Шутро Ганна Мікалаеўна

Біяграфічны нарыс

Ганна Мікалаеўна Шутро нарадзілася 7 студзеня 1942 года ў вёсцы Зарой Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.Сваю працоўную дзейнасць пачала маладой дзяўчынай у 1959 годзе на Навагрудскім агародніна-сушыльным заводзе рабочай сокавага цэха. За кароткі тэрмін работы авалодала шэрагам спецыяльнасцей. Працавала на гэтым прадпрыемстве зваршчыкам кансервавага цэха, хімікам, майстрам, інжынерам-тэхнолагам і зарэкамендавала сябе здольным, вопытным, граматным спецыялістам.

У 1971 годзе Ганна Шутро закончыла Маскоўскі ўсесаюзны завочны інстытут харчовай прамысловасці і была накіравана галоўным інжынерам на Ліёзненскі кансервавы камбінат (Віцебская вобласць), дзе працавала з 1972 года по 1978 год. За яе бытнасць на камбінаце быў пабудаваны і ўзведзены ў дзеянне цэх па перапрацоўцы бульбяной крупкі.

Біяграфія Ганны Шутро на Кобрыншчыне пачалася ў 1978 годзе, калі яе, галоўнага інжынера Ліёзненскага кансервава-агароднінасушыльнага камбіната, перавялі на пасаду дырэктара Кобрынскага кансервавага завода. На той час Ганна Мікалаеўна мела добрую практыку ў кансервавай галіне, дасканала ведала вытворчасць і метады кіравання. Ужо праз год яе кіраўніцтва Кобрынскі кансервавы завод быў занесены на гарадскую Дошку Гонару. Прадукцыю прадпрыемства ведалі не толькі ў рэспубліцы, але i ва ўсім Савецкім Саюзе. Завод стаў пастаянным уладальнікам пераходнага Чырвонага Сцяга, а пасля распаду Саюза — яго захавальнікам.

Ганна Шутро прысвяціла кобрынскаму заводу 22 гады. Пад яе кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле праведзена тэхнічнае асваенне новых тэхналогій, паляпшэнне ўмоў працы, ажыццяўлялася будаўніцтва склада незгаральных матэрыялаў, зроблена рэканструкцыя цэха зялёнага гарошку, пабудаваны склад шклотары, склад гатовай прадукцыі, механічная майстэрня, сталярная майстэрня. Узровень механізацыі работ павялічыўся да 70 %. Прадрыемства выпускала больш як 50 найменняў прадукцыі. Па ініцыятыве дырэктара былі распрацаваны новыя віды прадукцыі, якія атрымалі высокую адзнаку на ВДНГ, уведзена ў дзейнасць лінія па ўпакоўцы кансерваў у тэрмаўсадачную плёнку, трохлітровыя слоікі заменены еўрабутэлькамі. З 1982 па 1991 год калектыў завода неаднаразова заносіўся на гарадскую Дошку Гонару.

З 1991 года па 1992 год Г. М. Шутро – упаўнаважаная Брэсцкага абласнога філіяла Беларускага рэспубліканскага аддзялення Пенсійнага фонду СССР па Кобрынскім раёне. З 1992 года па 1995 год– дырэктар МП «Аніта» г. Кобрын. З 1995 года па 2000 год працавала на пасадзе дырэктара ААТ «Кобрынскі кансервавы завод». У 2006–2009 гадах – намеснік дырэктара па вытворчасці, выканаўчы дырэктар ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Ганна Мікалаеўна неаднаразова з’яўлялася дэпутатам Кобрынскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, выконвала вялікую грамадскую і палітычную работу. Выбіралася сакратаром камсамольскай арганізацыі на Навагрудскім агароднінасушыльным заводзе, сакратаром партыйнага бюро на Ліёзненскім кансервава-гароднінасушыльным заводзе, з’яўлялася членам Кобрынскага гаркама КПБ, членам партыйнага бюро завода, намеснікам старшыні Савета дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў горада, членам прэзідыума абкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу, выбіралася дэлегатам XIX з’езда прафсаюзаў СССР. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Ганна Мікалаеўна з’яўлялася членам прэзідыума Кобрынскага раённага савета ветэранаў і старшынёй савета ветэранаў ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Адданасць і шчырасць у працы Г. М. Шутро адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх сярэбраны медаль ВДНГ СССР і ордэн Дружбы народаў (1986). У 1999 годзе Ганне Мікалаеўне было прысвоена званне «Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь». У энцыклапедычнае выданне «Кто есть Кто в Республике Беларусь», прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі, унесена яе імя. Такое прызнанне Г. М. Шутро атрымала за значныя дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Ганна Мікалаеўна Шутро памерла 24 верасня 2020 года.