Хільчук, М. За ўсё перажытае – не сорамна / Марыя Хільчук ; фота Анатолія Шугая і з сямейнага альбома // Кобрынскі веснік. – 2003. – 20 верасня (№112-113). – С. 3 : фат.

Пра сям’ю жыхароў вёскі Брылёва Мікалая і Надзеі Місюк.

За ўсё перажытае – не сорамна

У кожнага чалавека бываюць моманты вяртання ў мінулае – успаміны, якія выклікаюць такія розныя пачуцці: ціхі сум, прыемную ўсмешку ці чырвань сораму…

Што ўспамінаюць часцей за ўсё жыхары вёскі Брылёва Мікалай і Надзея Місюкі? Як і ўсе людзі, далёкае, хоць і не надта бесклапотнае дзяцінства, родных людзей, падзеі, звязаныя з імі. I юнацтва, абпаленае вайной. Надзея Іосіфаўна — абставіны адыходу ў партызанскі атрад імя Суворава, дзе з восені 1943 года да вызвалення разам з іншымі жанчынамі даглядала хворых і параненых, гатавала сціплую ежу, мыла бялізну. Успамінае дарогу са Сварыні ў Гомель, у час якой падхапіла тыф, выбіралася з яго, магла застацца працаваць у Навабеліцы ці атрымаць накірунак на вучобу. Яна гэтага не зрабіла, бо дома, у вёсцы ля Кобрына, засталіся зусім слабыя бацькі.

Успаміны Мікалая Карпавіча адносна таго перыяду хутчэй за ўсё звязаны з баямі пад Кёнігсбергам, дзе малады баец атрымаў сур’ёзнае раненне нагі, пасля шмат разоў чуў размовы ўрачоў аб магчымай ампутацыі… Дзякуй Богу, са шпіталя ў далёкім сібірскім горадзе вярнуўся хоць і з групай інваліднасці, але на абедзвюх нагах.

З добрай усмешкай успамінаюць Місюкі той вечар, калі прызналіся ва ўзаемным каханні і вырашылі стварыць сям’ю, а таксама пілотку, у якой жаніх з нявестай прыйшоў да святара, каб выканаць неабходны перад вянчаннем абрад.

А гледзячы на новыя дамы, што будуюцца ў Брылёве, калісьці названым неперспектыўнай вёскай, успамінаюць, як узводзілі свой, лес для якога Мікалай Місюк нарыхтоўваў у той жа Сварыні, потым сплаўляў па канале…

Светлую ўсмешку выклікае ўспамін аб нараджэнні дзвюх дачок, сум — аб трывозе, якую перажылі ўсе, калі галаве сям’і давялося перанесці другую складаную аперацыю.

Яна шмат змяніла ў іх жыцці. Мікалай ужо не мог спраўляцца з абавязкамі брыгадзіра, і кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала ўзяцца за гэту справу Надзеі, якая працавала сакратаром сельскага Савета. Хоць і праліла шмат слёз, баялася, што не справіцца, урэшце пагадзілася. I літаральна праз два гады, у 1957-м, зрабіла немагчымае: брыгада атрымала рэкордны па тым часе ўраджай збожжа — 16 цэнтнераў з гектара, за што і была ўдастоена медаля «За працоўную доблесць».

Надзея Іосіфаўна ўспамінае, якдружна, старанна працавалі ўсе людзі яе брыгады. Не толькі збожжавых, але і бульбы і цукровых буракоў па 30 гектараў садзілі. Апрацоўвалі і ўбіралі ўсё ўручную. Але зямля аддзячвала за клопат. Бывала, што цукровых буракоў болей як па тысячы тон здавалі дзяржаве.

Надзея Місюк паспявала ўсюды: у брыгадзе, дома, ды яшчэ і з грамадскімі абавязкамі, якіх таксама было дастаткова, бездакорна спраўлялася. Яе старанне, вынікі яго не праходзілі незаўважанымі. Напэўна, яна і цяпер да дробязей помніць дзень уручэння ёй ордэна Леніна, паездкі на сесію Вярхоўнага Савета СССР, дэпутатам якога была абрана.

Ведаючы настойлівы характар свайго брыгадзіра, вяскоўцы, хутчэй за ўсё, не здзівіліся, убачыўшы аднойчы, як увішна ўпраўляецца яна з матацыклам, а праз нейкі час і з машынай, калі можна так назваць сумна вядомы «Запарожац». Успамін аб гэтай тэхніцы — балючы для мужа і жонкі. Яны купілі яго выпадкова, без усялякай ільготы, праездзілі сем гадоў і сабралі грошай на штосьці лепшае, хоць бы той жа «Запарожац» навейшага выпуску. На чалавека, які не пажадаў станоўча вырашыць просьбу інваліда вайны і носьбіта вялікай дзяржаўнай узнагароды і адзнакі павагі, крыўда ў абаіх не згасла і цяпер. Але гэта крыўда была адзіная, якую я пачула ў час гутаркі.

Усё астатняе — нармальна. У 1980 Надзея Іосіфаўна сама папрасіла вызваліць яе ад брыгадзірскіх клопатаў, маўляў, дасягнула пенсіённага ўзросту — адпачыць трэба. Але ж не такія людзі Місюкі, каб сядзець, склаўшы рукі: яшчэ 15 гадоў зборшчыкамі малака працавалі. Ды і цяпер, хоць і бяруць кіёк у памочнікі, але трымаюць свіней, курэй, да нядаўняга часу была карова. А яшчэ ёсць конік, які замяняе ўсю тэхніку. I да іх па-ранейшаму, як некалі да брыгадзіра, ідуць людзі: за парадай і дапамогай, з бядой і радасцю.

Са шчаслівай усмешкай Надзея Іосіфаўна і Мікалай Карпавіч успамінаюць пра сваіх дачок, унукаў і праўнукаў. У жыцці ўладкаваліся нядрэнна. Уважлівыя, клапатлівыя. Гэта ж яны зрабілі ўсё, каб наладзіць бацькам «залатое» вяселле, а затым і 55-годцзе сумеснага жыцця. Надзея Іосіфаўна пераканана, што і на 80-гадовыя юбілеі бацькоў, якія прыпадаюць на наступны год, дзеці таксама што-небудзь прыдумаюць. I зяці на цесця і цешчу не маюць крыўды. Амаль усе вяскоўцы не прамінулі адзначыць, што старэйшы ажно з Віцебска прыехаў дапамагчы ім бульбу капаць. Аб сям’і малодшай, якая жыве ў Брылёве, і гаварыць не прыходзіцца…

Амаль 60 гадоў разам. У справах і адпачынку, у вялікім і малым, днём і ноччу. А ў кожнага свой характар, погляды на жыццё, рэчы, падзеі… Якія наконт усяго гэтага ўспаміны? Аказваецца, па ўсім жыцці — добрыя. Муж на жонку ні разу рукі не падняў, брыдкім словам не абазваў. Ну, а языкамі «памалоць» — гэта бывала.

Аб чым з мінулага шкадуюць яны? Канешне ж, аб маладосці. Такой нялёгкай. I такой цудоўнай…

Ад будучыні чакаюць толькі крышачку здароўя сабе і паболей дзецям, унукам.

Марыя ХІЛЬЧУК.

Фота Анатолія ШУГАЯ і з сямейнага альбома.