Біяграфічны нарыс

ТАРАСЮК Іван Іванавіч нарадзіўся 10 лістапада 1941 года ў вёсцы д. Казаваты Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці ў сям’і простых сельскіх працаўнікоў Матроны Сазонаўны і Івана Сідаравіча. Вучыўся ў сярэдняй школе в. Самары, куды з васьмі гадоў штодня шэсць кіламетраў хадзіў пешшу. Пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваў трактарыстам у саўгасе «Самарскі», адначасова вучыўся ў школе механізатараў.
У 1962 годзе Іван Тарасюк быў прызваны ў Савецкую армію. Служба на Балтыйскім флоце заняла ў яго біяграфіі 12 гадоў, бо пасля тэрміновай была звыштэрміновая (1965–1974). Менавіта на флоце Іван Тарасюк прайшоў вялікую школу мужнасці, якая дапамагла яму стаць моцным і мэтанакіраваным. Службу на флоце ён сумяшчаў з вучобай на эканамічным факультэце Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт).
Свой лёс з вёскай Іван Тарасюк звязаў пасля заканчэння інстытута, калі па размеркаванні быў накіраваны ў Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці. Спачатку быў намеснікам старшыні калгаса «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара»), а праз год, у 1975 годзе, яму даручылі кіраваць гаспадаркай. 35 гадоў гісторыя калгаса «Зара» стваралася пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага арганізатара і вопытнага кіраўніка сельскагаспадарчай вытворчасці Івана Іванавіча Тарасюка. Глыбокія веды сельскагаспадарчай вытворчасці, арганізатарскія здольнасці і мэтанакіраванасць старшыні прынеслі свой плён: гаспадарка не толькі выстаяла ў цяжкія часы, але і стала флагманам сярод калгасаў раёна. Старшыня дабіўся ўстойлівай дынамічнай працы, стварыў усе ўмовы для нармальнай работы і дабрабыту вяскоўцаў.
Ідучы ў нагу з часам, І. І. Тарасюк быў пастаянна ў пошуках усяго новага і перадавога. Пад яго кіраўніцтвам уведзена ў строй другая чарга свінагадоўчага комплексу, пабудавана адна з лепшых у Рэспубліцы Беларусь малочна-таварная ферма з выкарыстаннем імпартнага абсталявання. У выніку прымянення сучасных тэхналогій гаспадарка паказвала другі вынік у Брэсцкай вобласці і чацвёрты ў рэспубліцы па надоях. Стабільна высокімі былі паказчыкі ўраджайнасці збожжавых.
І. І. Тарасюк не толькі ўтрымліваў на вышыні перадавую гаспадарку, але і надаваў асаблівую ўвагу развіццю сацыяльнай сферы. За гады яго работы ў калгасе былі пабудаваны кафэ-магазін, амбулаторыя, майстэрня, 50 жылых кватэр, заасфальтаваны ўсе дарогі, адноўлены жывёлагадоўчыя памяшканні. Гонарам калгаса стаў адзіны ў раёне спартыўна-аздараўленчы комплекс з зімовым садам. За кошт гаспадаркі было закуплена сучаснае стаматалагічнае абсталяванне ў амбулаторыю, пабудаваны дзіцячы сад «Сонейка», які цалкам утрымліваў на сваім балансе СВК «Узыходзячая зара». Лепшыя вучні Хідрынскай сярэдняй школы атрымлівалі калгасную стыпендыю.
Іван Іванавіч нарадзіўся і вырас у вёсцы, таму і спадзяванні вяскоўцаў успрымаў блізка да сэрца, імкнуўся зрабіць іх жыццё лепшым і багацейшым. Усе вытворчыя планы, задумкі на будучае старшыня калгаса цесна звязваў з пастаянным ростам дабрабыту чалавека. Самай вялікай каштоўнасцю, як лічыў старшыня калгаса, з’яўляюцца людзі – галоўны патэнцыял усіх здзяйсненняў.
Больш як 30 чалавек калгаса «Зара» за старанную працу былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Двум работнікам гаспадаркі (Т. А. Сакалюк і М. К. Дубінку) прысвоена званне «Герой Сацыялістычнай Працы». Два Героі з адной гаспадаркі — і гэта не выпадкова. У калгасе «Зара» аднымі з першых пачалі сур’ёзна займацца пытаннямі навуковай арганізацыі працы ў калгаснай вытворчасці. Менавіта тут з’явіліся першыя калгасныя эканамісты, даяркі перайшлі на двухзменную работу i пяцідзённы тыдзень.
І. І. Тарасюк карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у кіраўніцтва вобласці і раёна, калег і працаўнікоў прадпрыемства. На ўсіх участках працы ён выяўляў сябе выключна працавітым чалавекам, высокакваліфікаваным спецыялістам. Адрознівалі старшыню калгаса вернасць грамадзянскаму абавязку, пачуццё асабістай адказнасці, граматнасць і кампетэнтнасць у вырашэнні самых складаных жыццёвых пытанняў. У складзе дэлегацыі ад Кобрыншчыны ён быў удзельнікам III Усебеларускага народнага сходу (2006).
Працоўная дзейнасць Івана Іванавіча адзначана заслужанымі ўзнагародамі: ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), «Знак Пашаны» III ступені (2006), медаль «За працоўную доблесць» (1981), бронзавы медаль ВДНГ СССР (1987). За высокія вытворчыя паказчыкі і сацыяльнае развіццё гаспадаркі ў жніўні 1998 года прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Па выніках абласнога конкурсу І. І. Тарасюку прысвоена ганаровае званне «Чалавек года 2007».
Жыццё выдатнага чалавека, аднаго з вопытнейшых кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу Брэстчыны Івана Іванавіча Тарасюка абарвалася 1 снежня 2009 г.