Пашковіч, Л. Добрая праца не забываецца / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. — 2016. — 9 студзеня. — С. 1.

У пасёлку Арэхаўскі адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі памяці першага кіраўніка саўгаса «Днепра-Бугскі», кавалера двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга Антона Ткачука.

Добрая праца не забываецца

Здавалася, што на мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі памяці першага кіраўніка саўгаса «Днепра-Бугскі» Антона Ткачука, сабраліся ўсе жыхары пасёлка Арэхаўскі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Кузіч, удава Ганна Ткачук. Нягледзячы на мароз, людзі прыйшлі, каб ушанаваць памяць чалавека, які шаснаццаць гадоў жыцця аддаў гаспадарцы, у свой час вядомай дасягненнямі на ўсю рэспубліку

Перш чым стаць кіраўніком саўгаса «Днепра-Бугскі», Антон Сцяпанавіч быў загадчыкам сельскага клуба, потым – загадчыкам рамонтных майстэрняў, інжынерам, намеснікам старшыні калгаса ў розных кропках раёна.

У сваёй прамове Аляксандр Зазуля падркэсліў, што адкрыццё мемарыяльнай дошкі – вельмі важная справа, а вялікая колькасць прысутных паказвае, што Антон Ткачук быў добрым кіраўніком, меў моцны аўтарытэт сярод працаўнікоў і што амаль усё зробленнае і пабудаванае ў пасёлку Арэхаўскім прайшло праз яго рукі. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што Антон Сцяпанавіч быў сапраўдным патрыётам Кобрыншчыны.

Уладзімір Кузіч расказаў прысутным, што добра ведаў былога кіраўніка, які, акрамя пэўнай адукацыі, меў асаблівую сялянскую мудрасць, быў выдатным аратарам. Таму, калі прымалася рашэнне аб назначэнні кіраўніка ў новую гаспадарку, была прынята кандыдатура менавіта Антона Сцяпанавіча. А калі паказчыкі саўгаса пайшлі ўверх, то стала зразумела, што выбар не памылковы.

Узяў слова і цяперашні кіраўнік ААТ «Днепра-Бугскае» Уладзімір Саўчук. Ён адзначыў, што Антон Ткачук быў для яго сапраўдным настаўнікам і, нават калі першы кіраўнік пайшоў на заслужаны адпачынак, да яго заўжды звярталіся за парадай. Старанная праца Антона Ткачука была адзначана рознымі ўзнагародамі: двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За добрасумленную працу», шэрагам грамат.

І вось надышоў час адкрыць мемарыяльную дошку. Права гэта зрабіць было дадзена Аляксандру Зазулі і ўдаве Ганне Іванаўне. Пасля ўрачыстага моманту прысутныя ўшанавалі памяць былога кіраўніка хвілінай маўчання, а ўдава падзякавала за такую вялікую ўвагу да пакойнага мужа.

Добрая праца ніколі не забываецца, а ўшаноўваецца і застаецца ў памяці і сэрцах людзей.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: Аляксандр Зазуля і Ганна Ткачук адкрываюць мемарыяльную дошку.

Фота аўтара.