Сідарук, І. Жыццё на высокай ноце / Ігар Сідарук // Кобрынскі веснік. – 2012. – 25 жніўня. – С. 3.

Аб жыццці І. П. Чэрніка, кампазітара, заслужанага работніка культуры.

Жыццё на высокай ноце

Менавіта так можна сказаць аб жыцці Ігара Паўлавіча Чэрніка — чалавека, шырока вядомага не толькі ў культурным асяроддзі Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Продкі, повязь…

А пазнаёміліся мы з ім у яго роднай хаце, дзе ён нарадзіўся восемьдзесят гадоў таму — 25 жніўня. У хаце, дзе жылі яго бацька і маці, дзе выключна ўсе рэчы зроблены ўласнымі рукамі… Дарэчы, дзед, Фёдар Данілавіч, быў чалавекам, які валодаў справай каваля, токара, сталяра і да паслуг якога звярталіся амаль усе мясцовыя жыхары, а бацька, Павел Фёдаравіч, — вядомым у акрузе фельчарам. У 1944 годзе, на трэці дзень пасля вызвалення, у Гарадцы ўжо працавала амбулаторыя. Гэта ад дзеда з бацькам будучы вядомы артыст і музыкант пераняў своеасаблівую рысу — бяссрэбранасць.

— Не ўсё ў гэтым жыцці вымяраецца выключна грашыма, — з аптымізмам у голасе гаворыць Ігар Паўлавіч. — Вядома, грошы дапамагаюць жыць. Але калі ты нечым «гарыш» ці разумееш, што варта дзеля канкрэтнай справы і нечым ахвяраваць, усё будзеш рабіць з поўнай аддачай.

Адзыўлівасць, вытанчанасць і схільнасць да розных відаў мастацтва ў душу маленькага Ігара заклала і яго маці — Ніна Макараўна, настаўніца, веруючы чалавек, якая пры Савецкай уладзе ўжо не працавала, а зберагала дом, выхоўвала дзяцей, спявала ў царкоўным хоры. Да гэтай пары Ігар Паўлавіч памятае, як яна, пачуўшы першыя спевы шасцігадовага сына, з захапленнем усклікнула: «Сынок! Праспявай яшчэ!..»

Жыццёвыя ўніверсітэты

У хаце, дзе былі гітара, мандаліна, фартэпіяна, цяжка было не асвоіць першыя навыкі музычнай адукацыі. Потым Ігар Чэрнік яе пашырыў, удасканаліў, а з часам і сам пачаў выкладаць. Праўда, першая спецыяльнасць маладога чалавека гучала як «Спецыяліст па рухавіках унутранага згарання», якую ён атрымаў у час навучання ў Львоўскім політэхнічным інстытуце. Аднак пасля таго, як разбіўся на матацыкле, тэхніку прыйшлося пакінуць… І вось — Антопальскі дзіцячы дом, дзейнасць выхавальніка. У дзетдоме Ігар Чэрнік стварае хор, які адразу заяўляе аб сабе. Адпрацаваўшы тут 20 месяцаў, уладкоўваецца ў сярэднюю школу № 1 г. Кобрына (потым яшчэ будуць СШ № 4 і СШ № 5).

Дастаткова заўважыць, што за сваё хоць і не простае, але цікавае жыццё Ігар Чэрнік стварыў пяць самастойных народных хораў: хор Кобрынскага раённага Дома культуры, народны хор настаўнікаў Камянецкага РДК, народны хор «Чарнічанка» саўгаса «Маладая гвардыя» Брэсцкага раёна, народны хор «Колас» Гарадзецкага калгаса-камбіната імя Дзяржынскага, народны ансамбль песні «Галасы Палесся» ў г. Брэсце. Неаднаразовы пераможца шматлікіх конкурсаў, дыпламант розных фестываляў і удзельнік дзяржаўных канцэртаў. Па яго ж ініцыятыве ў 1988 г. была створана Чарнічанская музычная школа, дзе быў дырэктарам.

Ужо не гаворачы аб тым, што таксама па ўласнай ініцыятыве на грамадскіх пачатках вёў школу вакальна-харавога мастацтва Кобрынскага раёна, быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам абласных i раённых святаў, цяпер з’яўляецца кіраўніком на грамадскіх пачатках ансамбля «Гарадчанка» ААТ «Гарадзец-Агра». Аказвае метадычную дапамогу шматлікім народным хорам Кобрынскага раёна.

Каментарый па тэме: Сцяпан РАГАЧУК, былы начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама:

Ігара Паўлавіча ведаю з даўніх часоў, яшчэ калі ён працаваў дырэктарам РДК. ён заўсёды быў творчай асобай, працалюбівай, энергічнай!.. Чалавекам, якому можна даверыць самы складаны ўчастак i быць упэўненым, што ён ніколі не падвядзе. Чэрнік — дасканалы майстар, які годна выконвае сваё прызначэнне на зямлі.

Радасць творчасці

Таму i не дзіўна, што дзяржава, грамадскасць высока ацанілі талент і заслугі Ігара Паўлавіча. У снежні 1966 года ён быў узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку», у 1973-м — знакам Міністэрства культуры СССР «Выдатнік культурнага шэфства над сялом». У памятны 1975 год Ігара Чэрніка годна ацаніла i родная Беларусь, прысвоіўшы званне «Заслужаны работнік культуры». Таксама ён – лаўрэат усіх трох Усесаюзных фестываляў народнай творчасці. А ў 1971 годзе — дэлегат з’езда дырэктараў Дамоў культуры СССР, на якім Беларусь прадстаўлялі толькі пяць чалавек.

Сёння радкі яго біяграфіі і асноўныя вехі творчасці адлюстраваны і ў вядомым на абшарах СНД энцыклапедычным выданні «Хто ёсць хто».

— Аб бурлівых гадах, адданых нашай культуры, магу гаварыць бясконца, — перабіраючы граматы, запісы, фотаздымкі, усміхаецца Ігар Паўлавіч. – З цеплынёй успамінаю свайго першага педагога па вакалу Мілянціну Арэнскую, якая навучала мяне фармаваць пеўчы голас. Самае вялікае ўражанне пакінуў народны артыст СССР, кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССР Генадзь Цітовіч. Шмат разоў сустракаўся з ім і ў Гарадцы, і ў Мінску. Праслухаўшы мае песні, ён натхніў мяне на далейшую творчасць, з тых часоў я сам пачаў іх пісаць.

Сёння многім вядомыя «Песня аб Кобрыне», напісаная на словы і музыку Ігара Чэрніка, такія яго песні, як «Каханай жанчыне», «Крынічанка», «Край беларускі», «Развітальная», «Песня аб маме», шмат іншых. І ў кожнай прыгожай песні, у кожным усхваляваным подыху і артыстычным руху Ігара Паўлавіча — павага да роднага краю, палёт на шчымлівай высокай ноце, радасная пашана да чалавека беларускай зямлі.

Каментарый па тэме: Іван ЦЕЦЯРУК, дырэктар ААТ «Гарадзец-Агра»:

Гэта сапраўдны чалавек, чалавек з вялікай літары. Штодзённа «гарэць», аддаваць усяго сябе культуры, быць адданым сваей справе за гэта перад Ігарам Паўлавічам, як гаворыцца, можна зняць капялюш. Няўрымслівы энтузіяст, ён і сёння поўны сіл, энергіі, заўсёды ў руху і ў новых ідэях. Дай Бог яму здароўя і моцы, і каб кожная яго задумка шчасліва ўвасаблялася, як і раней!

На жаль, у адносна невялікім нарысе немагчама ахапіць усё жыццё і ўсе захапленні Ігара Чэрніка: спевы, фатаграфія, тэатр, кіно, прыкладное мастацтва. Аднак, ведаючы яго бурлівую творчую натуру, гледзячы, як прыгожа і годна трымаецца ён у свае восемдзесят гадоў, можна быць упэўненым: Ігар Паўлавіч яшчэ доўга і плённа паслужыць сваім землякам, сваёй роднай зямлі.

Ігар Сідарук