Памяць. Кобрынскі раён

Алехнік Аляксей Трафімавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск, 2002. — С. 449. – (Яны кіравалі горадам і раёнам).

АЛЕХНІК Аляксей Трафімавіч, нарадзіўся 20 верасня 1938 г. у в. Перунова Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Закончыў Беларускі інстытут сельскагаспадарчай вытворчасці (1965), Мінскую ВПШ (1978). Працаваў камбайнерам Лунінецкай МТС, механікам-кантралёрам у саўгасе «Іскра» Цалінаградскай вобл. (Казахстан). З 1967 г. інжынер, майстар, прараб, начальнік ПМК Лунінецкага райаб’яднання «Сельгастэхніка», з 1972 г. намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкома па будаўніцтве.

У 1978—1991 гг. старшыня Кобрынскага гарвыканкома. З 1991 г. працуе ў Брэсцкім аблвыканкоме: намеснік начальніка ўпраўлення па працы і занятасці насельніцтва, 1-ы намеснік старшыні камітэта па працы, галоўны дзяржаўны эксперт па ўмовах працы Брэсцкай вобл. Выбіраўся дэпутатам Кобрынскага гарадскога і Брэсцкага абласнога Саветаў. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ЦК ЛКСМ Казахстана, Брэсцкага аблвыканкома і Кобрынскага гарвыканкома.