Хільчук, М. Вялікай краіны адзнака – за старанную працу падзяка / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2003. – 6 лістапада. – С. 1-2.

У 1986 годзе даярка калгаса імя Суворава А. Раманюк удастоена звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР».

Вялікай краіны адзнака – за старанную працу падзяка

Гэта сядзіба на вуліцы Новай вёскі Залессе амаль нічым не адрозніваецца ад большасці суседніх: дом, пабудаваны ў другой палавіне мінулага стагоддзя, дыхтоўныя гаспадарчыя памяшканні, якія сведчаць аб неблагім пагалоўі жыўнасці ў іх… А вось гаспадыня — адна з нешматлікіх працаўнікоў Кобрыншчыны, адзначаных у свой час высокай узнагародай вялікай краіны — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Алена Раманюк не здзейсніла гераічнага ўчынку, не зрабіла адкрыццяў. Яна толькі старанна і сумленна працавала на даручаным участку калгаснай вытворчасці — у жывёлагадоўлі.

Справа была не новай: яшчэ ў дзяцінстве дапамагала маці даіць калгасных кароў. Пасля, ужо ў дарослым узросце, нейкі час працавала на ферме ў вёсцы Сялец, куды выйшла замуж. На ферму ў Залессі, дзе маладая сям’я вырашыла будаваць свой дом, Алена Фамінічна прыйшла ў 1973 годзе на часовую працу. А засталася надоўга. Ды і хто мог адпусціць работніцу, якая з кожным месяцам павышала надоі, за што ўжо праз чатыры гады была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Можа, сёння наступныя словы для некаторых прагучаць дзіўна, але тады гэта быў вялікі стымул для далейшага росту паказчыкаў, аб чым сведчаць вынікі работы Алены Раманюк у 1978 годзе — па 4800 кілаграмаў малака ад кожнай каровы яе групы.

Алена Фамінічна не скрывае, што не менш важным быў і матэрыяльны бок: яны з мужам будавалі свой дом, гадавалі траіх дзяцей, і 300, а то і больш рублёў у месяц, надбаўкі за якасць і майстэрства, даплаты па выніках работы гаспадаркі за год былі вельмі дарэчы.

Чалавек аб’ектыўны, яна лічыць, што ў дасягненні высокіх надояў была не толькі яе заслуга, але і тых, хто вырошчваў добрыя кармы, своечасова нарыхтоўваў іх і дастаўляў на фермы. I дадае, што то быў час, калі на працу ішлі з жаданнем, вярталіся з пачуццём задавальнення ад выкананай работы. I радаваліся за поспехі сяброў, знаёмых, сваей гаспадаркі.

Алена Раманюк да дробязей памятае сустрэчу ў Брэсце, дзе ў 1984 годзе ёй разам з іншымі знакамітымі людзьмі Брэстчыны быў уручаны ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Іх віншавалі, жадалі поспехаў у працы і асабістым жыцці кіраўнікі вобласці, перадавікі сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці. Яе сустракалі цёпла і дома — у родным калгасе імя Суворава. Ну як пасля ўсяго гэтага не старацца, не апраўдваць надзей кіраўніцтва гаспа- даркі, дзяржавы?

І яна старалася. У дадатак да вышэй адзначаных узнагарод і звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР», якога была ўдастоена ў 1986 годзе, мы налічылі яшчэ сем значкоў пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, чатыры медалі ВДНГ, значкі ўдарніка камуністычнай працы і дзесятай пяцігодкі…

Алена Раманюк і сёння, хоць і пайшла ў 1996 годзе на пенсію, працягвае працаваць у гаспадарцы: два гады назад яе папрасілі замяніць на перыяд дэкрэтнага водпуску загадчыцу фермы. Яна займаецца гэтай справай старанна, як і раней, але сэрца, у адрозненне ад тых, колішніх гадоў, цяпер баліць: ад таго, што так зменшылася колькасць жывёлы, а гэтым летам яшчэ і паша павыгарала ад летняй спёкі, кармоў назапасілі мала. А яшчэ ад таго, што зусім не так, як раней, адносяцца да працы ў гаспадарцы некаторыя, усё больш аддаюць перавагу лёгкаму жыццю…

Нашага кароткага знаёмства з Аленай Раманюк было дастаткова, каб пераканацца, што яна з той катэгорыі людзей, для якіх праца ў радасць, незалежна ад таго, на калгаснай яна зямлі альбо ферме ці на ўласным падворку, аб чым сведчыць наяўнасць на апошнім дзвюх кароў, свіней, іншай жыўнасці. Тут, праўда, у яе ёсць добрая адгаворка: каб дзецям дапамагчы. Хоць і жывуць усе трое сваімі сем’ямі, нядрэнна, а хатнія, малачко ці свежаніна лішнімі не бываюць. Ды і смак не той… У гэтым — сутнасць беларускага характару і яшчэ адно пацвярджэнне таго, што высокімі ўрадавымі ўзнагародамі ў нас абы каго не адзначалі.

Марыя ХІЛЬЧУК.