Сацук, А. Ёсць у «Зары» свае героі / А. Сацук // Кобрынскі веснік. – 2000. – 12 студзеня. – С. 2.

ЁСЦЬ У «ЗАРЫ» СВАЕ ГЕРОІ

У 1948 годзе на тэрыторыі раёна было створана 22 калгасы, а за чатыры тыдні 1949 года дабавілася яшчэ 23.

Нядаўна калгас «Зара» урачыста адзначыў свой пяцідзесяцігадовы юбілей. Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як гаспадарку ўзначальвае вопытны кіраўнік «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі» Іван Іванавіч Тарасюк. Сёння калгас «Зара» — адна з перадавых гаспадарак раёна. Аб гэтым сведчаць вынікі работы за мінулы год. Выдатных поспехаў дабіліся жывёлаводы. За мінулы год яны атрымалі ад каровы 5060 кілаграмаў малака — на 240 больш, чым у папярэднім годзе. Таварнасць яго складае 90,5 працэнта, тлустасць — 3,63. Вышэйшым гатункам рэалізавана 20 працэнтаў малака, за кошт чаго было атрымана 15 мільярдаў рублёў грашовай надбаўкі. Калгас рэалізаваў 2861 тону мяса, у тым ліку 2534 — свініны. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на адкорме склалі 588 грамаў, свіней — 585. Упершыню на свінагадоўчым комплексе было атрымана 28 тысяч парасят. 52 мільярды рублёў калгас выручыў за рэалізацыю бульбы i 42 мільярды — за цукровыя буракі. За выкананне паставак бульбы для г. Мінска прадстаўнікі сталіцы ўручылі хлебаробам бясплатна новы трактар МТЗ-1221.

Трывалае эканамічнае становішча дазволіла абнавіць машынна-трактарны парк. Толькі летась набылі 5 аўтамабіляў, 5 трактараў, збожжаўборачны камбайн «Дон-1500» і іншую тэхніку. Планава вялося i будаўніцтва, асабліва ў сацыяльнай сферы. За гады работы I. I. Тарасюка ў калгасе пабудаваны кафэ-магазін, дзіцячы сад, амбулаторыя, майстэрня, плавальны басейн, спартыўны комплекс, 50 жылых кватэр, заасфальтаваны ўсе дарогі, адноўлены жывёлагадоўчыя памяшканні.

Аднак самай вялікай каштоўнасцю, як адзначыў старшыня калгаса, з’яўляюцца, безумоўна, людзі. Больш як 30 чалавек за старанную працу былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Усё сваё працоўнае жыццё аддала свінаферме гаспадаркі Таццяна Антонаўна Сакалюк. У 70-ыя гады яна вырошчвала штогод 960 свіней агульнай вагой 750 цэнтнераў. У 1971 годзе Т. А. Сакалюк прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. У той час ў уся рэспубліка даведалася аб дэпутаце Вярхоўнага Савета БССР, Герою Сацыялістычнай Працы брыгадзіру калгаса «Зара» Міхаілу Калістратавічу Дубінку. Ён шмат увагі ўдзяляў культуры земляробства, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Леніна. Збіраў са сваіх палёў па 52 цэнтнеры збожжа, 300 — бульбы і 340 — цукровых буракоў з кожнага гектара. Была выдадзена кніга Міхаіла Калістратавіча «Внедряем новое, передовое».

Два Героі з адной гаспадаркі. І гэта не выпадкова. У калгасе «Зара» аднымі з першых пачалі сур’ёзна займацца пытаннямі навуковай арганізацыі працы ў калгаснай вытворчасці. Іменна тут паявіліся першыя калгасныя эканамісты, даяркі перайшлі на двухзменную работу i пяцідзённы тыдзень.

Цяпер калгас мае магчымасць дапамагаць сваім пенсіянерам, якіх каля 450 чалавек, плаціць калгасныя стыпендыі лепшым вучням у школе, утрымлівае на сваім балансе дзіцячы сад, набывае лекі для амбулаторыі, прадастаўляе іншыя льготы сваім працаўнікам. Усе вытворчыя планы, задумкі на будучае тут цесна звязваюць з пастаянным ростам дабрабыту чалавека.

А. САЦУК.