Хільчук, М. Вяртаючыся ў мінулае / М. Хільчук // Кобрынскi веснiк. — 2001. — 17 студзеня. — С. 2.

18 студзеня Ф. К. Валасюку споўнілася б 80 гадоў.

Вяртаючыся ў мінулае

Пісаць аб вядомых людзях заўсёды няпроста, бо ў газетны артыкул так цяжка ўціснуць нават галоўныя моманты іх жыцця, асабліва, калі яно насычанае, багатае падзеямі, жыццёвымі калізіямі. За «кадрам», як правіла, застаецца так шмат цікавага, добрага. Яшчэ складаней пісаць пра чалавека, якога ўжо няма з намі, бо нельга пасядзець разам, паўспамінаць, проста паразмаўляць…

З Фёдарам Канстанцінавічам Валасюком была знаёма даўно: амаль што з пачатку работы ў рэдакцыі. Я, тады яшчэ зусім «зялёны» журналіст, едучы першы раз у гаспадарку, не ведала, як нават падыйсці да гэтага высокага, прыгожага чалавека з усмешлівымі вачыма, першага ў раёне Героя Сацыялістычнай Працы. Але хутка пераканалася, што герой — просты і шчыры чалавек, з пачуццём гумару, паважае ўсялякую працу, разумее праблемы маладых і ўмее тактоўна, непрыкметна дапамагаць весці гутарку. А журналістаў з газет рознага ўзроўню ў калгасе «XXI з’езд КПСС» бывала ў тыя гады, ды і пасля, шмат. I для таго былі важкія падставы.

Фёдар Канстанцінавіч узначаліў калгас восенню 1958 года. Пазнаёміўшыся, як след, з гаспадаркай, яе людзьмі, улічыўшы сітуацыю з забеспячэннем рэспублікі прадукцыяй жывёлагадоўлі, магчымасці, якія давала распачатая меліярацыя, вырашыў удзяліць больш увагі жывёлагадоўлі.

I ўжо літаральна праз лічаныя гады ў калгасе пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася ў 2 разы, надоі малака ад каровы ўзраслі ў 3,5 раза і даходзілі да 3000 кілаграмаў. На 100 гектараў сельгасугоддзяў гаспадарка атрымлівала 600 цэнтнераў малака. Дзяржаве прадавалі ў год 742 тоны яго, 135 тон мяса. Даход гаспадаркі павялічыўся ў 3 разы, аплата чалавека-дня — у 6 разоў.

Наяўнасць сродкаў дазваляла гаспадарцы набываць новую тэхніку, весці будаўніцтва жылля, тыпавой сярэдняй школы, аб’ектаў гаспадарчага прызначэння.

За дасягнутыя поспехі ў 1966 годзе гаспадарцы былі ўручаны два пераходныя Чырвоныя сцягі, старшыні — Зорка Героя Сацыялістычнай Працы.

I наступныя гады былі адзначаны ростам вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, паляводства, прыбыткаў гаспадаркі і дабрабыту яе працаўнікоў. У «XXI з’ездзе КПСС» у ліку першых у раёне правялі газ, будаваліся аб’екты сацкультбыту, жыллё, прычым не толькі на цэнтральнай сядзібе, а і ў іншых вёсках калгаса.

Сёння часта можна чуць нараканні на тое, што многія калгасы «пасадзілі» банкаўскія крэдыты. Крэдыты не былі панацэяй ад фінансавых праблем і ў тыя гады. I Валасюк за 27 гадоў старшынства не браў іх ні разу. Нават тады, калі да «XXI з’езда КПСС» далучылі калгас «Савецкая Беларусь» і давялося разлічвацца за яго даўгі.

Можна прывесці яшчэ шмат лічбаў і прыкладаў, якія характарызуюць гаспадарку тых гадоў, на працягу якіх яе ўзначальваў Фёдар Канстанцінавіч Валасюк. Аднак за імі бачны толькі адзін бок кіраўніка — гаспадарскі. А якім чалавекам быў Фёдар Канстанцінавіч у адносінах са сваімі падначаленымі, калгаснікамі?

Іван Якаўлевіч Козіч, які працаваў у калгасе да прыходу Фёдара Канстанцінавіча і пасля яго, па-мужчынску нешматслоўны:

— Ён быў патрабавальны, але справядлівы, цаніў людзей працавітых, дбайных. I вельмі шмат зрабіў для іх.

Я ўжо не гавару пра такія рэчы, як будаўніцтва жылля, іншых патрэбных насельніцтву аб’ектаў. Гэта бачна і цяпер. А вось як цікава мы тады жылі, адпачывалі… Для лепшых працаўнікоў гаспадаркі арганізоўваліся за кошт калгаса экскурсіі па Чарнаморскаму ўзбярэжжу, Прыбалтыцы, у Ленінград, Маскву. Колькі новага мы тады ўбачылі! Як часта мы цяпер успамінаем пра гэта. Добрае не забываецца…

Напэўна, лепш не скажаш. Давайце ж і мы не будзем забываць пра чалавека, які пакінуў добры след на зямлі і ў сэрцах і памяці людзей.

М. ХІЛЬЧУК.