ЗАРЭЦКІ АНАНІЙ МАКСІМАВІЧ

ЗАРЭЦКІ АНАНІЙ МАКСІМАВІЧ (1895-1980)

біяграфічны нарыс

Ананій Максімавіч Зарэцкі нарадзіўся ў 1895 годзе ў в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Астроміцкага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Рана застаўся сіратой і яго ўсынавілі чужыя людзі. У 1915 годзе ў ліку тысяч іншых бежанцаў з Заходняй Беларусі Ананій разам з жонкай апынуўся ў Самарскай губерні. Адтуль яго мабілізавалі ў Расійскую імператарскую армію. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ананій Зарэцкі стаў у шэрагі яе байцоў. Быў у чырвонагвардзейскім атрадзе па разаружэнні казачых часцей, якія вярталіся з фронту на Дон і Кубань. Давялося змагацца з мяцежным чэхаславацкім корпусам. У гады грамадзянскай вайны са зброяй у руках абараняў маладую Савецкую рэспубліку спачатку чырвонаармейцам, а затым камандзірам кулямётнага ўзвода 25-й стралковай дывізіі імя В. І. Чапаева. З 15 студзеня 1918 года да 9 мая 1920 года служыў у палкавой кулямётнай камандзе на пасадзе інструктара па зброі ў 219-м Дамашанскім стралковым палку. Часта бачыў легендарнага камдыва В. І. Чапаева, які, як успамінаў былы чапаевец Зарэцкі, быў мозгам і сэрцам кожнай аперацыі, вучыў байцоў стратэгіі, тактыцы бою і сам заўсёды быў наперадзе. А. М. Зарэцкі прайшоў баявы шлях грамадзянскай вайны, прымаў актыўны ўдзел у баях супраць белагвардзейцаў, казацтва на Уральскім фронце, а таксама ў разгроме войска Калчака на Уфімскім фронце. Быў адважным кулямётчыкам. У снежні 1918 года ў час баёў на Уральскім фронце стаў членам партыі бальшавікоў. У адным з баёў быў паранены, а пасля шпіталя атрымаў накіраванне на Паўднёвы фронт у 32-і кавалерыйскі полк Чырвоных камунараў. Полк удзельнічаў у баях за вызваленне Крыма, у жорсткіх сутычках пад Кахоўкай, баях супраць Урангеля і Махно. У 1921 годзе пасля дэмабілізацыі Ананій Зарэцкі вярнуўся ў родную Беларусь, якая хутка апынулася ў польскай акупацыі. Чалавекам ён быў пісьменным, яго паважалі мясцовыя жыхары. Але разам з тым ён не хаваў сваёй непрыязнасці да польскай улады, таму быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў канцлагер у Познані. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР А. М. Зарэцкага прызначылі старшынёй выканкама Ілаўскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных Антопальскага раёна. Шмат сіл і энергіі аддаў Ананій Максімавіч аднаўленню Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. У Іласку ў 1940 годзе было 353 жыхары, на тэрыторыі сельсавета 8 населеных пунктаў, 118 хутароў, 2112 жыхароў. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны старшыня Зарэцкі, каб даведацца пра сітуацыю і атрымаць распараджэнні, пакінуў жонку Яўгенію і чацвярых дзяцей і на ровары адправіўся ў тагачасны райцэнтр Антопаль. Ён нават не здагадваўся, што гэтая паездка разлучыць яго з сям’ёй на доўгія шэсць гадоў. З кіраўніцтвам Антопальскага раёна Ананій Максімавіч быў эвакуіраваны і прызваны ў Чырвоную армію, быў дабраахвотнікам у запасным палку. Ваяваў на Дняпроўскай мяжы пад Магілёвам, затым быў дэмабілізаваны і працаваў на абарону ў тыле на Урале. Вярнуўся на радзіму толькі ў 1947 годзе. Ананій Максімавіч з 1947 года па 1954 год — старшыня Іласкага сельсавета (сельсавет скасаваны 16 ліпеня 1954 года), потым старшыня калгаса імя Кутузава Антопальскага раёна (з 1959 года Кобрынскага раёна). На пенсіі Ананій Максімавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, часта бываў у школах, выступаў перад перад дзецьмі, якія з захапленнем звалі яго «чапаевец». Радзіма высока ацаніла ратны і працоўны подзвіг А. М. Зарэцкага. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі «За працоўную адзнаку», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. I. Леніна», Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. 29 снежня 1980 года на 86-м годзе жыцця Ананій Максімавіч Зарэцкі памёр. У Кобрыне жывуць сваякі нашага героя, якія берагуць памяць аб ім і перадаюць яе нашчадкам.