Хільчук, М. Па жыцці з любоўю да людзей / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2002. – 26 студзеня. – С. 2.

За веды і майстэрства І. А. Жыдовіч удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаля імя Пірагова, якім узнагароджваліся хірургі.

Па жыцці з любоўю да людзей

Наша першая сустрэча адбылася пры не зусім звычайных абставінах, але запамяталася мне на ўсё жыццё.

Маё дзіця нарадзілася хутка і лёгка, і праз некалькі гадзін я з хваляваннем чакала першай сустрэчы з ім і слухала размовы суседак па палаце — маладых жанчын, мацярынскі стаж якіх быў на некалькі гадзін і дзён большы. Звярнула ўвагу на тое, як пры паяўленні кагосьці з медработнікаў мае суседкі з трывогай задавалі пытанне: ну, як там справы? Адказ быў адзін: усё па-ранейшаму. Аказваецца, у адной з дародавых палат ужо другі дзень пакутавала жанчына ва ўзросце больш за сорак гадоў, якая рыхтавалася стаць маці першы раз. Вечарам паступіла інфармацыя, што жанчыну павезлі ў радзільную залу. Ішлі хвіліны, якія нам здаваліся гадзінамі, а навін не было ніякіх. I вось адна з жанчын пасля разведкі на калідор паведаміла: паехалі за Іванам Антонавічам.

Не ведаю, як у суседніх палатах, а ў нашай не спаў ніхто. Мы ляжалі, услухоўваючыся ў кожны гук, што даносіўся з-за зачыненых дзвярэй, і калі пачулі, як нечы жаночы голас на калідоры вымавіў: «Ну, вось і ўсё, дзякуй Богу», нягледзячы на забарону, дружна выстраіліся ў дзвярах палаты, з нецярпеннем паглядаючы ў бок радзільнай залы. Праз некалькі хвілін адтуль выйшаў высокі прыгожы мужчына ў белым халаце і шапачцы, з-пад якой на твар збягалі ручайкі поту. На калідоры ён зняў шапачку, выцер ёю мокры твар і, заўважыўшы нас, задаволена сказаў:

— Усё нармальна. Цудоўны хлопчык…

З успамінаў аб гэтым эпізодзе і пачалася наша размова з вядомым і паважаным на Кобрыншчыне чалавекам — Іванам Антонавічам Жыдовічам, якому 28 студзеня спаўняецца 70 гадоў. Большую частку з іх ён аддаў справе аховы жыцця і здароўя дзяцей і жанчын нашага горада і раёна.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў г. Талочыне, што ў Віцебскай вобласці, ён, па парадзе маці, паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. (Напэўна, бачыла яна ў характары сына штосьці такое, што дало падставу для гэтай парады і пацвердзілася жыццём.) Конкурс быў на той час немалы — 4 чалавекі на месца, сярод якіх было шмат франтавікоў. Іван Жыдовіч паступіў з першага заходу і нават атрымаў месца ў інтэрнаце.

Час быў нялёгкі для ўсіх. I, каб не абцяжарваць родных, пасля заканчэння чацвёртага курса юнак вучыцца і працуе: фельчарам на медпункце ў друкарні, затым на станцыі «хуткай дапамогі»… I вось інтстытут закончаны. Жыдовіча накіроўваюць у Брэсцкую вобласць. Тры месяцы працы зноў жа у «хуткай дапамозе» у абласным цэнтры, затым — накіраванне ў Тэўлі загадчыкам участковай бальніцы, дзе лячылі дзяцей і дарослых, прымалі роды і нават, як расказаў пры сустрэчы Іван Антонавіч, вырывалі зубы. (Тут варта адзначыць, што ў тыя гады ў інстытутах, у адрозненне ад сённяшняга часу, рыхтавалі ўрачоў шырокага профілю.)

Працуючы ў Тэўлях, малады ўрач прайшоў спецыялізацыю па акушэрству на базе Брэсцкага радзільнага дома і неўзабаве ўзначаліў радзільна-гінекалагічнае аддзяленне Кобрынскай бальніцы, дзе і адпрацаваў 12 гадоў. Пасля быў намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай частцы, затым амаль 20 гадоў — галоўным урачом Кобрынскай раённай бальніцы. Як і на папярэдніх участках, на гэтай пасадзе ён з поўнай аддачай сіл і ведаў спалучаў абавязкі адміністратара і ўрача.

Вось толькі некаторыя вынікі яго адміністрацыйнай дзейнасці. За час яе былі пабудаваны радзільны дом, дзіцячая паліклініка і малочная кухня ў горадзе, Дзівінская і Тэвельская ўчастковыя бальніцы, створана бальніца ў Гарадцы, у раёне пабудаваны 7 амбулаторый, 5 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Расказваючы аб гэтым, Іван Антонавіч з цеплынёй успамінаў людзей, з дапамогай якіх усё гэта было здзейснена. Ва ўзвядзенні бальніцы ў Дзівіне велізарная падтрымка была з боку старшыні райвыканкома С. Д. Ашмянцава. У калектыве ў галоўнага ўрача былі надзейныя памочнікі, аднадумцы, такія, як намеснікі А. М. Мяленька, I. I. Федарук, Л. А. Панасік. Ф. I. Улізла, В. У. Валасевіч. Падтрымліваў пачынанні медыкаў былы галоўны санітарны ўрач С. Л. Малашчук.

Шмат такіх жа надзейных, самаахвярных людзей акружалі яго і ў бальнічных палатах, аб чым сведчыць расказаны Іванам Антонавічам выпадак, пра які ведалі, мабыць, толькі медработнікі. Для таго, каб выратаваць жыццё маладой жанчыны, страціўшай шмат крыві, якой не было ў запасах бальніцы, Л. I. Леанюк, з якім Жыдовіч праводзіў аперацыю, аддаў сваю кроў…

Высокія маральныя і прафесіянальныя якасці каманды медработнікаў, якую ўзначальваў I. А. Жыдовіч, дапамагалі дабівацца высокіх паказчыкаў у справе аховы здароўя насельніцтва, за што наш раён тройчы выходзіў пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве, заваёўваў пераходны Чырвоны сцяг Міністэрства аховы здароўя і рэспубліканскага камітэта прафсаюза.

Акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі Іван Антонавіч Жыдовіч з веданнем справы і любоўю да людзей вёў палаты, па першаму поклічу выязджаў на дапамогу сваім калегам і пацыентам. За 42 гады ў радзільным адцзяленні бальніцы было прынята 45 тысяч родаў. У сярэднім 150 іх з кожнай тысячы праходзілі з ускпадненнямі, патрабавалася дапамога спецыяліста высокага ўзроўню, якім і быў Іван Антонавіч. У сям’і Жыдовічаў прывыклі да таго, што на дапамогу ў бапьніцу маглі выкпікаць па некалькі разоў за ноч. Надзея Аляксееўна, таксама медработнік, кожны раз цярпліва і спешна збірала мужа на чарговую барацьбу за дарослае ці маленькае жыццё, у думках жадаючы ўдачы.

Веды і майстэрства Івана Антонавіча Жыдовіча былі высока ацэнены ўрадам, прафесіяналамі: ён быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаля імя Пірагова, якім узнагароджваліся хірургі.

А ён хацеў ведаць яшчэ больш, працаваць яшчэ лепш. З навацыямі ў акушэрстве і гінекалогіі знаёміўся на працягу 4-х месяцаў у Маскоўскім інстытуце імя Герцэна, шмат разоў бываў на курсах у Мінску, Харкаве, быў удзельнікам 7-га Міжнароднага кангрэса акушэраў-гінеколагаў.

Багаты вопыт, дасканалыя веды ён аддаваў дзеля здароўя людзей і пасля пакідання пасады галоўнага ўрача, калі на працягу 5- ці гадоў працаваў урачом экстранай дапамогі ў радзільным доме.

Цяпер Іван Антонавіч Жыдовіч на пенсіі, бавіць час у маленькай «хрушчоўцы», успамінае мінулае, вучобу, работу, сваіх сяброў і аднадумцаў. I не шкадуе, што калісьці выбраў сабе справу, якая не прынесла багацця ў выглядзе прасторнага дома, моднай машыны. Ён пражыў сваё жыццё .ў свеце іншых каштоўнасцей, дзе галоўным была работа ў імя жыцця, здароўя і шчасця людзей, а платай за гэта — удзячнасць і павага тых, каму ў свой час дапамог сваім майстэрствам і чалавекалюбствам.

М. ХІЛЬЧУК