Раманюк Алена Фамінічна // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 26 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
РАМАНЮК АЛЕНА ФАМІНІЧНА
заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР
Алена Фамінічна Раманюк нарадзілася 26 лютага 1946 года ў вёсцы Мацы Кобрынскага раёна. Скончыла Залескую сярэднюю школу.
Яшчэ ў дзяцінстве дапамагала маці даіць калгасных кароў. Пасля, ужо ў дарослым узросце, нейкі час працавала на ферме ў вёсцы Сялец, куды выйшла замуж.
На ферму ў Залессе, дзе маладая сям’я вырашыла будаваць свой дом, Алена Фамінічна прыйшла ў 1973 годзе на часовую працу. А засталася надоўга. Працавала загадчыцай фермы, лабаранткай, даяркай, з 2001 года зноў загадчыца фермы калгаса імя Суворава.
Майстар жывёлагадоўлі I класа. Надойвала па 4400-4600 кг малака ад кожнай каровы.
У 1977 годзе А. Ф. Раманюк узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1984 годзе – ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Мае чатыры медалі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), значкі ўдарніка камуністычнай працы і X пяцігодкі. Неаднаразовы пераможца сацыялістычнага спаборніцтва.
У 1986 годзе А. Ф. Раманюк удастоена ганаровага звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР».
Памерла Алена Фамінічна Раманюк 29 чэрвеня 2023 года.