць, малаціць…
І не толькі гаспадарка займала Аляксандру. Хутка ў вёсцы сталі з’яўляцца лістоўкі, заклікі да барацьбы з акупантамі. Гэта дзейнічалі члены падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. З 1925 г. Аляксандра ў яе радах. Ішоў ёй тады дваццаты год. Аляксандра Іванаўна ўспамінала: «1 мая 1925 г. у Кобрыне было вырашана правесці дэманстрацыю. Рыхтаваліся да яе старанна. Напісалі спецыяльныя лістоўкі, з расказам пра Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, пашылі чырвоныя сцягі. Дазволу на дэманстрацыю, зразумела, ніхто не даваў. Але каля паўтысячы чалавек прайшлі цэнтральнай вуліцай горада аж да самай турмы. Ланцужок паліцэйскіх, якія спрабавалі затрымаць нас, быў змяты. Толькі калі з’явіўся буйны атрад коннай паліцыі, быў дадзены сігнал дэманстрантам разбягацца, рассейвацца. Помніцца і мітынг, праведзены ў в. Літвінкі да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ну, каму там выступаць было? «Давай, Шура, ты гавары. Ты граматная, жыла ў Савецкай Расіі». Вось пасля гэтага мітынгу і трапіла я ў поле зроку паліцыі. У хату яны ўваліліся раптоўна і давай усё ператрасаць. Нічога не знайшлі пры вобыску, але мяне арыштавалі. Той ноччу не толькі я трапіла ў іх лапы, забралі яшчэ траіх чалавек. Неўзабаве быў суд. Нас апраўдалі — правакатар, які зрабіў данос у паліцыю, на судзе адмовіўся даць паказанні, відаць, баяўся помсты.
Пасля гэтага мяне перавялі ў распараджэнне Брэсцкага акругкома партыі. Сакратаром там быў Фёдар Барысавіч Пірышка. Вось з ім я і працавала. У мае абавязкі ўваходзіла правяраць яўкі, сустракацца з прадстаўнікамі раённых партарганізацый, перадаваць ім інструкцыі і ўказанні, партыйную літаратуру, якая ў вялікай колькасці паступала да нас з-за мяжы, з БССР. Лістоўкі ўдавалася выпускаць і на месцы з дапамогай самаробнага станка — шапірографа, як мы яго называлі. Якраз у гэты час рыхтаваліся выбары ў сейм Польшчы, так што спраў хапала…»
Недзе бліжэй да лета 1928 г. з размоў кіруючых работнікаў А. І. Федасюк даведалася аб тым, што мае адбыцца І з’езд КПЗБ. Дэлегатам ад партыйнай арганізацыі Кобрыншчыны была выбрана і Аляксандра Іванаўна. З’езд праходзіў у чэрвені—ліпені на тэрыторыі БССР, недалёка ад Оршы. Больш за 50 дэлегатаў, а таксама прадстаўнікі Кампартыі Польшчы, выканкома Камінтэрна, КП(б)Б, у т. л. В. Г. Кнорын, М. М. Галадзед, абмяркоўвалі становішча ў партыі, сітуацыю, якая склалася ў Польшчы пасля ваеннага перавароту і прыходу да ўлады Ю. Пілсудскага. Але і тады, як лічыць Аляксандра Іванаўна, было многа гаварыльні. На з’ездзе выявіліся рознагалоссі сярод дэлегатаў, з’явілася большасць і меншасць, былі нават нейтральныя. Яна і сёння лічыць, што не вінаватых трэба было шукаць, а зноў жа — аб’ядноўвацца ў той час, калі перамагла рэакцыя.
Пасля з’езда А. І. Федасюк цэлы год вучыцца ў школе партыйных кадраў у Мінску, затым — нелегальны пераход цераз граніцу. Працавала разам з Анатолем Альшэўскім, Мікалаем Дворнікавым, Максімам Танкам. Варшава, Навагрудак, Вільня, зноў Варшава і зноў лістоўкі з заклікам да барацьбы, выступленні на мітынгах у дні правядзення пралетарскіх свят… Але і дэфензіва не драмала, былі страты. У 1935 г. правакатарам Стральчуком (тым самым, у якога страляў Сяргей Прытыцкі) была выдадзена Буня Левін, з Федасюк яны шмат працавалі разам. Неўзабаве яна загінула ад рук ахранкі. Арыштавалі і Аляксандру Іванаўну.
А ў Еўропе тым часам было ўжо неспакойна: мюнхенская змова, акупацыя Аўстрыі. Дайшла чарга і да Польшчы. І на яе зямлю рушыла армада фашысцкіх полчышчаў.
17 верасня 1939 г. войскі Чырвонай арміі перайшлі граніцу, каб узяць пад сваю абарону насельніцтва заходніх зямель Украіны і Беларусі. А. І. Федасюк зноў на свабодзе, з вялікімі цяжкасцямі дабіраецца да родных мясцін. А ў вызваленых гарадах сталі ўтварацца часовыя ўпраўленні, якія бралі ўладу ў свае рукі на месцах. Паўстала пытанне, што рабіць далей? У пачатку кастрычніка 1939 г. рэспубліканскія газеты змясцілі зварот Часовага ўпраўлення Беластока да ўсіх упраўленняў гарадоў Заходняй Беларусі, у якім была прапанова склікаць Народны сход для вызначэння характару будучай улады, каб затым пачаць яе стварэнне. А неўзабаве быў створаны і камітэт па арганізацыі выбараў у Народны сход. Камітэт узначаліў старшыня Часовага ўпраўлення па Беластоцкай вобласці В. Б. Гойсін. Выбары былі назначаны на нядзелю, 22 кастрычніка.
Газета «Звязда» паведамляла: «У выбарах прыняло ўдзел звыш 96 працэнтаў выбаршчыкаў… Не ўсе кандыдаты набралі неабходную колькасць галасоў, і ў некаторых выбарчых участках праводзіліся паўторныя выбары. У Народны сход Заходняй Беларусі было выбрана 927 дэпутатаў — 804 мужчыны і 123 жанчыны…» У ліку гэтых 123 жанчын была і Аляксандра Іванаўна.
28 кастрычніка. Беласток. Зала і балконы самага вялікага кінатэатра перапоўнены дэпутатамі. Прысутнічаюць таксама П. К. Панамарэнка, Н. Я. Наталевіч, іншыя кіраўнікі рэспублікі.
1 лістапада 66 чалавек — прадстаўнікі Народнага сходу — прыехалі ў Маскву. Аляксандра Іванаўна Федасюк была сярод іх. А ўжо на наступны дзень Вярхоўны Савет задаволіў іх просьбу — Заходняя Беларусь стала савецкай.
Але гэта радаснае рашэнне было азмрочана для Аляксандры Іванаўны: яна даведалася, што яе муж, Мікалай Паўлавіч Маслоўскі, дэлегат ІІ з’езда КПЗБ, які па рашэнні ЦК партыі застаўся працаваць на савецкай тэрыторыі, у 1937 г. загінуў у засценках НКУС.
Пра тыя два дні, праведзеныя ў сталіцы, у Аляксандры Іванаўны засталася памяць — здымак. У адным з перапынкаў паміж пасяджэннямі Вярхоўнага Савета члены паўнамоцнай камісіі звярнуліся да І. В. Сталіна з просьбай сфатаграфавацца на памяць. Той даў згоду.
А затым было вяртанне дадому… Цяпер трэба было працаваць, працаваць, нягледзячы ні на што. Зноў партыйная работа, зноў барацьба. У гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Іванаўна — партызанка, пасля вайны працавала ў апараце ЦК КПБ. Шмат давялося яшчэ перажыць — у канцы саракавых гадоў рэпрэсіўны апарат стаў дабірацца і да яе. Ды не паспелі… Але ўсё гэта іншыя старонкі яе біяграфіі. Пра кожную можна расказваць доўга. Мы ж расказалі толькі пра адну з іх.
А.Сланеўскі.