Сітуха, У. М. Землякі : паэма

Сітуха, У. М. Землякі : паэма / Уладзімір Сітуха. – Брэст : Альтэрнатіва, 2008. – 192 с.

Гл. на с. 112-121 – М. Кузьміч.

Землякі

Размова з Кузмічом

VII

Мы планавалі многа раз,

Сустрэчы выспела патрэба:

«То ж — землякі: яднае нас

Адна Зямля. Вада. I Неба».

Прыйшоў, гляджу.I ён глядзіць.

Не прычынілі нават дзверы.

Злучае душы праўды ніць

Накалу моцнага і Веры.

— Я пра цябе начуты шмат,

Гавораць добра ў Беларусі…

-1 я табой, зямеля, рад.

Узважыць нават не бяруся…

Аб Веры сталі разважаць.

Хвалілі шчыра ФІЛАРЭТА:

Малітвай можна боль суняць,

Як мастака, так і паэта.

Царкоўны чысціць душы Звон –

Крыж-накрыж самі мкнуцца рукі

I ўжо прыкмечана спакон:

Заўжды ў Царкве слабеюць мукі.

Нам ратавацца — Крыж і Храм,

У Веры трэба жыць і ладзе:

Заўжды падмога прыйдзе там.

Анёлам светлым побач сядзе.

— «Аб Веры, Вернасці…» чытаў,

Такая кніжка вельмі трэба.

Паможа многім — час настаў

Прымервацца да Неба…

— Пра твой, давай, Кузміч, уздым,

Калі прыйшоў, судачыць будзем;

Цябе, я чуў, цяпер святым

Завуць паўсюдна нашы людзі.

Табой ад сэрца ганарусь.

I днём. I ў ноч, калі не спіцца:

Свой край праславіў. Беларусь,

Ну, як такім не ганарыцца?!

Я кожны раз, як міма мчу,

Збаўляю ход, каб не прахлопаць:

Сваімі нечага лічу –

I Вульку Вашу, і Антопаль…

Табой на восьмы толькі год

Было вучылішча узята,

Патомак Глебава памог –

Прыйшло, прыйшло нарэшце свята.

А мо, і лепш: пазнаў цану,

Прадбаў сабе кавалак хлеба.

Тваю настойлівасць цаню:

Да мэты рухаць — талент трэба.

Нікіфар-дзед, калі журыў,

Каб не бурчалі надта людзі:

«Ну натварыў, хлапчына. Натварыў,

А майстар добры з Колі будзе.

Тады й аддасць ён Вам даўгі

(Мы, Кузмічы, усе такія).

Сварыцца ж сёння не з рукі –

Вузлы завяжуцца тугія.

Ты на матулю Колі глянь –

Хто гэтак сцены размалюе?

Антопаль, Вулька, Таракань…

Няма яе — народ сумуе.

А бацька быў яго які?!

Ды захацеў пабачыць свету…

У край, для сэрца дарагі,

З дзятвой вярнулася кабета.

Хто хлеба даў. Хто бульбы кош.

Усім сялом чынілі хату.

Свая ўкусіла хлопца вош –

Таму і лоўкі, і заўзяты.

Я бачу, цягне Колю даль,

Ён сам свае адчыніць дзверы…”

Нікіфар добры быў каваль.

Народ дзядулі моцна верыў.

I час падцвердзіў: не падвёў

Мікола дзеда. I суседзяў.

Мастак: бунтуе сэрца кроў –

Такіх яшчэ наш край не ведаў.

Яго палоніла Царква,

Журба — пра зніклыя святыні.

У сне аднойчы нездарма

Пабачыў крыж ён Еўфрасінні.

— Настаў твой час, Кузміч. Твары,

Народам будзеш не забыты,

Праблемы будуць, гавары, —

Наказ такі МІТРАПАЛІТА.

Стараўся сам, як толькі мог –

Паўзком. Прыгнуўшыся. Прылёгшы.

Яшчэ б па пары рук і ног,

I атрымалася б бы ў Богшы.

Але ж тут справа ў галаве,

Бо нат камп’ютэры не бралі,

Ніхто з вучоных не пайме

Перагародчатай эмалі.

А без яе рабоце ўсёй – хана

(Другая ноч, а сон не морыць).

Разгадкі гэтай ў тым цана:

Святыня стане жыватворыць.

Не толькі душы шчырых палачан.

Хаця рэліквія — іх Слава.

Народ дабрэнны. Светлы. Чулы там,

Ды след гісторыі крывавы.

I вось усіх памкненняў плён –

Дзівосны момант азарэння:

Міколе сніцца вешчы сон –

Як ажывіць сваё тварэнне.

Ён падхапіўся. Да — Крыжа.

Пайшло… Уздрыганула векі…

Плыла шчаслівая сляза

Ўжо незямнога ЧАЛАВЕКА…

Бо толькі чыстая душа

Святой Царкве магла даць славу.

Маліўся доўга ён спярша,

Каб атрымаць такое права.

Нятхнялі Богша, Фабержэ

I Бласлаўленне Філарэта.

I ён у прыцемках дужэў,

Надзеяй іхняю сагрэты.

Былі Іспанія, Парыж –

З карцінамі ён дзе не лётаў?!

Ды Еўфрасінні нашай КРЫЖ –

Найдаражэйшая работа.

Святая з Небам сёння ніць

Ад той пары — усіх яднае:

Са светлай Верай заручыць

Ён змог людзей такога Краю.

Ён — наш. Адсюль яго выток!

Зямля, відаць, у нас — святая!

Царкоўнай радасці глыток

Нібы надзею я прымаю…

Уладзімір Сітуха