1993 Пётр Міхайлавіч Дамброўскі : [некралог]

Пётр Міхайлавіч Дамброўскі : [некралог] // Кобрынскі веснік. – 1993. – 2 чэрвеня.

 

Пётр Міхайлавіч Дамброўскі

29 мая 1993 года пасля працяглай цяжкай хваробы на 71 годзе жыцця памёр ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік культуры Беларусі Пётр Міхайлавіч Дамброўскі. Звыш 22 гадоў — з 1958 па 1980 гг. ён з’яўляўся рэдактарам Кобрынскай раённай газеты «Камуністычная праца», неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў, быў членам яго выканкома, членам бюро гаркома КПБ.

П. М. Дамброўскі нарадзіўся 21 верасня 1922 года ў в. Каралін Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы, у сялянскай працы. У тыя ж гады закончыў сямікласную польскую школу. З 1940 па 1941 гг. працуе сакратаром Каралінскага сельскага Савета, затым адказным сакратаром народнага суда г. Драгічына. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіруецца ў Чэлябінскую вобласць, дзе працуе ўчотчыкам трактарнай брыгады калгаса імя Кірава Новасяргееўскага раёна. У 1942 годзе П. М. Дамброўскі заканчвае ў г. Маскве спецшколу і накіроўваецца ў акупіраваную нямецка-фашысцкімі захопнікамі Магілёўскую вобласць Беларусі памочнікам камісара палка па камсамолу партызанскага атрада № 810 адзінаццатай брыгады.

З 1944 па 1945 гг. П. М. Дамброўскі працуе другім сакратаром Драгічынскага райкома камсамола, а затым да сакавіка 1947 г. — адказным сакратаром Драгічынскай райгазеты «Чырвоная зорка». У 1947 г. ён назначаецца рэдактарам Целяханскай райгазеты «Перамога» і працуе на гэтай пасадзе да 1954 года. З 1954 па 1958 гг. П. М. Дамброўскі з’яўляўся слухачом рэспубліканскай Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі.

У 1958 г. П. М. Дамброўскі назначаецца рэдактарам Кобрынскай раённай газеты «Камуністычная праца» і займае гэту пасаду да 1980 года, калі выйшаў на пенсію па стану здароўя.

Усё сваё свядомае жыццё П. М. Дамброўскі прысвяціў служэнню справе, у якую свята верыў. Ён быў актыўным у грамадскім жыцці, чулым і ўважлівым да людзей, прынцыповым і патрабавальным кіраўніком. Радзіма высока ацаніла яго ратную і мірную працу. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Вялікай Айчыннай вайцы», шматлікімі юбілейнымі і працоўнымі медалямі, адзначаны прысваеннем звання Заслужанага работніка культуры Беларускай ССР, дзвюма граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Светлая памяць аб Пятру Міхайлавічу Дамброўскім назаўсёды захаваецца ў сэрцах тых, хто яго ведаў і працаваў з ім.

 

Выканком раённага Савета народных дэпутатаў.

Выканком гарадскога Савета народных дэпутатаў.

Рэдакцыя газеты «Кобрынскі веснік».