Чэрнік Ігар Паўлавіч

Біяграфічны нарыс

Ігар Паўлавіч Чэрнік нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Гарадзец Кобрынскага павета (цяпер аграгарадок Гарадзец Кобрынскага раёна) у простай вясковай сям’і, дзе цанілася праца i музыка. Пазней у сваіх творах самабытны паэт і музыка часта будзе згадваць бацькоўскі дом, сваю вёсачку, дзе нарадзіўся і рос, дзе прайшлі незабыўныя гады апаленага вайной дзяцінства і пасляваеннай суровай юнацкасці.

Бацькі – сельскі фельчар Павел Фёдаравіч і настаўніца Ніна Макараўна – з дзіцячых гадоў прывілі хлопчыку любоў да музыкі. Сям’я Чэрнікаў лічылася самай музычнай у вёсцы. Маці добра іграла на мандаліне, бацька – на гітары, а сын – на акардэоне, і па вечарах у доме часта гучала музыка. Схільнасць да розных відаў мастацтва ў душу маленькага Ігара заклала яго маці – веруючы чалавек, якая пры Савецкай уладзе ўжо не працавала, а зберагала дом, выхоўвала дзяцей, спявала ў царкоўным хоры. У хаце, дзе былі гітара, мандаліна, фартэпіяна, цяжка было не асвоіць першыя навыкі музычнай адукацыі. Потым Ігар Чэрнік яе пашырыў, удасканаліў, а з часам і сам пачаў выкладаць.

У 1968 годзе Ігар Чэрнік закончыў Гродзенскае педагагічнае вучылішча, у 1983 годзе – Мінскі інстытут культуры. Працаваў мастацкім кіраўніком Антопальскага дзіцячага дома, кіраўніком фотагуртка і вакальнай групы Кобрынскага Дома піянераў, настаўнікам музыкі і спеваў СШ № 1 г. Кобрына, дырэктарам Кобрынскага раённага Дома культуры, дырэктарам Брэсцкага абласнога Дома народнай творчасці, мастацкім кіраўніком народнага хору настаўнікаў Камянецкага РДК, дырэктарам Чарнянскай дзіцячай музычнай школы, мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні «Галасы Палесся» (Брэст), хормайстарам народнага хору «Колас» Гарадзецкага сельскага клуба.

За сваё жыццё І. П. Чэрнік стварыў пяць самастойных народных хораў: хор Кобрынскага РДК, народны хор настаўнікаў Камянецкага РДК, народны хор «Чарнічанка» саўгаса «Маладая гвардыя» Брэсцкага раёна, народны хор «Колас» Гарадзецкага калгаса-камбіната імя Дзяржынскага Кобрынскага раёна, народны ансамбль песні «Галасы Палесся» ў г. Брэсце. Усе без выключэння хоры, створаныя Ігарам Паўлавічам за час яго шматгадовай творчай дзейнасці, дабіваліся выдатных мастацкіх вынікаў, высокага вакальна-тэхнічнага майстэрства, яркай выразнасці, і ўсе яны атрымлівалі званне народнага калектыву.

Ігар Паўлавіч – аўтар шматлікіх твораў, напісаных для хору. Многім вядомыя «Песня аб Кобрыне», напісаная на словы і музыку Ігара Чэрніка, такія яго песні, як «Каханай жанчыне», «Крынічанка», «Край беларускі», «Развітальная», «Песня аб маме» і шмат іншых. У 2008 годзе выйшаў зборнік яго песень пад красамоўнай назвай «Песні сэрца». Паэтычнаму стылю Ігара Чэрніка ўласціва глыбокая шчырасць, павага да роднага краю, пашана да чалавека беларускай зямлі.

І. П. Чэрнік неаднаразовы пераможца шматлікіх конкурсаў, дыпламант розных фестываляў і удзельнік дзяржаўных канцэртаў. Па ўласнай ініцыятыве на грамадскіх пачатках ён вёў школу вакальна-харавога мастацтва Кобрынскага раёна, быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам абласных i раённых святаў, аказваў метадычную дапамогу шматлікім народным хорам Кобрынскага раёна, з’яўляўся кіраўніком на грамадскіх пачатках ансамбля «Гарадчанка» ААТ «Гарадзец-Агра», створаным ім па асабістай ініцыятыве ўжо пасля выхаду на пенсію.

Нашага таленавітага земляка ведалі як у рэспубліцы, так i на прасторах былога СССР, i ганаровыя ўзнагароды — таму пацвярджэнне. Дзяржава, грамадскасць высока ацанілі талент і заслугі Ігара Паўлавіча. У снежні 1966 года ён быў узнагароджаны медалём « За трудовое отличие», у 1973-м — знакам Міністэрства культуры СССР « Отличник культурного шефства над селом». Высокае званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР» (1975) Ігару Чэрніку прысвоена за ўзорную працу ў Кобрынскім Доме культуры, які пры яго дырэктарстве ў 1970-я гады быў прызнаны лепшым у рэспубліцы. Узнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі. Лаўрэат трох Усесаюзных фестываляў народнай творчасці.

У 1971 годзе — дэлегат з’езда дырэктараў Дамоў культуры СССР, на якім Беларусь прадстаўлялі толькі пяць чалавек. Радкі яго біяграфіі і асноўныя вехі творчасці адлюстраваны ў вядомым на абшарах СНД энцыклапедычным выданні «Кто есть кто в Республике Беларусь» (2005).

Больш за 60 гадоў Ігар Паўлавіч і яго верная спадарожніца жыцця, яго муза, жонка Валянціна Дзмітрыеўна пражываюць у шлюбе, які можна назваць узорным, бо іх сумеснае жыццё напоўнена каханнем і гармоніяй, узаемаразуменнем і падтрымкай.

Ігар Паўлавіч Чэрнік — унікальны чалавек, шматгранная і творчая асоба, дырыжор, кампазітар, былы кіраўнік народных хораў, таленавіты паэт. І хоць ён даўно ўжо на пенсіі, але працягвае займацца любімай справай. Усё свядомае жыццё гэтага выдатнага чалавека — гэта беззапаветнае служэнне людзям з дапамогай музыкі і песні.